Вы тут

Творчая форма


Прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і камерцыйнага выдавецтва «Чатыры чвэрці» 19 жніўня правялі сумесную прэс-канферэнцыю, прысвечаную пытанням арганізацыі Дня беларускага пісьменства. На сустрэчы, што праходзіла ў Прэс-цэнтры Дома прэсы, анансавалі некаторыя з тых забаўляльных актыўнасцей і мерапрыемстваў, якія рыхтуюцца да правядзення ў межах секцыі «Слова пісьменніка» на свяце ў Капылі 4—5 верасня.


Удзельнікамі канферэнцыі сталі першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, старшыня магілёўскага прадстаўніцтва СПБ Алесь Казека, пісьменнік, член СПБ Валерый Чудаў, намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Чатыры чвэрці» Жанна Клімянок, а таксама пісьменнік Сяргей Трахімёнак. Суразмоўцы неаднаразова падкрэслілі асаблівую важнасць правядзення такога вялікага свята ў Год народнага адзінства, неабходнасць захавання традыцыі.

На пачатку сустрэчы Алена Стэльмах павіншавала сваіх калег з хуткім надыходам восені, а таксама растлумачыла, чаму сёлетні Дзень пісьменства праводзіцца ў Капылі. «Чым багатая Капыльская зямля? — пачала Алена Анатольеўна. — Алесь Адамовіч, Сцяпан Александровіч, Анатоль Астрэйка, Цішка Гартны — далёка няпоўны спіс імён, звязаных з гэтымі мясцінамі». Менавіта дзеля ўшанавання памяці літаратараў ураджэнцаў Капыльшчыны горад і быў абраны для правядзення свята ў 2021 годзе.

Намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Чатыры чвэрці» Жанна Клімянок прадставіла на прэс-канферэнцыі некаторыя з прыкметных кніжных выданняў, падрыхтаваных установай за гэты год. Сярод такіх называюцца, напрыклад, зборнік празаічных элегій Васіля Зуёнка «Паўстанак з літары “Л”» і зборнік сатырычных твораў Міхася Слівы «Кума з Аўстрыі». Пастаянныя чытачы нашай газеты павінны ведаць, што і «ЛіМ» таксама не абмінуў увагай прыведзеныя кнігі, водгукі на іх выходзілі ў мінулых нумарах.

Акрамя астатніх, былі прэзентаваны і тры навінкі — раман «Парыж, Эйфелева вежа і…» Віктара Праўдзіна, раманы «Когда хвост виляет собакой» і «Нобелиат» Сяргея Трахімёнка. Апошнія два творы прадставіў сам аўтар. Затым Валерый Чудаў, пісьменнік, які актыўна працуе на ніве дзіцячай і падлеткавай літаратуры, узяўшы слова, прэзентаваў некаторыя свае кнігі, у тым ліку гістарычныя «Честь превыше смерти», «Наше славное былое», асобныя часткі з серыі «Имя в истории Беларуси».

Усе пералічаныя выданні можна будзе пабачыць на прэзентацыйных стэндах у секцыі «Слова пісьменніка». Уласна, самі пісьменнікі, якія возьмуць удзел у мерапрыемстве (іх колькасць перавышае сотню чалавек), паводле выразу Алены Стэльмах, набылі цяпер «творчую форму» і актыўна рыхтуюцца да свята. Усё ж такі на ім маюць адбыцца публічныя чытанні, літаратурна-гістарычныя віктарыны, кніжныя прэзентацыі і аўтограф-сесіі…

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.