Вы тут

Дэлегат сходу: Горадаўтваральныя прадпрыемствы ў райцэнтрах трэба падтрымліваць і развіваць


Юрый ВІТРУК узначальвае адно з найстарэйшых горадаўтваральных прадпрыемстваў раёна — ААТ «Маларыцкі кансерваваагароднінасушыльны камбінат». Першая прадукцыя сышла з канвеера названага прадпрыемства ў далёкім 1955 годзе. Сёння тут выпускаюць больш за 180 найменняў прадукцыі, з якіх каля 150 — сокі, нектары, пюрэ для дзяцей пад маркай «Таптунок».


На прадпрыемстве наладжаны поўны цыкл вытворчасці: ад перапрацоўкі сыравіны да выпуску гатовай прадукцыі. Штогод на камбінаце нарыхтоўваюць і захоўваюць да 3000 тон сыравіны ў выглядзе натуральнага пюрэ-паўфабрыкату, што дазваляе выпускаць шырокі асартымент прадукцыі на працягу года.

Маларыцкія дзіцячыя сокі і пюрэ ў 250-грамовых слоічках памятаюць мамы, якія ў 80-90-я гады мінулага стагоддзя гадавалі дзяцей. З той пары вытворцы карыснай прадукцыі правялі некалькі этапаў мадэрнізацыі. Першыя маштабныя інвестыцыі былі ўкладзеныя ў рэканструкцыю ў 2005-м. Тады сушыльны цэх поўнасцю перавялі на новыя рэйкі. Сушаная бульба, якую выпускалі раней, перастала быць актуальнай на рынку, а вялікі цэх поўнасцю перапрафілявалі пад кансервы для дзіцячага харчавання ў так званым еўраслоіку. Паставілі найноўшае для таго часу абсталяванне, укаранілі перадавыя тэхналогіі.

Пяць гадоў таму камбінат асвоіў выпуск дзіцячага харчавання ў гнуткай упакоўцы з камбінаваных матэрыялаў. Асвоіў, дарэчы, першы ў краіне. Тады 23 працэнты сродкаў на мадэрнізацыю выдзеліў канцэрн «Белдзяржхарчпрам», 28 працэнтаў — Брэсцкі аблвыканкам, астатнія 49 працэнтаў склалі крэдыты. Зараз рыхтуюцца дакументы для чарговага этапу мадэрнізацыі з падтрымкай «Белдзяржхарчпрама». Будзе набыта абсталяванне для яшчэ адной лініі па разліве сокаў у гнуткую ўпакоўку.

— Такія ўкладанні сябе апраўдваюць, — лічыць Юрый Вітрук. — Летась прадпрыемства адгрузіла на экспарт прадукцыі на 6,2 мільёна долараў, што складае 113,1 працэнта ад узроўню папярэдняга года. Лічу, што дзяржава павінна і надалей падтрымліваць горадаўтваральныя прадпрыемствы раёнаў, і не толькі тыя, што выпускаюць сацыяльна значную прадукцыю, як у нашым выпадку. Наш камбінат сёння — гэта калектыў у дзве сотні чалавек, якія маюць прыстойную зарплату і такі ж сацпакет. Для невялікай Маларыты апошняе з'яўляецца важным фактарам. Нашы людзі цэняць сваё прадпрыемства, трымаюцца за рабочае месца, стараюцца працаваць добра, бо бачаць перспектыву як для сябе, так і для вытворчасці. Усё ўзаемазвязана.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Маларыцкі раён

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.