Вы тут

Выслухаць і дапамагчы кожнаму


Савет Рэспублікі правёў у сталіцы адзіны дзень асабістага прыёму грамадзян. Падчас яго сенатарам паступіла больш за 300 зваротаў — як ад мінчан, так і ад жыхароў іншых рэгіёнаў краіны. Абсалютная большасць — 196 пытанняў — адрасаваліся спікеру верхняй палаты парламента Наталлі КАЧАНАВАЙ (аб яе прыёме «Звязда» пісала раней). Аднак было нямала і тых, хто скарыстаўся сваім правам задаць пытанне старшыням Пастаянных камісій Савета Рэспублікі і іх намеснікам, якія правялі прыёмы грамадзян ва ўсіх адміністрацыях сталіцы.


Так, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Анатоль ІСАЧАНКА правёў прыём у адміністрацыі Ленінскага раёна. Усяго сенатар разгледзеў больш як 20 зваротаў.

— У Мінскай вобласці больш зваротаў датычылася зямельных пытанняў і будаўніцтва жылля, рамонту пад’язных шляхоў, дачных кааператываў, а ў Мінску ў асноўным — кватэрных: арэнды жылля, добраўпарадкавання пад’ездаў, а таксама адносін паміж жыхарамі.

Напрыклад, да Анатоля Ісачанкі звярнуліся жыхары шматкватэрнага дома № 21 па вуліцы Козыраўскай Наталля Сідарэнка і Уладзімір Мялько. Паміж імі і іх суседам завязалася спрэчка. Справа аказалася банальная: сусед робіць у сваёй кватэры капітальны рамонт і такім чынам стварае нязручнасці іншым. Наталля і Уладзімір палічылі гэтыя дзеянні неправамернымі і папрасілі разабрацца. Для вырашэння пытання па даручэнні намесніка Старшыні Савета Рэспублікі на месца ў хуткім часе выедзе камісія, якая падрабязна вывучыць праблему і падрыхтуе адпаведнае заключэнне.

Пытанні, з якімі прыходзілі грамадзяне да Анатоля Ісачанкі, былі рознабаковыя. Яны датычыліся аплаты жыллёва-камунальных паслуг, садзейнічання ва ўстанаўленні групы інваліднасці, дапамогі ў пошуку работы і іншага. Цікавіліся і тым, якія мерапрыемствы рэалізоўваюцца дзяржавай у Год народнага адзінства, а таксама як плануецца захоўваць гістарычную памяць пра гераічнае мінулае беларускага народа.

На прыём да сенатара прыходзілі з заканадаўчымі ініцыятывамі. Анатоль Ісачанка заўважыў: «Неабыякавыя грамадзяне ўносяць свае прапановы па паляпшэнні дзеючага заканадаўства, і гэта мы выкарыстоўваем у нашай рабоце. Такое ўзаемадзеянне дазваляе хутка вырашаць грамадска значныя пытанні. Сказаць, што ўсё можна вырашыць адразу, напэўна, няправільна. Аднак кожнага, хто да нас прыходзіць, імкнёмся выслухаць і яму дапамагчы».

Адказвалі і вырашалі хвалюючыя пытанні грамадзян сенатары ва ўсіх раённых адміністрацыях сталіцы.

Напрыклад, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, культуры, навуцы і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ правёў асабісты прыём грамадзян у Савецкім раёне. Да сенатара звярнуліся з пытаннямі наконт сацыяльнага забеспячэння, аховы здароўя, землекарыстання, работы транспарту, стварэння безбар’ернага асяроддзя і іншага. Усяго да парламентарыя звярнулася 12 чалавек.

На асобныя звароты старшыня Пастаяннай камісіі даў тлумачэнні падчас прыёму; пытанні, якія патрабуюць дадатковага вывучэння, узяў на кантроль.

Віктар Лісковіч адзначыў, што для вырашэння актуальных праблем грамадзян парламентарыі плануюць і ў далейшым праводзіць сустрэчы з насельніцтвам у фармаце адзінага дня прыёму.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл РУСЫ адзіны дзень прыёму грамадзян правёў у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска. Асноўныя тэмы, што хвалююць людзей, — паляпшэнне жыллёвых умоў, добраўпарадкаванне тэрыторый, грамадскі парадак, экалогія.

Трэба сказаць, што па многіх пытаннях, якія прагучалі падчас прыёму, парламентарыем былі дадзены неабходныя тлумачэнні. Шэраг тэм узяты на кантроль.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ сустрэўся з заяўнікамі ў Заводскім раёне сталіцы.

Жыхары Мінска звярталіся да сенатара па пытаннях, што датычацца ўдасканалення заканадаўства, пенсійнага забеспячэння, землекарыстання, паляпшэння жыллёвых умоў, забеспячэння правапарадку і іншых. Усяго на прыём да парламентарыя прыйшлі 10 чалавек.

На асобныя звароты Сяргей Сівец даў тлумачэнні падчас прыёму, а тыя пытанні, што патрабуюць дадатковага вывучэння, знаходзяцца на кантролі.

Падводзячы вынікі асабістага прыёму, сенатар адзначыў, што ў Савеце Рэспублікі рабоце са зваротамі грамадзян аддаецца вялікая ўвага. Фармат адзінага дня прыёму добра сябе зарэкамендаваў. Падобныя сустрэчы ўжо прайшлі ў Мінскім раёне і Віцебскай вобласці. Таксама Сяргей Сівец (як член Савета Рэспублікі ад горада Мінска) звярнуў увагу на тое, што кіраўніцтва Заводскага раёна заўсёды аператыўна рэагуе на праблемы грамадзян. У прыватнасці, у гэты дзень на прыём звярнулася жыхарка дадзенага раёна па пытанні прыборкі прыдамовай тэрыторыі пасля капітальнага рамонту дома. Кіраўнікі раёна ўжо арганізавалі работу па добраўпарадкаванні тэрыторыі і паабяцалі завяршыць яе як мага хутчэй.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар ЧАЙЧЫЦ свой асабісты прыём грамадзян правёў у Цэнтральным раёне сталіцы.

Парламентарый расказаў, што людзі звяртаюцца з самымі рознымі пытаннямі — юрыдычнымі і бытавымі — адным словам, з жыццёвымі праблемамі. Паступілі звароты з прапановамі аб змяненні заканадаўства. Усім растлумачаны механізм вырашэння пытанняў. У выпадках, калі патрабуецца дадатковае вывучэнне вялікай колькасці дакументаў, заяўнікі былі накіраваныя да канкрэтных спецыялістаў.

Некаторыя грамадзяне прыходзілі да парламентарыя са словамі падзякі. Напрыклад, Фрыда Лосева падзякавала Віктару Чайчыцу за раней аказаную дапамогу ў вырашэнні пытання, звязанага з атрыманнем кампенсацыі вязням фашысцкага гета, і ўручыла кнігі пра генацыд супраць беларускага народа, выдадзеныя на многіх мовах свету і апублікаваныя ў розных краінах.

Грамадзяне звярнуліся таксама з ініцыятывай аб ахове і навядзенні грамадскага парадку. Так, жыхары вуліцы Камсамольскай заявілі, што гатовыя аказваць садзейнічанне «Зелянбуду» ў захаванні дрэў, і ўнеслі прапанову аб арганізацыі грамадскага парадку з улікам вялікай колькасці пунктаў грамадскага харчавання на гэтай вуліцы.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, намеснік начальніка каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Марына ІЛЬІНА правяла выязны асабісты прыём грамадзян у адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска.

Людзей хвалявалі пытанні дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі і паляпшэння жыллёвых умоў, землекарыстання і адукацыі. Таксама былі ўнесены прапановы па змяненні заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Падчас прыёму парламентарыем дадзены неабходныя тлумачэнні, шэраг пытанняў узяты на кантроль.

Вольга АНУФРЫЕВА,

Дар’я ШЛАПАКОВА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.