Вы тут

Прыгажосць з нацыянальным адценнем


На Другім адкрытым конкурсе творчасці і прыгажосці «Грацыя Іnternatіonal», што прайшоў у Віцебску, свае нацыянальныя культуры прадставілі фіналісткі з 9 краін.


Студэнтка з Індыі Суямбу Кесеван Хема — «Міс Грацыя nternatіonal»-2021.

Дзівоснае было шоў! Канкурсанткі не толькі шпацыравалі па сцэне ў нацыянальным адзенні, але й частавалі гасцей нацыянальнымі стравамі. Прычым 18 сакавіка за фіналам конкурсу можна было сачыць у анлайн-фармаце па YouTube-канале. Каларытам свайго ўбрання і гарманічнасцю вобразу пакарыла журы дзяўчына з Індыі: Суямбу Кесеван Хема. Студэнтка-старшакурсніца з Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медуніверсітэта атрымала карону і тытул «Міс Грацыя Іnternatіonal».

Арганічна выглядала ў атмасферы творчага спаборніцтва Нтаголе Мугарука Люсі з Конга. Адметны ўбор студэнтцы Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава быў вельмі да твару, ён падкрэсліваў як прыгажосць дзяўчыны, так і яе характар. Мугарука Люсі не стамлялася прыязна ўсміхацца ў часе фотасесіі, потым на прэс-канферэнцыі, на сцэне, ды так абаяльна, што ўсім, падаецца мне, хацелася з ёй пасябраваць. І журы слушна прысудзіла дзяўчыне тытул «Міс Дружба».

Вікторыя Вараб’ёва з караваем.

Нельга было не заўважыць — у чырвоным уборы! — і туркменку Джэмал Юсупаву, студэнтку архітэктурнага факультэта БНТУ. Напярэдадні конкурсу мы страчаліся з Джэмал, і яна казала: нацыянальныя строі ў Туркменістане дзяўчаты, жанчыны й сёння носяць амаль штодзень, у школу ці на працу. Гэта звычайна сукенка, часцей чырвонага ці зялёнага колеру, з арнаментам. Хусткай галаву пакрываюць замужнія туркменкі, а дзяўчатам дазваляецца хадзіць з непакрытай галавой ці ў цюбецейцы: тах’і. Сваю сукенку Джэмал узяла, калі ехала ў Беларусь вучыцца: маці падказала, што можа спатрэбіцца, і не памылілася. А галаўны ўбор дзяўчыне давялося шукаць у Беларусі. Знайшла! Упрыгажэнні ў нацыянальным стылі былі й на шыі, руках. Эфектна, прыцягальна. Нездарма дзяўчыне прысудзілі званне «Міс фота». Прыгажуня-Джэмал яшчэ й разумніца: ведае некалькі моваў, акрамя туркменскай. На ўзбекскай навучыла яе размаўляць бабуля, бо ў яе сям’і былі ўзбекі. Турэцкую асвоіла з цёткай, якая працуе архітэктарам у турэцкай фірме. Рускую ўдасканаліла ў Беларусі, калі пачала займацца на архітэктурным факультэце. Паколькі ў яе групе вучыцца шмат беларусаў, то зацікавілася й беларускай мовай, ужо разумее яе й можа сёе-тое сказаць. Апошнім часам дзяўчына захапілася іспанскаю мовай.

Джэмал Юсупава частуе гасцей чаем.

На сваіх нацыянальных мовах канкурсанткі з Кітая, Узбекістана, Туркменістана, Азербайджана, Індыі, Шры-Ланкі, Беларусі, Конга, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі чыталі вершы, расказвалі гісторыі, легенды, прыпавесці. Да конкурсу дзяўчаты прыгатавалі нацыянальныя стравы. Тым, хто быў у журы, вельмі спадабаліся прысмакі ад Аіды Адалет Сулейманавай з Азербайджана, студэнткі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Яна і стала пераможцай у «кулінарнай» намінацыі. Канкурсанткі, дарэчы, дэманстравалі свае аратарскія здольнасці, быў творчы конкурс, дэфіле, быў і анлайн-конкурс групаў падтрымкі. Да таго ж прыгажуні добра пелі і танцавалі: была ў дзяўчат магчымасць і знешнюю прыгажосць паказаць, і ўнутраны свет прыадкрыць.

Першай віцэ-міс стала беларуска Вікторыя Вараб’ёва, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, другой віцэ-міс — дзяўчына з Кітая Го Мэн’яо, якая вучыцца ў Віцебскім дзяржуніверсітэце імя П. М. Машэрава.

Ганна ЛАГУН

Фота БелТА, Витебские Вести

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.