Вы тут

Рабіндранат Тагор: Беларускі штрышок


7 мая 2021 года — вялікая падзея ў календары сусветнай літаратуры: 160 гадоў з дня нараджэння класіка індыйскага прыгожага пісьменства, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Рабіндраната ТАГОРА.


Менавіта яго творчасць сфарміравала літаратуру і музыку Бенгаліі. І сёння, відавочна, ён адзін з пашанотных пісьменнікаў, дзеячаў культуры і ў Індыі, і ў Бангладэш. Тагор — першы сярод нееўрапейцаў, каму была ўручана Нобелеўская прэмія па літаратуры.

Ёсць свая повязь у творчасці Тагора і з Беларуссю. У нашай нацыянальнай прасторы творчасць класіка індыйскай, бенгальскай літаратуры вядома з пачатку XX стагоддзя. Рэцэнзію на славуты зборнік лаўрэата Нобелеўскай прэміі «Гітанджалі» напісаў Максім Багдановіч. На беларускую мову творы Рабіндраната Тагора перакладалі народны песняр Беларусі Якуб Колас, Сяргей Грахоўскі, Янка Сіпакоў, Алесь Разанаў, Язэп Семяжон, Аркадзь Мардвілка. Заходнебеларускі літаратар, філосаф Ігнат Абдзіраловіч напісаў верш «Па слядах Рабіндраната Тагора». Беларускі мастак Віктар Маркавец стварыў вершаваны цыкл «На матывы Рабіндраната Тагора». Прывітальны верш на прыезд індыйскага пісьменніка ў СССР напісаў Язэп Пушча. Нарыс пра Рабіндраната Тагора напісаў народны пісьменнік Беларусі Міхась Лынькоў. Бюст Тагора стварыў народны мастак СССР Заір Азгур (1956 год).

Ёсць яшчэ адзін цікавы штрышок, які пашырае тэму «Рабіндранат Тагор і Беларусь»... Малавядомы штрышок. У 1960 годзе партрэт класіка індыйскай літаратуры намаляваў юны творца Сяргей Панізнік, на той час — навучэнец Магілёўскага медыцынскага вучылішча. Вось што расказвае сам Сяргей Сцяпанавіч, які зараз жыве ў Канадзе: «... У медвучылішчы нас навучалі не толькі пісаць рэцэпты, пазначаць на алціне дозы, дыягназы... Працавалі гурткі: тэатральны, мастацкі... У будынку знакамітага тэатра нас доказна натхнялі на сур’ёзную творчую працу. І з таго часу засталіся ў маім архіве каляровыя і чорна-белыя малюнкі на тэмы: Гіпакрат, Амар Хаям, Авіцэна, Дарвін, Ленін (і чорна-белы, і ў колеры), Пушкін, „Майская навальніца“, „Сярэдняя Азія“, „Багдад“, Абу Алі Хусейн Ібн Абдалах, Эрынія, Роберт Бёрнс, Чэхаў, Рабіндранат Тагор, Густаў Флабэр... Тэмы нам прапаноўвалі і абмяркоўвалі кіраўнікі нашых гурткоў...»

Нагадаем, што ў Беларусі пабачылі свет наступныя кнігі Рабіндраната Тагора — «Садоўнік» (1927), «Крушэнне» (1958), «Выбранае» (1976), «Гітанджалі. Ахвярныя песнаспевы» (2018). Зусім нядаўна ў Мінску двума выданнямі пабачыла свет анталогія аднаго верша Рабіндраната Тагора «Залатая мая Бенгалія» (твор з’яўляецца гімнам Бангладэш) у перакладзе на 50 моў народаў свету.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.