Вы тут

Банкі маюць салідны запас трываласці. Кіраўнік МАРГ паабяцаў, што дэфіцыту на прадукты харчавання не будзе


Адбылася сумесная прэс-канферэнцыя, на якой першымі спікерамі выступілі старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур і міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю нашай краіны Уладзімір Калтовіч. Наш карэспандэнт з першых вуснаў пачуў, што будзе з цэнамі і з фінансамі.


unsplash.com

Праблемныя актывы за ўсё — 5,2 % пры парозе — 10 %

На сустрэчы двух ведамстваў абмяркоўваліся актуальныя пытанні забеспячэння цэнавай і фінансавай стабільнасці нашай краіны. Павел Калаур адзначыў, што ў Беларусі забяспечваецца ўстойлівая работа банкаўскага сектара. Ён, у прыватнасці, падкрэсліў, што раней сфарміраваны запас трываласці дазволіў банкам абсарбаваць шокі, з якімі яны сутыкнуліся ў мінулым і ў гэтым годзе, і аказаць неабходную падтрымку эканоміцы. Пры гэтым, нягледзячы на зніжэнне асобных фінансавых паказчыкаў, перш за ўсё з прычыны рэалізацыі крэдытнай рызыкі, забяспечваецца ўстойлівая работа банкаўскага сектара. «Паказчыкі фінансавай стабільнасці знаходзяцца ў прымальным дыяпазоне», — адзначыў кіраўнік Нацбанка.

Паводле яго слоў, доля неабслугоўваемых актываў у актывах, схільных да крэдытнай рызыкі, на 1 красавіка склала 5,2 % пры парогавым дапушчальным значэнні 10 %.

Як адзначыў Павел Калаур, нягледзячы на складанасці мінулага года, нацыянальная эканоміка не назапасіла дысбалансы, якія выклікалі б у спецыялістаў павышаную занепакоенасць. «Але аперацыйнае асяроддзе пад уздзеяннем неспрыяльных фактараў, якія былі сфарміраваныя раней, і новых выклікаў застаецца складанай і валацільнай».

Па выніках 2020 года сальда бягучага рахунку плацежнага балансу краіны склала мінус 0,2 млрд долараў, палепшылася адносна 2019 года на

1 млрд долараў. Станоўчая дынаміка па бягучым рахунку сфарміравалася перш за ўсё за кошт знешнегандлёвай дзейнасці. «Прафіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі за мінулы год склаў

1,9 млрд долараў. За першыя два месяцы гэтага года сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі склалася на ўзроўні плюс 756 млн долараў. Эканоміка дэманструе невялікі рост — 0,8 % за студзень-люты», — паведаміў Павел Калаур.

З улікам выканання знешніх і ўнутраных абавязацельстваў золатавалютныя рэзервы склалі на 1 красавіка 6,9 млрд долараў. «На канец года, з улікам прагназуемых паступленняў і выплат, паводле нашых ацэнак, яны складуць больш за 6 млрд долараў. Гэта будзе пакрываць каля двух месяцаў імпарту тавараў і паслуг», — сказаў Павел Калаур.

І яшчэ. Каментуючы працэнтную палітыку Нацбанка, ён паведаміў, што рэгулятар не з'яўляецца прыхільнікам рэзкіх рухаў ва ўмовах высокай нявызначанасці.

«На першы погляд, усё вельмі проста: вырасла інфляцыя — трэба павышаць стаўку рэфінансавання. Я не прыхільнік таго, каб ствараць пікі: бачым паскарэнне інфляцыі і хутка павышаем стаўку рэфінансавання. Трэба паглядзець прыроду інфляцыйных фактараў: яны часовыя або пастаянныя, манетарныя ці не, сітуацыя вельмі неадназначная», — дадаў Павел Калаур.

Захоўваць грошы ў банках і пажадана ў рублях

На дэпазітным рынку з пачатку года адзначаецца невялікі прыток рублёвых укладаў насельніцтва. Дынаміка валютных укладаў пакуль застаецца адмоўнай.

«Аднак варта разумець, што задача па аднаўленні ашчаднага працэсу не можа быць вырашана за адзін раз, гэта патрабуе цярпення і часу», — сказаў Павел Калаур. Па гэтай тэме кіраўнік Нацбанка распавёў аб сваёй асабістай стратэгіі зберажэнняў. Ён заявіў, што захоўвае ўсе назапашванні ў беларускіх рублях.

— Ну, вядома, у беларускіх рублях. І толькі ў беларускіх рублях, — адзначыў Павел Уладзіміравіч. — Гэта безадзыўныя дэпазіты на тэрмін не менш за 13 месяцаў у нацыянальнай валюце. Дык вось, за апошнія пяць гадоў даходнасць захоўвання ў беларускіх рублях была вышэйшай на 70 %, чым даходнасць у валюце. Так, за апошнія два гады даходнасць мая была ніжэйшай, чым у тых, хто зберагае грошы на ўкладах у замежнай валюце. Але ў мяне няма сумневаў, што ў доўгатэрміновай перспектыве, напрыклад, найбліжэйшыя пяць гадоў, даходнасць у нацыянальнай валюце будзе ўсё роўна вышэйшай, чым у замежнай.

Старшыня праўлення Нацбанка расказаў таксама аб сітуацыі на валютным рынку. Паводле яго слоў, попыт на валюту ўмераны. Суб'екты гаспадарання і насельніцтва па-ранейшаму выступаюць чыстымі пакупнікамі валюты. Пры гэтым назіраецца зніжэнне чыстай куплі замежнай валюты менавіта фізічнымі асобамі.

Узровень цэн на 55 % тавараў у краіне кантралюецца дзяржавай

Пра гэта заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч. Па словах кіраўніка ведамства, перад уладамі на бягучы момант стаяць задачы па забеспячэнні параметраў інфляцыі і стабільнасці работы таварнага рынку. Інфляцыя цяпер знаходзіцца на ўзроўні вышэйшым за прагноз. У гадавым выяўленні індэкс спажывецкіх цэн склаў 108,5 %. Што датычыцца індэкса спажывецкіх цэн на сацыяльна значныя тавары, гэты паказчык складае 7,1 %. «Намі былі прыняты некаторыя рашэнні, якія спрыялі зніжэнню інфляцыі. Мы ацэньваем гэты эфект як мінус 0,8 працэнтных пункта», — сказаў Уладзімір Калтовіч.

У ліку прынятых мер — пастановы МАРГ «Аб рэгуляванні цэн на сацыяльна значныя тавары» і пастанова Савета Міністраў № 100 ад 23 лютага «Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці».

«Пастанова Саўміна фактычна замарозіла цэны на асноўныя харчовыя тавары першай неабходнасці.

У любога дзеяння ёсць плюсы і мінусы, але мы лічым, што гэта ўсвядомленая неабходнасць, якая носіць часовы характар», — адзначыў міністр.

«Мы рэгулюем сёння 55 % усіх спажывецкіх цэн. Гэта часовы парадак дня, мэта якога — зніжэнне інфляцыйнага ўсплёску, звязанага з увядзеннем ПДВ, ростам сусветных цэн на прадукты харчавання і сыравіну. Гэта тонкая работа, паколькі мы павінны вырашыць трыадзіную задачу: забяспечыць фінансавую стабільнасць прадпрыемстваў (вытворцаў, гандлю, імпарцёраў), наяўнасць тавараў шырокага асартыменту на паліцах і не пагоршыць сітуацыю з плацяжамі за пастаўленыя тавары», — звярнуў увагу Уладзімір Калтовіч.

У якасці прыкладу кіраўнік МАРГ прывёў сітуацыю з коштам сланечнікавага алею: за апошнія некалькі месяцаў сусветныя цэны на гэты прадукт выраслі на 6—25 %. З улікам гэтага індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы ў Беларусі атрымалі дазвол павялічыць кошт алею да 15 % да 30 красавіка.

Падобная сітуацыя назіраецца сёння з бананамі, якія да нас прыбываюць з-за мяжы. Цэны на іх значна падняліся. Усё таму, што ў мінулым годзе іх няма каму было збіраць з-за пандэміі. На гэты прадукт таксама прыйдзецца дазволіць падняць цэны, інакш у нас яго проста наогул не будзе.

— Летась быў скандал з-за павышэння цэн на імбір. У Беларусі два пастаўшчыкі — Іспанія і Турцыя. Першая закрыла пастаўкі, Турцыя на гэтым фоне павялічыла цэны ўдвая. Вось і ўсё. Мы не можам быць убаку ад сусветных працэсаў, — растлумачыў Уладзімір Калтовіч. Па словах кіраўніка МАРГ, ведамства пастаянна адсочвае ўзровень цэн на сацыяльна значныя тавары, і, па даных за люты 2021 года, назіраецца зніжэнне на 0,1 %.

— Дэфіцыту тавараў у Беларусі няма. У нас адсутнічае інфармацыя аб гэтым. Два-тры званкі на тыдзень на тэму, калі нейкай пазіцыі не хапае, а раней было 300. Меры, якія былі прыняты, зрабілі сітуацыю адкрытай, — выказаўся кіраўнік гандлёвага ведамства аб запоўненасці прылаўкаў.

Нагадаем, рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары было ўведзена ў першым квартале 2021 года тэрмінам на 90 дзён, а пазней яго працягнулі да 29 чэрвеня. Рост цэн пры гэтым у бягучым годзе не павінен перавышаць паказчык у 4,9 %. Сярод тавараў, якія ўвайшлі ў пералік і падлягаюць рэгуляванню, лічацца рыба свежамарожаная, мяса, малако і малочныя прадукты, крупы, цукар, маргарын, два віды каўбасы, папяровыя сурвэткі і іншыя тавары паўсядзённага попыту.

Развіццё фінансавага рынку

У цэлым фінансавы сектар, у тым ліку плацежная сістэма, функцыянуе належным чынам. Вядзецца работа па далейшым развіцці фінансавага рынку і ўдасканаленні дзейнасці Нацбанка. «У мэтах павышэння якасці і даступнасці банкаўскіх паслуг, сацыяльнай абароненасці нашых грамадзян распрацаваны праект указа аб бягучым банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання, які ў цяперашні час вынесены на грамадскае абмеркаванне», — адзначыў старшыня праўлення Нацбанка.

Акрамя таго, вядзецца работа па заканадаўчым замацаванні падыходаў і механізмаў па абароне правоў спажыўцоў фінансавых паслуг. У завяршальнай стадыі ўзгаднення знаходзіцца праект закона «Аб аплатных сістэмах і аплатных паслугах». На думку Паўла Калаура, яго прыняцце надасць новы імпульс развіццю плацежнага рынку, дасць магчымасць прыцягваць на яго нябанкаўскія арганізацыі, будзе садзейнічаць зніжэнню выдаткаў, стварэнню новых працоўных месцаў і абароне правоў спажыўцоў плацежных паслуг.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.