Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


«Кожны спартсмен марыць стаць чэмпіёнам». У традыцыйным аглядзе «Звязды» — спартыўныя навіны, вартыя вашай увагі.


Падзея тыдня. З 30 да 31 студзеня Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» прымаў этап Кубка свету па лыжнай акрабатыцы. Беларускія спартсмены сталі найлепшымі ў сінхронных скачках. Павел Дзік і Станіслаў Гладчанка з адзнакай 92,42 бала заваявалі золата турніру. Сярэбраныя медалі дасталіся таксама беларусам — Максіму Гусціку і Андрэю Кузьміну, чыё выступленне суддзі ацанілі на 92 балы. Замкнулі тройку наймацнейшых канадцы Міха Фантэйн і Эміль Надэ — 90,73 бала.

У жанчын пераможцамі ў сінхронных скачках сталі беларускі Ганна Гуськова і Ганна Дзяруга. Яны паказалі вынік у 76,9 бала. Другое месца ў канадска-казахстанскага дуэта Марыон Тэну і Маржан Акжыт, якія набралі 61,94 бала. На трэцім месцы пара з Казахстана — Жанбота Алдабергенава і Акмаржан Калмурзаева, якія маюць 53,07 бала.

«На Кубку свету я зрабіла максімум, усё, што можна было, і я вельмі задаволена сваімі скачкамі і месцам у цэлым. Усё ж такі «сінхрон» больш відовішчны. І мы з ім цудоўна справіліся», — цытуе Ганну Гуськову тэлеканал СТБ.

У індывідуальных выступленнях беларусы спыніліся за крок ад п'едэстала. У суперфінале Ганна Гуськова засталася на чацвёртай пазіцыі, адзнака алімпійскай чэмпіёнкі — 79,17 бала. Адразу за ёй размясцілася другая алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер, яе выступленне суддзі ацанілі на 76,32 бала. У мужчынскай беларускай камандзе найлепшы вынік паказаў Макар Мітрафанаў — з вынікам 114,16 бала ён размясціўся на чацвёртай пазіцыі.

За медалі ў «Раўбічах» змагаліся прадстаўнікі 11 краін. Этап Кубка свету прайшоў з улікам усіх мер бяспекі. На фоне адмены многіх спаборніцтваў, уключаючы чэмпіянат свету па фрыстайле, снаўбордзе і лыжнай акрабатыцы, турнір у Раўбічах стаў сапраўдным святам для спартсменаў.

Перамога тыдня. Хакеісты «Дынама-Мінск» пераможна скончылі дамашнюю серыю. У матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі «зубры» абыгралі падмаскоўны «Віцязь». Вынік сустрэчы — 5:4. Першую шайбу ў вароты саперніка на 15-й хвіліне матча закінуў Роб Клінкхамер, пасля яго мінчан наперад вывеў Франсіс Парэ. Трэці гол аформіў Ілья Усаў, а чацвёрты — Раман Гарбуноў. Вырашальную шайбу ў вароты «Віцязя» за хвіліну да канца сустрэчы закінуў Шэйн Прынс.

Для «Дынама-Мінск» гэта трэцяя перамога над «Віцязем» у гэтым сезоне. Пасля 51 матча ў КХЛ мінчане маюць 59 балаў і займаюць шостае месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі.

Зараз у каманды пачынаецца выязная серыя — 2 лютага яны сустрэнуцца з «Авангардам», 5 лютага — з падмаскоўным «Віцязем», а 7 лютага выйдуць на лёд супраць ХК «Сочы».

Рэкорд тыдня. Ірына Жук устанавіла новы нацыянальны рэкорд у скачках з жэрдкай у памяшканні на Кубку Беларусі, які прымаў Гомель. З другой спробы ёй скарылася вышыня 4 метры 66 сантыметраў. Спартсменка на адзін сантыметр удасканаліла ўласнае дасягненне — 4,65.

Гераіні тыдня. Лёгкаатлеткі Аліна Талай і Хрысціна Ціманоўская паспяхова пачынаюць сезон. Аліна Талай выступіла ў Дзюсельдорфе на этапе World Athletіcs Іndoor Tour — ІSTAF Іndoor Dusseldorf. Вырашальны забег на 60 метраў з перашкодамі спартсменка пераадолела за 8,01 секунды. Найлепшы час у сезоне забяспечыў Аліне другое месца.

Хрысціна Ціманоўская выступала ў Францыі, дзе выйграла бронзу міжнароднага турніру ў памяшканні Meetіng De Mondevіlle-2021. У папярэднім забегу на 60 метраў лідар беларускай зборнай у спрынце паказала свой найлепшы час сезону — 7,40 секунды. А ў фінале абнавіла гэты паказчык, пераадолеўшы дыстанцыю за 7,32 секунды.

Цытата тыдня. «Кожны спартсмен марыць стаць чэмпіёнам. Канешне ж, гэта было маёй даўняй марай. Я доўга да яе ішла, шмат працавала. На кожны матч я выходзіла з пэўнай тактыкай і прытрымлівалася яе да канца. Так было і падчас сустрэчы з Надзеяй Багданавай і з Верай Волкавай», — сказала Кацярына Баравок у інтэрв'ю прэс-службе Беларускай федэрацыі настольнага тэніса пасля перамогі ў асабістым чэмпіянаце Беларусі па настольным тэнісе. Кацярына Баравок ужо шмат гадоў уваходзіць у нацыянальную каманду, але заўжды знаходзілася ў цяні Дар'і Трыгалос, Надзеі Багданавай і іншых калег. У 2021 годзе яна ўпершыню ў кар'еры стала чэмпіёнкай краіны, не прайграўшы ніводнага сэта.

Няўдача тыдня. У Мінску праходзіць 17-ы розыгрыш Кубка развіцця, у якім спаборнічаюць футбольныя зборныя (U-17) з Беларусі, Малдовы, Казахстана і Таджыкістана. У спартыўным матчы беларуская каманда ўступіла сапернікам з Малдовы з вынікам 1:3. У другі дзень спаборніцтваў 3 лютага беларусы сустрэнуцца з казахстанскай зборнай, а 6 лютага — з сапернікамі з Таджыкістана.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Загаловак у газеце: «Кожны спартсмен марыць стаць чэмпіёнам»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.