Вы тут

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?


Культура выканання работ падчас капрамонту ў Беларусі кульгае, а тэхналогія — парушаецца, сведчаць спецыялісты Дзяржбуднагляда. Доступ у кватэры і на балконы спецыялістам абмяжоўваецца жыхарамі, скардзяцца камунальнікі. Шляхі павышэння якасці капрамонту і наладжвання паразумення і зносін з уласнікамі жылля эксперты шукалі падчас «круглага стала» ў БелТА, абмяркоўваючы праблемы капітальнага рамонту ў краіне.


Фота Анатоля Клешчука.

Затапленні, бязладдзе ў дварах, зацягванне графікаў

Згодна з Дзяржпраграмай «Камфортнае жыллё і прыстойнае асяроддзе», за 2021—2025 гады ў краіне плануецца капітальна адрамантаваць 3,5 млн м2 жылля. А Дзяржпраграма «Будаўніцтва жылля» мае на мэце за гэты час стварыць 4 млн м2 новабудоўляў. Толькі вось дасягнуць гэтых лічбаў на практыцы цяжка. Прычым не выключна з-за фінансавання, але і з-за праблем ад уласнікаў жылля, адзначылі эксперты.

Колькасць аб'ектаў па капрамонце займае прыкладна чвэрць ад усіх, за якімі сочыць Дзяржбуднагляд. З больш як 10 400 зарэгістраваных летась 2495 — гэта аб'екты капрамонту. Аднак у эксплуатацыю ўведзена 1214 з іх, расказаў Ігар ГУСЕЎ, дырэктар Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржстандарта.

Асноўная праблема — затапленне грамадзян падчас рамонту даху як вынік парушанай тэхналогіі работ. Тое ж адбываецца і падчас знадворных работ на сценах. Напрыклад, адрамантуюць фасад, а пасля бяруцца за балконы, што нясе дадатковыя затраты па інжынерных сетках. Недацягвае і культура правядзення капрамонту: адсутнасць парадку на дваровых тэрыторыях, агароджы пляцоўкі, своечасовага вывазу смецця. А добраўпарадкаванне прылеглай дваровай тэрыторыі і пад'ездаў увогуле рэдка ахопліваецца праектнай дакументацыяй.

— У краіне 740 дамоў звышнарматыўнага жылля з капрамонтам, палова з якіх то будуецца, то не. З жыхарамі ідуць суды з-за недавання доступу ў кватэры. На многіх аб'ектах падрадчыкі неарганізаваныя: не вытрымліваюць графікі правядзення работ, робяць неабгрунтаваныя перапынкі ў рабоце. Тыповыя парушэнні пры гэтым — несвоечасовае закладванне адтулін у сценах і перагародках пры замене інжынерных камунікацый. Найбольш такіх аб'ектаў, дарэчы, у сталіцы і Магілёўскай вобласці, — выказаўся Ігар Гусеў.

Супрацоўнікі Дзяржбуднагляду падчас рэйдаў летась праверылі 1517 будпляцовак на аб'ектах капрамонту. 65 % з іх не адпавядала нормам — інспектары выявілі 1216 розных дэфектаў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 191 службовая і юрыдычная асоба, паведаміў дырэктар дэпартамента:

— У краіне зацверджана 48 будаўнічых нормаў і 12 будаўнічых правілаў, якія рэгламентуюць патрабаванні да асобных відаў работ, але пакуль не распрацаваныя новыя дакументы да капрамонту. Патрабаванні па капрамонце рэгламентуюцца ТКП 45-1.04-206-2010 «Рамонт, рэканструкцыя і рэстаўрацыя будынкаў і збудаванняў. Правіла праектавання», ТКП 45.1.04-104-2008 «Праектная дакументацыя на рамонт, мадэрнізацыю, рэканструкцыю жылых і грамадскіх будынкаў», аналагічны ТКП дзейнічае на сістэмы ацяплення і вентыляцыі. Зараз гэтыя дакументы перапрацоўваюцца ў будаўнічыя нормы.

Небяспечны? Рамантаваць! Не? Ісці насустрач!

Каб капітальны рамонт не станавіўся для ўласнікаў камунальным пеклам, трэба падыходзіць да кожнай сітуацыі індывідуальна. Плануючы пераробліванне балкона згодна з праектам, трэба зыходзіць з таго, ці ўяўляе ён небяспеку. Калі, скажам, там можа абваліцца агароджа, то яго трэба рамантаваць. Калі не, то аб'ектыўна варта пайсці насустрач уласніку і не чапаць канструкцыю, калі жыхаром там зроблены рамонт. І навошта мяняць тую раму, калі яна не адпавядае нормам па вышыні, аднак канструкцыя якасная, разважаюць эксперты.

— Давайце размяжоўваць паняцці «капітальны рамонт як жыллёва-камунальная паслуга, на якую грамадзяне адлічваюць сродкі», і «капітальны рамонт як від будаўніцтва». Апошняе рэгулюецца Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва з дапамогай будаўнічых правілаў і нормаў. Перапрацоўваецца ТКП № 206, дзе ўжо будуць абазначаны асаблівасці правядзення капітальнага рамонту. Гэта датычыцца, напрыклад, і цеплавузлоў, якія павінны захоўваць абазначаныя памеры. Асаблівасці трэба ўлічваць, — прапанаваў Аляксей ПРАЦЬКО, начальнік аддзела эксплуатацыі жыллёвага фонду Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. — Што датычыцца якасці вытворчасці работ, то ў нас ёсць заказчыкі, якія павінны ўлічваць недахопы і рабіць прадпісанні.

Будаўнічыя нормы, магчыма, варта карэктаваць пад патрэбы капрамонту, бо часам у праект закладваюцца невыканальныя работы, дадаў Павел ДРАЗДОЎ, намеснік начальніка інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па г. Мінску:

— Напрыклад, супрацьпажарныя лесвіцы. Можа, увогуле не трэба ўводзіць у праект і не прымушаць іх аднаўляць, калі жыхары іх дэманціравалі, а замест гэтага варта прадугледзець іншыя шляхі для ратавання.

— Цяпер, пэўна, можна тэхнічна забяспечыць эвакуацыю грамадзян і без супрацьпажарных лесвіц. Да таго ж у сучасных кватэрах стаяць металічныя дзверы і шклопакеты, якія, нават калі ты спусцішся па той лесвіцы да пятага паверха, не дазволяць трапіць у кватэру да суседзяў, фізічна сіл не хопіць разбіць шкло, — пагаджаецца і Цімафей КРЭМЕЗ, галоўны інжынер Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі.

Чые сеткі — той і адказвае

Каб павысіць якасць капрамонту, трэба дакладна размяжоўваць зоны адказнасці, лічыць Дзяніс ЖАЙМО, дырэктар РУП «Інстытута «Белжылпраект». Замена камунікацый, што знаходзяцца на балансе пастаўшчыкоў камунальных паслуг, з'яўляецца зонай адказнасці іх балансатрымальнікаў. Гэта і кабельныя сеткі, якія пастаўляюць энергію ў жылы дом, і цепласеткі, і водаправод. І балансатрымальнік павінен мець свой графік на замену гэтых інжынерных камунікацый, якія выйшлі з тэрміну прыдатнасці, заўважыў ён:

— ЖКГ клапоціцца, каб падчас капрамонту ў жылым доме былі заменены ўнутраныя інжынерныя сеткі са звышанарматыўным тэрмінам выкарыстання (тыя, што ўнутры дома). Павінна быць дакладнае размежаванне, хто за якую частку адказвае і плаціць.

— Усе работы, якія падчас капрамонту павінны выконваць балансатрымальнікі, трэба выключыць з праекта капрамонту, і гэты дакумент пасля неабавязкова павінен ізноў праходзіць экспертызу, — прапанаваў Павел Драздоў.

— Магчыма, работы па замене камунікацый і не варта выключаць з праекта. Проста затраты на гэтыя віды работ перакладваць на балансатрымальнікаў камунікацый, каб яны вярнулі грошы камунальнікам. Затое дом будзе зроблены якасна і цалкам, — разважае Эдуард ГАРДУКЕВІЧ, намеснік генеральнага дырэктара Мінскрамбуда. — Забараніць і выключыць прасцей за ўсё, але ў асноўным усё ўпіраецца ў размеркаванне грошай паміж ведамствамі.

Не перадпраектны, а дапраектны

Якасць капітальнага рамонту пачынае здаваць пазіцыі ўжо на стадыі даследавання (яшчэ да пачатку праектавання), бо доступ на тыя ж балконы нават праекціроўшчыкі атрымліваюць не заўжды. Яны вымушаны часам абследаваць будаўнічыя канструкцыі з зямлі і ледзьве не з паветра. Каб вызначыць стан балкона, даводзіцца разглядаць яго хіба што не праз прызму магчымасцяў зума фотаапарата. У выніку гэта відавочна ўплывае на якасць праекта. Каб пазбегнуць такога, трэба інфармаваць грамадзян загадзя і прапрацоўваць з імі ўсе пытанні капрамонту да таго, як будзе складзена праектная дакументацыя, прапанаваў Дзяніс Жаймо:

— Павінна быць не перадпраектная прапрацоўка, а дапраектная — усіх аб'ектаў капітальнага рамонту. Сёння існуе праграма капрамонту на пяцігодку, бягучыя графікі правядзення работ па пэўных дамах. Аднак з насельніцтвам, на жаль, мы пачынаем работу, калі праектная дакументацыя амаль завершана. Трэба памяняць падыход і пачаць загадзя расказваць жыхарам, што ўваходзіць у склад капрамонту, а што — не. Паказваць, якія асноўныя дакументы рэгламентуюць парадак выканання будаўніча-мантажных і праектных работ. Знаёміць з пастановай Саўміна, дзе рэгламентаваны парадак карыстання жылымі памяшканнямі. Там прапісана, хто і калі павінен даваць доступ на лоджыі-балконы для абследавання будаўнічых канструкцый. Калі знаёміць уласнікаў з усімі гэтымі дакументамі, то, мусіць, і праектная дакументацыя будзе якасная, і, адпаведна, такімі будуць будаўніча-мантажныя работы.

Карпатлівая дыпламатычная работа з жыхарамі і мясцовымі органамі ўлады адымае шмат часу, і галоўная прычына немагчымасці скончыць аб'ект своечасова менавіта ў гэтым, пагадзіўся Уладзімір КЛІШЭВІЧ, намеснік начальніка інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Мінскай вобласці, які заўважыў, што «па Мінскай вобласці летась з 274 аб'ектаў капрамонту здадзена менш за палову».

Вышэйшыя штрафы — большая адказнасць?

Разважаючы над тым, што зрабіць, каб праекціроўшчык не меў праблем з доступам, некаторыя эксперты лічаць — работа з насельніцтвам з дапамогай перніка не дапаможа. Час брацца за бізун.

Сталічныя камунальнікі ўжо прапрацоўваюць магчымасць у перыяд правядзення сходу заключаць з уласнікамі пэўнае пагадненне. Гэта будзе штосьці накшталт памяткі, дзе напісана, якія работы арыенціровачна будуць выконвацца, абазначаны абавязкі па даванні доступу ў кватэру і штрафы за невыкананне гэтага.

— Чым вышэйшыя штрафы, тым большая адказнасць у жыхароў, — упэўнены Цімафей Крэмез. — Вось прапісалі б, напрыклад, што штраф за недаванне доступу тры тысячы рублёў. Пройдзе тры месяцы, скажам, нічога не змянілася — паўторна такі ж штраф.

З уласнікамі не варта змагацца і заціскаць іх, з імі трэба супрацоўнічаць, мяркуе Дзяніс Жаймо і нагадвае, што асноўны дакумент праекціроўшчыка — заданне на праектаванне:

— Да гэтага дакумента сёння настолькі адказна ставяцца заказчык, падрадчык (у асобе праектнай арганізацыі) і кожны від работ так кантралюецца пры праходжанні дзяржэкспертызы, што самадурства там ніякага няма. Тое, што прапісана ў заданні на праектаванне, павінна быць у праектнай дакументацыі. І ўжо задача экспертызы адсачыць, ці не закладзена нешта лішняе, і выключыць гэта.

Дамы — кварталамі, двары — індывідуальна

Два месяцы таму ў сталіцы быў прыняты рэгламент узаемадзеяння праектнай арганізацыі, заказчыка і ўласніка жылых і нежылых памяшканняў да правядзення праектных работ. Ён зацверджаны намеснікам старшыні Мінгарвыканкама і ўзгоднены з главамі ўсіх раённых адміністрацый Мінска, згадаў Цімафей Крэмез:

— Мы стараліся прадугледзець усе неабходныя работы, мерапрыемствы і арганізацыю работ з насельніцтвам да пачатку распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі. Сёлета ўжо распрацаваны ўсе праекты на гэты год, і амаль на 70 % ад агульнай колькасці — на наступны.

У наступных праектах камунальнікі ўжо плануюць, як рэалізоўваць капрамонт жылля комплексна, каб зайсці на тэрыторыю і ў некалькіх дамах адразу (двух-трох-пяці) зрабіць рамонт і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Прадугледжваецца, што падчас такога паквартальнага рамонту ўсе работы будзе выконваць адна арганізацыя. А вось як будзе добраўпарадкоўвацца тэрыторыя — у межах выканання работ па капрамонце, бягучага ўтрымання або проста бягучага рамонту, трэба будзе вызначаць дакладна па кожным двары.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Супрацоўнічаць нельга змагацца

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.