Вы тут

Што зашыфравана ў моўным кодзе?


Хтосьці чуе беларускую мову з самага дзяцінства. Нехта ўпершыню сутыкаецца з ёй, прыехаўшы да бабулі ў вёску, а іншыя — пачуўшы незразумелыя словы ад сяброў у двары. Шыльды на крамах, аб'явы ў грамадскім транспарце, кнігі (калі не ў дамашняй бібліятэцы, то, прынамсі ў гарадской і на паліцах кнігарань)... І, вядома, на ўроках у школе. Нават калі беларуская мова не гучыць у сям'і, рана ці позна яна пачынае прасочвацца ў жыццё і ўваходзіць у яго сталымі асацыяцыямі і назвамі, выпадковымі словамі, асаблівасцямі вымаўлення. А для кагосьці становіцца асноўнай мовай камунікацыі, працы, чытання, творчасці ці ўсяго адразу.


Нам здаецца, што яна была тут заўсёды, утварылася адначасова з жыццём на гэтай зямлі, і хаця іншыя звесткі даходзяць да нас і з гісторыі, і з неўнармаванай мовы класічных твораў, на ўзроўні адчуванняў беларуская мова застаецца аксіёмай. Таму што яна — родная.

Нацыянальны гістарычны музей Беларусі з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які традыцыйна адзначаецца 21 лютага, вырашыў нагадаць, з чаго складаецца беларуская мова, чым адметная, як працуе і што можа распавесці пра тых, хто ёй карыстаецца. Выстаўку «Моўны код» можна наведаць да канца лютага.

Экспазіцыя складаецца з графічных работ Уладзіміра Басалыгі з серыі «Мова наша родная», створанай мастаком у 1980—1990-я гады, серыі «Беларускі алфавіт» сучаснай мастачкі Томы Пракоф'евай і адмысловых артэфактаў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея. У адной невялікай зале сканцэнтраваны цікавыя факты пра гісторыю і сучасны стан беларускай мовы.

Асноўная частка экспазіцыі — сапраўдны мастацкі буквар, своеасаблівае супрацьпастаўленне класічных і сучасных асацыяцый з літарамі, розныя графічныя расшыфроўкі таго самага моўнага кода.

Літаграфіі Уладзіміра Басалыгі прадастаўлены Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. Выявы маглі б упрыгожыць буквар у скураной вокладцы з каштоўнымі камянямі. Тут розныя варыянты напісання літар: больш схематычныя і ўпрыгожаныя, уласцівыя старажытным выданням, аздобленыя класічнымі малюнкамі-асацыяцыямі — рэчы, будынкі, жывёлы і птушкі на гэтую літару, упісаныя ў мяккі пейзаж. Прыглушаныя пастэльныя колеры, мяккія контуры і пераходы, тонкая і падрабязная дэталізацыя, глыбокая перспектыва. Літары на літаграфіях знакамітага беларускага графіка паўстаюць велічнымі, хаваюць доўгую гісторыю, вялізную прыгажосць.

Насупраць — серыя «Беларускі алфавіт» Томы Пракоф’евай. Сучасныя ілюстрацыі, дзе да кожнай літары падабраны не тыповыя асацыяцыі для запамінання, а разнастайныя гістарычныя падзеі, знакавыя месцы, архітэктурныя пабудовы, вытворчыя брэнды, знакамітыя асобы Беларусі, як класікі літаратуры, так і вядомыя сучаснікі. На літары «Р» побач — Рагнеда і Рэспубліка Паліна, на літары «Н» — «Наша Ніва» і Навібэнд, літару «Ю» дзеляць Юдэль Пэн і Юрый Жыгамонт.

Графіка выканана ў колерах класічнага беларускага арнаменту: чырвоны, чорны, белы. Стыль ілюстрацый крыху неахайны, падобны да накідаў, але пры гэтым з вельмі дробнай і падрабязнай заштрыхоўкай і дэталізацыяй. Малюнкі выглядаюць як натуральныя кніжныя ілюстрацыі для якога-небудзь гульнявога праекта кшталту кнігі «Гэта Беларусь, дзетка!» Ружовашчокія персанажы выклікаюць асацыяцыі з героямі дзіцячых энцыклапедый, але ўся серыя сама можа выступаць як энцыклапедыя ў карцінках. Праект не толькі арыгінальна глядзіцца, але і ўмацоўвае сувязі паміж сучаснай Беларуссю і беларускай мовай, якой, як бы дзіўна ні было, часам не стае.

Гэта не першы «алфавіт» мастачкі. Яна родам з Віцебска, таму яшчэ ў 2016 годзе стварыла ілюстрацыі да літар беларускага буквара са знакавымі месцамі роднага горада. Дзяўчына аздабляе адзенне, робіць ілюстрацыі і хэнд-мэйд-вырабы. Праект, які часткова прадстаўлены ў гістарычным, быў прэзентаваны ў 2019 годзе.

Зусім невялікая экспазіцыя з выявамі літар, якая дае столькі сэнсаў і значэнняў, — добры сімвал для мовы, кожны элемент якой мае сваю гісторыю, мікразначэнні.

Мастацкую экспазіцыю дапаўняе фактычны матэрыял са збораў гістарычнага музея: помнікі старажытнага пісьма, прыклады эпіграфікі — каменныя элементы і косткі з сімваламі, рунамі і літарамі, фотаздымкі старажытных выданняў, што прадстаўляюць розныя этапы развіцця беларускай мовы, розныя алфавіты. Некалькі нумароў «Нашай нівы», вялікі партрэт Францішка Багушэвіча са знакамітым подпісам, дакументы Усевалада Ігнатоўскага, факсімільнае ўзнаўленне праекта герба БССР 1924 года.

На інтэрактыўным экране — статыстычныя звесткі пра сучасную беларускую мову, працэнты канцэнтрацыі ў свеце і запазычанняў, распаўсюджанне дыялектаў, галоўныя даты ў гісторыі станаўлення сучасных норм — рэформ правапісу.

Выстаўка больш сімвалічная, галоўная інфармацыйная функцыя прыпадае на іншыя праекты, але свае сімвалічныя функцыі яна выконвае выдатна. Акрамя экспазіцыі да Дня роднай мовы, музей падрыхтаваў інтэрактыўную гульню пад назвай «Не шукаючы, не знойдзеш» па гісторыі пісьменства праз старажытныя рэчы і артэфакты, а таксама экскурсійную праграму «Шлях кнігі да чалавека: з гісторыі кнігадрукавання» пра развіццё пісьменства на тэрыторыі Беларусі: ад берасцяных грамат і рукапісных кніг да першых друкаваных выданняў.

Міжнародны дзень роднай мовы штогод выступае нагодай для таго, каб даведацца нешта новае пра сваю культуру і мову, паглядзець на сябе збоку, адкрыць сваю краіну іншай. Каб звычка ставіцца да свайго як да дадзенага знікла і саступіла суперздольнасці бачыць у сваёй культуры сапраўдныя каштоўнасці.

Ганна ІВАНОВА, фота аўтара

Даведка «ЛіМа»:

Міжнародны дзень роднай мовы быў уведзены ЮНЕСКА ў 2000 годзе. Штогод 21 лютага па ўсім свеце праходзяць разнастайныя мерапрыемствы: ад забаўляльных праграм і адукацыйных праектаў да навуковых канферэнцый рознага ўзроўню. Галоўная мэта ўсіх гэтых падзей — захаванне моўнай разнастайнасці ў свеце, папулярызацыя і вывучэнне сваіх родных моў. У гэты дзень згадваюць класічныя літаратурныя творы і размаўляюць пра сучасныя, даведваюцца пра асаблівасці і гістарычнае развіццё. 21 лютага быў выбраны ў гонар бенгальскіх студэнтаў, якія ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі падчас акцыі за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане.

Спецыялісты ЮНЕСКА лічаць, што каля трох тысяч моў сёння знаходзіцца пад пагрозай знікнення — гэта палова ад усіх, што існуюць у свеце. У 2006 годзе быў створаны адмысловы орган маніторынгу стану моў. Унутраныя мерапрыемствы ЮНЕСКА да Дня роднай мовы звязаны з наладжваннем міжкультурнага дыялогу і забеспячэннем адукцыйных праграм. Таксама традыцыйна праводзяцца канферэнцыі, прысвечаныя тэме Дня роднай мовы, якая змяняецца штогод. Тэма мінулага, 2020, года гучала як «Мовы без межаў» і была прысвечана трансгранічным мовам і культурам, а таксама камунікацыі ў часы абмежавання перасоўвання падчас пандэміі.

Беларуская ўваходзіць у спіс моў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення з 2009 года. Тады ж свята роднай мовы пачалі адзначаць у Беларусі. Кожны год у нас праходзяць мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі і гарадскія акцыі, канцэрты, прэзентацыі новых беларускамоўных кніг у кнігарнях, лекцыі па гісторыі мовы і мовазнаўстве, майстар-класы для тых, хто хоча больш даведацца пра беларускую мову і, магчыма, лягчэй карыстацца ёй у паўсядзённым жыцці. Адной з самых вядомых і рэгулярных падзей становіцца агульнанацыянальная дыктоўка. Школьнікі і студэнты ладзяць вечарыны, сустрэчы з пісьменнікамі і мовазнаўцамі. У музеях арганізоўваюцца тэматычныя выстаўкі. Часта мерапрыемствы, прысвечаныя святу роднай мовы, расцягваюцца не менш чым на тыдзень.

Друкуецца ў выданні «Літаратура і мастацтва».

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.