Вы тут

Выдавецтву «Беларусь» — 100 гадоў!


 

Вось ужо цэлае стагоддзе найстарэйшае выдавецтва нашай краіны знаходзіцца на плыву ў кнігавыдавецкай дзейнасці. Нароўні з найбуйнейшымі выдавецтвамі-гігантамі «Беларусь» спалучае ў сваёй дзейнасці набыткі сучаснага і мінулага, працягвае найлепшыя традыцыі выдавецкай справы. «Беларусь» не прыпыняе хаду: увесь час развіваецца, шукае новыя формы і прадстаўляе краіну на міжнароднай арэне.


Падчас прэс-канферэнцыі. Фота з сайта www.belarusbook.by

Як усё пачыналася?

Пастанова ЦК КПБ пра стварэнне выдавецтва датуецца 18 студзеня 1921 года. Аднак рашэнне пра неабходнасць яго ўзнікнення было прынята ў лютым 1920 г. І, як сведчаць успаміны першых супрацоўнікаў, функцыянаваць установа пачала ў гэтым жа 1920 годзе. Першапачаткова Беларускае дзяржаўнае выдавецтва з’яўлялася аддзяленнем расійскага Дзяржвыдата — цэнтралізаванай структуры, якая адкрывала аддзяленні па ўсёй тэрыторыі Савецкай Расіі і ў саюзных рэспубліках, у  тым ліку і ў Беларусі. Фактычна выдавецтва выпускала расійскую прадукцыю, а ўласна беларускія выданні — па квоце.

Адным з першых самых масавых выданняў на пачатку дзейнасці выдавецтва быў буквар Э. Элькінай  — кніга з вядомым лозунгам «Мы не рабы», па якой вучылася ўся савецкая Расія. Спачатку буквар убачыў свет у Маскве, затым у Гомелі, а ўжо пасля кніга была перадрукавана ў Мінску Дзяржаўным выдавецтвам БССР. Пачынаючы свой шлях у ролі філіяла, установа хутка, ужо ў 1921 годзе, усвядоміла сябе як нешта большае і змяніла статус друкарні на выдавецтва. Гэты пераход быў выключна важны для беларускай культуры і засведчыў фарміраванне дзяржавы і нацыі.

Пачатак кнігадрукавання ў Мінску датуецца 1790 годам: была створана мінская базыльянская друкарня, якая ў 1795 годзе стала Мінскай губернскай друкарняй. Фактычна на яе аснове ўзнікла Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. 19 снежня 1917 года прынята рашэнне аб нацыяналізацыі прыватных друкарань, аднак да 1921 года паўнавартаснае выдавецтва стварыць так і не атрымалася. У гэты час у грамадстве ўзнікла патрэба ў сапраўдным выдавецтве.

«Беларусам было неабходна ўласнае выдавецтва, бо адукацыя ў школах БССР ішла на “мове”, а грамадства даспела да неабходнасці стварэння ўласнай мастацкай літаратуры — усё гэта прастымулявала Народны камісарыят асветы задумацца пра выпуск беларускіх дапаможнікаў. Адным з першых падручнікаў стала «Практычная граматыка беларускай мовы», аднак гэтае выданне пусціць у друк у Мінску не атрымалася, таму што паліграфісты супраціўляліся, матывуючы немагчымасць выдання кніг на “мове” адсутнасцю шрыфтоў і паперы. Фактычна кіраўніцтву выдавецтва давялося пайсці на правакацыю: праз некалькі месяцаў барацьбы Наркамасветы вырашыў выдаць падрыхтаваныя падручнікі за мяжой — першыя савецкія беларускамоўныя выданні ўбачылі свет у Берліне, у тым ліку буквар Сцяпана Некрашэвіча. Гэта паказала ўвесь нонсэнс сітуацыі: калі можна друкаваць у Германіі, чаму нельга ў Беларусі?» — расказвае дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша.

Выдавецтва значна пашыралася, у 1922 годзе аформілася канчаткова і было перайменавана ў «Савецкую Беларусь», а ў 1924 годзе стала «Беларускім дзяржаўным выдавецтвам».

З гісторыі — у сучаснасць

«Рабіце, як вам будзе лепей...» — з такімі словамі ў 1952 годзе Якуб Колас падпісаў дамову з выдавецтвам «Беларусь» на выданне сваіх твораў. З 1948 па 1973 год пасаду дырэктара выдавецтва займаў Захар Пятровіч Матузаў. У той час выдавецтва выпускала 7-тамовы збор твораў Якуба Коласа. Пра гэты эпізод у гісторыі выдавецтва, пра тое, як падпісвалася дамова з народным паэтам, выйшаў цікавы артыкул «Якуб Колас: “Рабіце, як вам будзе лепей...”» у газеце «СБ: Беларусь сегодня» ад 8 чэрвеня 2002 года.

А лепей — пад слоганам «“Беларусь” пра Беларусь». З такім дэвізам выдавецтва працуе і сёння, галоўны фокус у сваёй дзейнасці засяроджваючы на аспектах, якія непасрэдна датычацца нашай краіны. На прэс-канферэнцыі «100-гадовы юбілей выдавецтва “Беларусь”: мінулае, сучаснае і будучае», якая адбылася ў Доме прэсы, дырэктар выдавецтва Сяргей Пешын адзначыў: «Стогадовы юбілей — гэта вельмі многа, каб застацца звычайным карпаратыўным святам. Гэта больш маштабная з’ява. Па сутнасці, векавая дзейнасць выдавецтва — частка гісторыі айчыннай культуры і нават гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Калі пачалося беларускае друкарства, акцэнт рабіўся на паліграфіі: друкаваліся пераважна рэлігійныя, кананічныя тэксты. І тая дзейнасць, якую мы сёння называем выдавецкай, то-бок рэдактура, падрыхтоўка рукапісу, была не вельмі запатрабавана. Асноўная задача заключалася ў тым, каб стварыць фізічны аб’ект — кнігу, якую можна трымаць у руках. Пасля таго, як у нас з’явілася першае выдавецтва “Беларусь”, мы паступова перайшлі ад тэрміна “кнігадрукаванне” да “кнігавыданне”, правялі мяжу паміж паліграфіяй і  выдавецкай справай».

Першапачаткова выдавецтва «Беларусь» было шматфункцыянальным: у ім выходзіла навукова-тэхнічная, вучэбная, агітацыйна-прапагандысцкая, мастацкая літаратура. І калі ўсяго за чатыры гады да ўзнікнення выдавецтва Максім Багдановіч пісаў: «Я не самотны, я кнiгу маю / З друкарнi пана Марцiна Кухты», то ўжо пад канец 20—30-х гадоў ХХ стагоддзя ў Беларусі было створана шырокае літаратурнае поле.

«У 1951 годзе на базе выдавецтва “Беларусь” вылучылася “Народная асвета”, у 1972-м ад нас аддзялілася “Мастацкая літаратура”, якая таксама была структурным падраздзяленнем. Ствараўся цэнтр, які развіваў і пашыраў выдавецкую справу ў Беларусі. Ставіліся ў  тым ліку і задачы, якія застаюцца актуальнымі на цяперашні час. Гаворка пра выяўленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. З самага пачатку была ўстаноўка на дамінаванне кніг на беларускай мове: іх выдавалася больш за 70 %. І сёння мы імкнёмся запаўняць на кніжным рынку тыя тэматычныя нішы, па якіх можна ідэнтыфікаваць нашу краіну», — дадае Сяргей Уладзіміравіч.

Сваю дзейнасць выдавецтва «Беларусь» не прапыняла нават у самы цяжкі час. Так, на прэс-канферэнцыі дырэктар выдавецтва прадэманстраваў унікальную кнігу вершаў Янкі Купалы, якая пабачыла свет у  гады Вялікай Айчыннай вайны. Кнігі, брашуры, плакаты, лістоўкі прызначаліся для салдатаў на фронце, распаўсюджваліся на акупіраваных тэрыторыях і зачытваліся да дзірак. Нягледзячы на ваенныя дзеянні, беларускае выдавецтва помніла пра свой народ і культуру.

Найбольш значныя праекты

Выдавецтва «Беларусь» неаднаразова было адзначана высокімі ўзнагародамі. Адной з самых каштоўных з’ўляецца ордэн Дружбы народаў, атрыманы ў  1980 годзе. На сёння галоўнай тэмай выдавецкай праграмы з’яўляецца Беларусь і тыя аспекты, па якіх наша краіна ідэнтыфікуецца ў свеце. Асноўнымі тэматычнымі кірункамі выданняў з’яўляюцца культура, мастацтва, гісторыя, прырода, этнаграфія, краязнаўства, музыка. На базе выдавецтва выходзяць фотаальбомы, ілюстраваныя навукова-папулярныя, вучэбныя, дзіцячыя, сацыяльна значныя і літаратурна-мастацкія кнігі. Прапаноўвае яно выданні для вольнага часу і метадычную літаратуру. Афармленне кніг адрозніваецца сучасным дызайнам, арыгінальнай вёрсткай, змястоўнымі тэкстамі і якаснымі ілюстрацыямі. Сярод аўтараў — вядомыя навукоўцы, пісьменнікі, дзеячы навукі і культуры, мастакі, музейныя супрацоўнікі, журналісты, фатографы, спецыялісты ў розных галінах ведаў.

За гады існавання выдавецтва «Беларусь» выпусціла ў свет тысячы экзэмпляраў кніг сумарным тыражом у дзясяткі мільёнаў. Самымі значнымі праектамі апошняга часу з’яўляюцца серыі кніг. Так, напрыклад, «Славутыя мастакі з Беларусі» — супольны праект выдавецтва «Беларусь» і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У серыю ўваходзяць кнігі, што расказваюць пра мастакоў з Беларусі, творы якіх пададзены як у пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, так і ў іншых музеях свету. Мэта праекта — папулярызацыя нацыянальнай культуры, мастацтва і гісторыі, азнаямленне шырокага кола чытачоў з творчасцю мастакоў — выхадцаў з Беларусі.

У Год малой радзімы выдадзена серыя «Падарожжа па родным краі», якая расказвае пра розныя куточкі нашай краіны. Кожная кніга з’яўляецца паўнавартасным даведнікам для падарожжаў па Беларусі. Таксама значныя праекты — серыі кніг «Беларуская гісторыя», «Беларускі аўтар», «Школьная бібліятэка» і  інш. Сёння выдавецтва працягвае серыю «Палац мастацтва», прадстаўляючы работы сучасных мастакоў. У хуткім часе выйдзе кніга, прысвечаная аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

«У шэрагу кніг апошняга часу імкнёмся падаваць інфармацыю пра нашу краіну комплексна, паказваць, што мы неад’емная частка сусветнай прасторы, культуры і гісторыі. Так, мы ўжо вывучылі сваю гісторыю, гісторыю Еўропы і Расіі. Засталося параўнаць усе гэтыя даныя. Трэба разумець, што ў год, калі малады д’Артаньян заехаў у Парыж, недалёка ад нас, на берагах Дняпра, спалілі Тараса Бульбу. Мы не існуем адасоблена на ізаляваным лапіку зямлі: Беларусь — частка глабальнага свету», — расказвае Сяргей Пешын.

У кнігарні «Светач» арганізавана выстаўка, якая будзе працаваць да канца лютага. Тут прадстаўлены кнігі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі і сучасныя кнігі выдавецтва «Беларусь». Акрамя таго, чытачы змогуць наведаць экспазіцыю выдавецтва на Міжнароднай кніжнай выстаўцы, якая адбудзецца ў лютым.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.