Вы тут

Уладзімір Андрэйчанка: З гісторыяй нельга жартаваць і перакройваць яе


Пра гэта заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Гістарычная памяць і патрыятызм — найважнейшыя маральныя арыенціры беларускага грамадства і дзяржавы, фактары кансалідацыі ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз», якая праходзіць у Палаце прадстаўнікоў.


Фота: БелТА.

Па яго словах, моладзь часцей за ўсё становіцца ахвярай тых, хто спрабуе адрадзіць ідэалогію і сімвалы нацызму, апраўдаць генацыд. «Гэта сур'ёзны выклік не толькі для Беларусі. Бо з гісторыяй нельга жартаваць і перакройваць яе як заўгодна. Існуюць неабвержныя факты і доказы, жывыя сведчанні, якія немагчыма ігнараваць», — сказаў спікер Палаты прадстаўнікоў.

На яго думку, шырокі грамадскі дыялог, які прайшоў у Беларусі, выявіў неабходнасць замацавання недапушчальнасці скажэння гісторыі і гераізацыі нацызму на ўзроўні Канстытуцыі і заканадаўства.

«Таму галоўная задача нашай канферэнцыі — падсумаваць назапашаны вопыт захавання гістарычнай памяці ў Беларусі і выпрацаваць канкрэтныя прапановы аб тым, што трэба распачаць па яе абароне перад абліччам сучасных выклікаў і пагроз», — адзначыў старшыня ніжняй палаты парламенту.

Ён падкрэсліў, што ўжо на вясновай сесіі дэпутатамі будуць разгледжаны законапраекты, накіраваныя на недапушчэнне гераізацыі нацызму і супрацьдзеянне экстрэмізму. У гэтым жа ключы паглядзяць на законы, якія датычацца правядзення масавых мерапрыемстваў, дзейнасці палітычных партый і сродкаў масавай інфармацыі.

Дзмітрый Мезенцаў, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы падкрэсліў, што зараз нават у суседніх еўрапейскіх краінах праводзяць маршы ветэранаў дывізіі СС, «заляцаюцца» з прафашысцкімі арганізацыямі і іх не абрываюць органы Еўрапейскага саюза.

«Чаму так адбываецца? Адказ відавочны: сорамна прызнаць трагічную і горкую ролю мінулых пакаленняў сваіх краін у лёсах мільёнаў загінулых людзей і тых, хто перажыў пакуты ў гады Вялікай Айчыннай вайны», — дадаў ён.

Па словах Дзмітрыя Мезенцава, у Беларусі і Расіі захоўваюць памяць аб героях вайны, але гэтых намаганняў сёння недастаткова.

«Вельмі важна супрацьпаставіць націску псеўдаэкспертаў нашу пазіцыю, у тым ліку дыялог з моладдзю — тонкі, разумны, ненастойлівы, нешаблонны, непрамалінейны, з заклікам да маладых людзей усвядоміць, што было зроблена кожным воінам Перамогі, з просьбай падумаць, ці зможа ён сёння паступіць так жа», — адзначыў дзяржсакратар.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч сцвярджае, што сёння некаторыя краіны здраджваюць гістарычнай памяці, спрабуюць узяць рэванш у вайне, накіроўваючы атакі на нашу моладзь і каштоўнасці.

«Што магчыма зрабіць? Кансалідавацца ў рабоце і ўсвядоміць, што менавіта сёння вельмі важна ўзмацніць работу і сістэмна, комплексна ўзаемадзейнічаць у практычных задачах у сферы інфармацыі, адукацыі, культуры», — выказала думку парламентарый.

Лілія Ананіч паведаміла, што па выніках канферэнцыі будуць выкладзены практычныя рэкамендацыі, што дапамогуць падысці да пытанняў заснавання новых праектаў для моладзі, стварэння спектакляў, кінафільмаў для захавання патрыятычнай памяці.

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу, што барацьба з гераізацыяй нацызму — не выдуманая тэма, паднятая з-за вулічных пратэстаў.

«Ёсць саромная, ганебная для нас старонка гісторыі — сярод знішчальнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны было шмат беларусаў, у калабарацыянісцкіх падраздзяленнях служылі этнічныя беларусы. У імя фальшывых ідэй яны знішчалі сваіх. Гэта для мяне каласальная трагедыя. Разам з тым, на тэрыторыі Беларусі з-за таго, што большасць народа пайшла ў партызаны, паліцаяў не хапала. Таму іх прывозілі нам па імпарце», — нагадаў Ігар Марзалюк.

Ён прапаноўвае прывесці сваё заканадаўства па папярэджанні гераізацыі нацызму ў поўную адпаведнасць з прававымі нормамі ФРГ.

«Паверце, калі б мы ўзялі 86 артыкул Крымінальнага кодэксу ФРГ і напісалі замест Германіі слова Беларусь, зрабілі пералік па забароненай сімволіцы, па закліках, па агітацыі і сказалі, што гэта стане законам, істэрыкі і крыкі пра антыдэмакратычнасць гэтага закона дасягнулі б неба. У немцаў за прапаганду і агітацыю забароненага ў любых формах пакаранне ад велізарных штрафаў да пяці год», — распавёў парламентарый.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Палата прадстаўнікоў, Нацыянальная акадэмія навук, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце. У Авальную залу Дома ўрада запрасілі прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, членаў Савета Рэспублікі, работнікаў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, вядомых навукоўцаў, прадстаўнікоў найбуйнейшых грамадскіх аб'яднанняў, выкладчыкаў і студэнтаў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.