Вы тут

Міхась Мушынскі: далёкі і блізкі...


Раскрыць шматгранную асобу слыннага навукоўцы, доктара філалагічных на вук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук, аднаго з заснавальнікаў айчыннай тэксталагічнай школы, найлепшага ў краіне знаўцы творчасці Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і некаторых іншых класікаў — такой была мэта складальнікаў выдання «Застаецца святло: успаміны пра Міхася Мушынскага» Алены Васілевіч і Таццяны Мушынскай. Кніга сёлета пабачыла свет у сталічным выдавецтве «Каўчэг».

Тэматычна выданне прадстаўлена чатырма часткамі: згадкі блізкіх людзей і ўспаміны самога Міхася Мушынскага пра юнацтва, якое выпала на гады Вялікай Айчыннай вайны; дакументы, навуковыя артыкулы і рэцэнзіі паплечнікаў Міхася Мушынскага пра яго дасягненні як даследчыка; успаміны пра вучонага яго калег; расповеды пра бацьку і дзядулю дзяцей Міхася Іосіфавіча і ўнука Дзяніса. Выдатная магчымасць прасачыць, як фарміравалася асоба знакамітага літаратуразнаўцы, зразумець, што паўплывала на станаўленне і «ўбачыць» яго ў сямейным коле вачыма блізкіх людзей.


«Памятаю літаральна ўсё…»

Першы раздзел выдання — «Згадкі пра маладосць» — пачынаюць расповеды Міхася Мушынскага «Мокрае. Клімчыкі. Вайна. Фрагменты ненапісаных успамінаў». Мы трапляем у 1930-я гады, у асяродак сям’і будучага даследчыка, знаёмімся з яго аднавяскоўцамі. Назіраем вайну вачыма юнака. «…Дзіцячая, падлеткавая памяць захавала вельмі многае. Іншы раз здаецца, што памятаю літаральна ўсё, што ў тыя гады бачыў на ўласныя вочы, чуў ад родных, ад суседзяў, ад аднагодкаў. Як ні дзіўна, але чым далей адыходзяць у мінулае тыя пакутлівыя 40-я, тым яскравей паўстаюць перад табою. Паўстаюць у драбніцах, у дэталях. Каштоўна і тое, што я (мо гэта толькі здаецца?) сёння памятаю, пра што тады думаў», — піша аўтар. Успаміны Міхася Мушынскага ўпершыню з’явіліся ў друку ў «ЛіМе» да яго 70-гадовага юбілею, а ў 2006 годзе ў дапоўненым выглядзе — у альманаху «У Дняпра на магутным плячы. Быхаўшчына літаратурная». Але ж Міхась Мушынскі ўвесь час вёў дзённікі, вяртаўся ў памяці ў той час, нешта ўдакладняў, пашыраў. Пад вокладкай кнігі Таццяна Мушынская змясціла ўспаміны бацькі, дапоўненыя з яго дзённікавых запісаў за 2015—2016 гады.

Расповеды М. Мушынскага пра вайну з’яўляюцца сведчаннем таго, як жылі людзі на акупаванай тэрыторыі. Так, ён расказвае, што старэйшага брата Івана ўзімку 1942—1943 гадоў немцы забралі ў канцлагер: «Праз некага Іван перадаў ліст. Я чытаю яго маме. У нас у сям’і ўсе хлопцы былі, як кажуць, з мастацкім ухілам. У Іванавым лісце прыпеўка:

Мы из лагеря удрали,

Но поймали нас опять.

Три дня супу не давали

И хотели расстрелять.

Маці, Марфа Іванаўна, у слёзы. Я кажу: “Мама, гэта прыпеўка, частушка…” Маці: “Якая табе, дурань, частушка! Калі напісаў, значыць, праўда! Іван у пісьме не стане маніць”…»

Здавалася б, нязначная дэталь, але як яскрава яна сведчыць пра народ, пра яго нязломнасць у самых неспрыяльных умовах, пра тое, што гумар заўжды дапамагаў ратавацца і знаходзіць выйсце з жудасных сітуацый.

Дапаўняюць успаміны Міхася Мушынскага згадкі пра вайну яго малодшай сястры Валянціны, тады яна была яшчэ зусім дзіцем. Кранае, якім чулым, эмпатычным паўстае падлетак з яе расповедаў: «…Я адна сяджу на ложку, прытуліўшыся да сцяны. Мне загадана сядзець тут, нікуды не лезці. Сяджу як паслухмянае дзіця. Бяру нейкія хустачкі, насоўкі, чыстыя анучкі, скручваю іх, нібы ляльку, і гуляю з ёй. Раптам у хату забягае Галя, малая дачка гаспадыні, падскоквае да мяне, хапае маю самаробную ляльку, растрасае яе, кідае на падлогу і ўцякае.

Ад крыўды я пачынаю плакаць уголас. Недзе недалёка быў Міша, старэйшы брат, ён пачуў і прыбег. Абняў мяне за плечы, за шыю, выцер слёзы і кажа: “Не плач, сястрычка, будзе і ў нас некалі свая хата”».

З нечаканага ракурсу раскрываюцца асобы Міхася Іосіфавіча і яго жонкі Тамары Фёдараўны ва ўспамінах Веры Чарняевай, напісаных акурат для выдання. На момант знаёмства з сям’ёй Мушынскіх Веры было дванаццаць гадоў, яна з тых школьніц, да якіх Тамара Фёдараўна прыйшла працаваць настаўніцай.

Жыццё юнай Веры складалася не так, як у большасці звычайных дзяцей. Існаванне ў сям’і з айчымам з яго шкоднымі звычкамі і як вынік — вечнымі скандаламі, недахопам грошай, пры тым, што родная маці лічыла старэйшую дачку вінаватай у сваіх асабістых няўдачах, спрыяла таму, што Вера пачувалася зацкаваным і глыбока нешчаслівым дзіцём. Тамара Фёдараўна, якая назірала гэтую карціну, стала часта запрашаць да сябе здольную вучаніцу, яны з Міхасём Іосіфавічам прытулілі яе, ставіліся як да роднай, выхоўвалі, вучылі. Вера некаторы час жыла ў іх сям’і, і нават ішла размова аб тым, каб дзяўчынку ўдачарыць. Ёй далі тое, чаго яна была пазбаўлена побач з маці: цяпло, спагаду, любоў. Наўрад ці Вера Чарняева стала б вядомай у маскоўскіх колах журналісткай, калі б не асяродак сям’і Мушынскіх, дзе яна падрыхтавалася да паступлення на філфак БДУ. «М. І. я называла проста Мішам. Яму было тады ледзь за трыццаць, — дасціпны, іранічны, з добрымі вачыма. Ні разу я не пабачыла нават ценю яго незадаволенасці ад майго з’яўлення. Калі доўга ў іх заседжвалася, ён праводзіў мяне да самага дома. Ішлі пешкі не меней чым гадзіну, пра нешта размаўлялі. Здзіўляе, але яго не стамляла размова з малечай — падлеткам. Аднойчы (мне было гадоў 15) пры развітанні ён працягнуў у маю руку складзены аркуш. Гэта аказаўся верш, напоўнены цеплынёй. <…> Вось ужо амаль 60 гадоў я захоўваю гэты бясцэнны падарунак», — шчырыя словы ўдзячнасці кажуць пра чалавека нашмат больш, чым званні і ўзнагароды.

Дарчы надпіс Янкі Сіпакова. люстрацыя з кнігі «Застаецца святло».

Наватар, практык, арганізатар

Раздзел другі «Абсягі і думкі. Дакументы, навуковыя артыкулы, рэцэнзіі» ўключае даследаванні навуковай спадчыны Міхася Мушынскага. Маштаб яго асобы нельга ацаніць толькі ў эсэістыцы: каб паказаць значнасць навукоўцы, пад вокладкай выдання змяшчаецца і гэтае асэнсаванне зробленага вучоным у розных кірунках.

Пачынаецца раздзел выпіскай з пратакола пасяджэння вучонага савета Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР ад 16 студзеня 1991 года. У той дзень слухалі аб вылучэнні Міхася Мушынскага ў члены-карэспандэнты Акадэміі навук БССР па спецыяльнасці «Літаратуразнаўства». Усе выступоўцы (доктар філалагічных навук Васіль Жураўлёў, кандыдат філалагічных навук Лявонцій Гаранін, членкарэспандэнт АН БССР, на той час дырэктар Інстытута літаратуры Янкі Купалы АН БССР Віктар Каваленка і іншыя) адзначалі наватарства не толькі як даследчыка, але і як практыка і арганізатара навукі. Лічылі, што Міхась Мушынскі — наватар і па сваім характары, і па духу даследаванняў, і па ўнёску, які робіць у навуку, і па пошуку новых падыходаў да вывучэння працэсаў айчыннага літаратурнага развіцця.

Аўтар артыкула «Святло душы» Іван Штэйнер прыводзіць вытрымку з кнігі М. Мушынскага «Каардынаты пошуку» (1988), якая і праз дзесяцігоддзі не страціла актуальнасці: «Сёння ніхто не аспрэчвае ролі крытыкі ў літаратурным жыцці. Аднак адчуванне глыбокай незадаволенасці станам крытычнай думкі і станам рэцэнзавання не знікае. Справа не ў тым, многа ці мала ў нас рэцэнзій. Галоўнае, што крытыка спрашчае свае задачы, піша так, як шмат гадоў назад, яна не ўлічвае запатрабаванні часу…»

Трэці раздзел — «Маштаб асобы» — быў напісаны спецыяльна для выдання. За сваю працяглую даследчыцкую дзейнасць Міхась Мушынскі судакранаўся з самымі рознымі спецыялістамі, вучонымі, даследчыкамі, аматарамі. Кожны з аўтараў раздзела расказаў аб тым, што яго злучала з М. Мушынскім, пра сваю сумесную працу з ім, а ў выніку атрымаўся рознабаковы расповед — сведчанне пра асобу навукоўцы.

Адным з найбольш палемічных у гэтай частцы з’яўляецца артыкул даследчыцы з Германіі, прафесара, дырэктара Інстытута славістыкі Ольдэнбургскага ўніверсітэта імя Карла Асецкага Гун-Брыт Колер «Пра Мушынскага». Спрэчкі выклікаў тэрмін «малая літаратура», якім даследчыца вызначае беларускае пісьменства. Але работа ГунБрыт Колер — магчымасць для айчынных пісьменнікаў паглядзець на сябе з іншага ракурсу.

Іван Навуменка, Міхась Мушынскі, Адам Мальдзіс. Ілюстрацыя з кнігі «Застаецца святло».

«…Дзеля шчасця самотных людзей»

Раздзел чацвёрты — «У сямейным коле» — прыадчыняе заслону афіцыйнасці і паказвае вучонага такім, якім яго ведалі родныя людзі. Наколькі цёплай і добразычлівай была атмасфера, што панавала ў сям’і Мушынскіх! Упершыню ў раздзеле надрукаваны вершы, большасць якіх Міхась Мушынскі прысвяціў блізкім: жонцы Тамары, дачцэ, «…дарагой Танечцы да дня нараджэння», Верачцы (пра гэты верш ішла гаворка на пачатку артыкула). Сярод твораў — верш, напісаны на схіле гадоў, дзе аўтар асэнсоўвае свой стан, рэфлексуе з нагоды змен, што з узростам адбываюцца з чалавекам. Кранае пачуццё ўдзячнасці і святло, з якімі лірычны герой звяртаецца да каханай:

…Я хачу быць з табой у нялёгкім

                                     жыццёвым паходзе,

У вялікай сяўбе дзеля шчасця

                                         самотных людзей,

Слухаць голас жыцця, быць з прыродаю

                                                          ў згодзе,

Зведаць радасць і еднасць вялікіх

                                           супольных надзей.

У расповедах блізкіх людзей постаць даследчыка ўражвае шчырай рамантычнасцю, захопленасцю нацыянальнай культурай і гісторыяй, адкрытасцю свету і жыццю, гатоўнасцю да любой у добрым сэнсе прыгоды, прагнасцю спазнаваць і нешта для сябе адкрываць паўсюль і ва ўсім. Вось яны разам з дачкой назіраюць, як кружаць самалёты і выкідваюць «са свайго бруха парашутыстаў, аматараў экстрыму і вострых адчуванняў», і пры гэтым лічаць:

«— Глядзі. Першы раскрыўся!

— Зараз яшчэ адзін…

— Ой, ужо тры!»

А вось дзед з унукам бягуць навыперадкі ўздоўж басейна: хто хутчэй? Дзяніс Марціновіч распавядае: «У мяне нават не ўзнікала сумненняў ва ўласнай перамозе. Усё ж дзядулю на той час споўнілася 70 гадоў. Напачатку я лідзіраваў. Расслабіўся, але тут нечаканым рыўком ён абагнаў перад самым фінішам. Так я атрымаў прышчэпку ад самаўпэўненасці і падказку, што сітуацыю варта кантраляваць да канца. Узнікла павага да ўжо немаладога чалавека, які мае столькі жыццёвых і фізічных сіл».

Уражвае надзвычай і глыбіня асобы вучонага, якая выяўлялася не толькі ў яго навуковых тэорыях, доследах, ідэях, але і ў яго экзістэнцыі, «усведамленні свайго існавання і сябе». Так, дачка Таццяна распавядае на старонках раздзела аб пэўнай бацькавай схільнасці да містыкі — ён часам заўважаў супадзенні, імкнуўся зазірнуць у прыхаваны па-за вонкавым бокам рэчаў сэнс, хацеў спасцігнуць тое, што нясуць у сабе таямнічыя знакі. Пра гэта ж — у вершы Міхася Мушынскага пад назвай «Пагоня» (твор напісаны па-руску: «Погоня»), дзе пад імклівым бегам коней расчытваецца само жыццё:

Воет непогодь — вьюга.

В поле темень и жуть.

Неужели по кругу

Совершаю свой путь?

 

Мчитесь, верные кони.

Ты, седок, не страшись!

Видно, эта погоня

Будет длиться всю жизнь.

Адрасаваная адна з першых адзнак, якую атрымала выданне па выхадзе, была выказана Людмілай Сіньковай: «Успаміны — надзвычай складаны жанр. Вы абнавілі жанр — пасля такой кнігі выдаваць успаміны так, як было раней — палічыцца крокам назад…»

Падборам фота да выдання займалася Таццяна Мушынская. Многія з іх надрукаваны ўпершыню. Складальніца выказвае ўдзячнасць дызайнеру за афармленне кнігі і Інстытуту літаратуразнаўства за маральную і арганізацыйную падтрымку.

— Удзячная ўсім, хто дапамог з падрыхтоўкай кнігі, аўтарам успамінаў і артыкулаў. Пакуль працэс складання не завершаны, не заўсёды ведаеш, якім будзе вынік. Тут жа вынік атрымаўся лепшым, чым меркавала, — падзялілася Таццяна Мушынская. Выданне зацікавіць не толькі выкладчыкаў, студэнтаў, даследчыкаў, але і шырокае кола чытачоў.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.