Вы тут

«Дзікае паляванне» вяртаецца


У Вялікім тэатры Беларусі свята — вяртаецца спектакль, створаны па цудоўным творы Уладзіміра Караткевіча. Праўда, сучасная пастаноўка оперы Уладзіміра Солтана не будзе дубліраваць той славуты спектакль, якія збіраў поўныя залы ў 1980-1990-ых гадах. Гэта будзе зусім іншая работа, але калектыў спадзяецца, што новая прэм’ера таксама стане значнай падзеяй ў тэатральным жыцці.


bolshoibelarus.by

Прэм’ерай «Дзікага палявання караля Стаха» будзе закрывацца гэты тэатральны год, і дадзенай пастаноўкай 8–9 верасня распачнецца новы, 89-сезон.

Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Вячаслаў Гарбузаў прызнаўся, што пастановачная группа старалася рабіць усё магчымае для таго, каб гледачы, якія будуць прысутнічаць на спектаклі, маглі акунуцца ў атмасферу, перададзеную ў творы Караткевіча, які даволі складаны для ўспрыняцця, прымушае задумацца, пераасэнсаваць у тым ліку і ўласныя думкі і ўчынкі. 

Сучасная публіка зможа пачуць музык, якой не было ў першай пастаноўцы.

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэм'еры. Фота bolshoibelarus.by

— Вялікі гонар для любога рэжысёра, датыкнуцца да такой манументальнай цудоўнай работы, бо партытура Уладзіміра Солтана — гэта сапраўды шэдэур. Мы павінны ганарыцца тым, што ў нашай краіне жыў такі вялікі кампазітар, — заўважыў рэжысёр—пастаноўўшчык Андрэй Іваноў.

З самага пачатку было вырашана, што ў новай пастаноўцы будзе максімальна выкарыстаны ўвесь музыкальны матэрыял, які быў напісаны кампазітарам. Справа ў тым, што ў выніку падрыхтоўкі да прэм’еры першага спектакля, якая адбылася ў 1989 годзе, партытура была страчана, яна аднаўлялася па аркестровых галасах. Гэта работа была зроблена ў вельмі сціслыя тэрміны і туды, на жаль, не ўвайшлі многія закупюраныя фрагменты. Так, у новым спектаклі можна будзе пачуць чатыры арыі, якія раней не гучалі. У выніку работы з архівам Валянціны Мікалаеўны Солтан, якая прадаставіла яго для вывучэння, былі знойдзены музычныя творы, якія былі датаваныя 1987 годам, адпаведна, напісаныя яшчэ да першай прэм’еры. І каб захаваць гэтыя здабыткі і данесці іх да музыкальнай грамадскасці, якая пра іх раней не ведала, музыку дадалі ў спектакль. Гэта песня Рыгора ў суправаджэнні аркестра, маналог Беларэцкага, які па сутнасці зусім з іншага боку раскрывае персанаж, прычым робіць яго найбольш блізкім як пры прачытанні Караткевіча. Падчас гэтага маналога мы разумеем, што Беларэцкі — жывы чалавек, які адчувае страхі і эмоцыі, як і ўсе іншыя. Але нягледзячы на ўсе жахі і тую чартаўшчыну, што навокал адбываецца, ён вырашае, што не можа пакінуць у бядзе бедную дзяўчыну і гатовы нават ахвяраваць сабой, каб разабрацца ў гэтай гісторыі. Таксама прагучыць арыя Яноўскай у невядомым раней шырокай публіцы варыянце. Гэта больш развёрнуты маналог з рознымі раздзеламі, які дазволіць па-новаму паглядзець на дзявочы вобраз. Таксама прагучыць арыя Свеціловіча, які ў Караткевіча вымаляваны ў светлых фарбах, гераічным і валевым, і музыка дазволіць больш поўна адлюстраваць унутраны свет персанажа. 

Рэжысёр-пастаноўшчык Ганна Маторная. Фота bolshoibelarus.by

Таксама ў першай і другіх дзеях будуць адкрывацца новыя фрагменты. Каб захаваць максімальна спадчыну Солтана, тэатрам была зроблена вялікая работа па наборы рукапіснага клавіра кампазітара, па камп’ютарным наборы ўсёй партытуры (чаго раней не было) і ўсіх аркестровых галасоў.

Па-новаму загучыць музычная пастаноўка. Так, у пачатку другой карціны, аўтарскай рукой кампазітара ў клавіры пазначана, што першае сола павінна выконваць жалейка. Каб мастацкая задума Солтана была рэалізавана, спецыяльна для спектакля быў зроблены інструмент.

Вялікая ўвага надаецца ў спектаклі і тэме палявання. Для пастаноўкі майстар Алесь Лось вырабіў сурмы — вялікія доўгія трубы. А таксама будуць выкарыстаны трубы, якія былі задзейнічаны ў першай пастаноўцы. У выніку гукавая партытура будзе ўпрыгожана такімі не характэрнымі для класічнага аркестра гукамі, якія недзе будуць пужаць, здзіўляць, паглыбляць у таямнічую атмасферу.

Эскізы касцюмаў да спектакля. Фота bolshoibelarus.by

У спектаклі працуе цудоўны састаў артыстаў вакалістаў, збалансаваны з улікам удзелународных заслужаных дзеячоў і творчай моладзі. На кожную партыю ёсць тры састава.

— Мы ўсе адчуваем, што робім вельмі важную цікавую для нас справу. Па рабоце аркестра, салістаў, хора можна казаць, што гэта глыбока эмацыянальная, асабістая і перажытая работа, з думкамі пра аўтара, які нядаўна нас пакінуў. Сыны кампазітара працавалі ў нашым калектыве, многія музыканты іх ведаюць, мы сябруем і ёсць адчуванне, што гэта наша агульная работа і мы хочам, каб спектакль прагучаў і заняў годнае месца ў афішы тэатра, з’яўляўся ўпрыгажэннем рэпертуара, — падзяліўся Андрэй Іваноў.

Эскіз дэкарацый да спектакля. Фота bolshoibelarus.by

Рэжысёр-пастаноўшчык Ганна Маторная заўважыла, што «Дзікае паляванне караля Стаха» — гэта матэрыял, які дазваляе спалучыць ідэі вельмі многіх таленавітых людзей: «Караткевіч стварыў твор, якія дазволіў, як мне падаецца, вывесці беларускую літаратуру і культуру ў зусім іншую прастору. Ён разбурае тое, што не дазаваляе чалавеку рухацца наперад, сцірае страхі і дазваляе ўсім нам наблізіцца да нечага вельмі важнага, усведамлення сябе, атмасферы, у якой жывем. Кожны дзень мы сутыкаемся з подласцю і радасцю, людзьмі, якія нас ненавідзяць, і якія нас любяць. І ў гэтай барацьбе з’яўляецца магчымасць каваць свой характар. Важна знайсці тут тонкую нітачку, якая можа аб’яднаць людзей».

«Дзікае палявання караля Стаха» — спектакль, на які трэба хадзіць не адзін раз. Ён глубока інфармацыйны, насычаны дэталямі, якія знаёмяць з гісторыяй і культурай Беларусі. Элементы слуцкіх паясоў, арнаментаў з беларускіх ікон, адсылы да архітэктурнай спадчыны, вобразы шляхты і простых сялян, чалавечыя характары — усё гэта прымусіць гледача задумацца пра тое, хто ён такі, якая гісторыя яго народа.

Фота bolshoibelarus.by

«Для мяне галоўнае ў гэтым спектаклі — думка. Тут столькі важных для краіны, для беларусаў рэчаў, што, напэўна, не ўсё мы адразу можам ухапіць і ўсвядоміць, — заўважыла хормэйстар-пастаноўшчык Ніна Ламановіч.— І для мяне галоўныя словы ў гэтым спектаклі: ”Хочам гнёзды віці на сваёй зямліцы. Хочам воду піці з роднае крыніцы”. Калі іх чую, у мяне наварочваюцца слёзы, настолькі гэта роднае, беларускае».

«Я шукала ключы да матэрыялу і ў той момант, калі здавалася, што ўсё зразумела, усе ключы не падышлі. Але мне дапамог Караткевіч, я перачытвала некалькі разоў яго кнігу і партытура пачала адкрывацца. Дапамагала і сумесная вялікая праца з мастаком, дырыжорам, мы вывучалі культуру, літаральна ўспахвалі гэту ніву. І галоўнае — гэта любоў да сваёй зямлі, — дзеліцца Ганна Маторная. — Мы хацім, каб дзякуючы спектаклю людзі разумелі, што ў Беларусі ёсць выдатныя абрады, цудоўныя жывыя людзі, што тут была багатая гісторыя з магутнымі ідэямі, канцэптамі».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.