Вы тут

Лукашэнка: Калі на афганскай «скрыпцы» кожны будзе іграць па-свойму, быць бядзе


Па паведамленні Тэлеграм-канала «Пул Першага» раніцай Аляксандр Лукашэнка правёў некалькі тэлефонных размоў: з Прэзідэнтамі Таджыкістана, Расіі і Узбекістана. Асноўная тэма кансультацый напярэдадні пасяджэння АДКБ — сітуацыя ў Афганістане. Таму сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана ў Беларусі кіраўнік краіны пачаў з гэтай рэмаркі.


«Паўгадзіны ён (Эмамалі Рахмон, Прэзідэнт Таджыкістана. — „Зв.“) мне, як бліжэйшы сябар, расказваў пра сітуацыю, што складваецца ў Афганістане. Адзначу вельмі шмат новай інфармацыі, якая ў СМІ не чутна і не бачна. Вельмі сур’ёзная, напружаная там сітуацыя. Я яму ўдзячны, што ён шчыра мне расказаў усё, што там адбываецца», — пачаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў важнасць узаемадзеяння з Таджыкістанам па афганскім пытанні, бо краіна мае амаль 1400 кіламетраў мяжы з гэтай краінай. 

«Мяжу неабходна ўзмацняць. Яна складаная і ў Савецкія часы была складанай. Сёння гэта ўсё лягло на плечы таджыкскага народа. Абараніць граніцу людзей у вас дастаткова. Неабходны сучасныя сродкі ўзбраення», — сказаў Прэзідэнт.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, з таджыкістанскім калегам таксама ён абмеркаваў выпрацоўку агульнай пазіцыі ў АДКБ і ШАС па Афганістане. Саміт кіраўнікоў краін-членаў АДКБ пройдзе 16 верасня ў Душанбэ, а на 16 і 17 верасня запланавана і сустрэча членаў ШАС.

«Усё гэта мы паклалі на плечы Эмамалі Шарыпавіча падчас сустрэчы ў Душанбэ ў сярэдзіне месяца. Я добра ведаю, што адбываецца ў Таджыкістане і часткова ў Афганістане. Магчыма, вы нешта дадаткова скажыце. Для мяне гэта сустрэча вельмі важная напярэдадні візіта ў Таджыкістан, бо вы валодаеце большай інфармацыяй, чым астатнія краіны свету», — мяркуе кіраўнік краіны.

На яго думку, Таджыкістан мае больш інфармацыі па сітуацыі ў Афганістане, чым ЗША, ваенныя якой там зараз прысутнічаюць.

«Эмамалі Шарыпавіч нас дзесяцігоддзямі папярэджваў пра надзвычайна небяспечнае развіццё сітуацыі ў Афганістане. Мы гэта слухалі, разумелі, але ў свеце ўсюды няпроста, таму ўспрымалі як шараговую падзею. А наколькі Эмамалі Шарыпавіч аказаўся правы. Я з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным сёння размаўляў. Хачу яшчэ пагаварыць з Шаўкатам Мірзіёевым пра падзеі ў тым рэгіёне, каб мець дакладную карціну перад пасяджэннем АДКБ», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго, усе суразмоўцы пагадзіліся з прапановай правесці кансультацыі па Афганістану па лініі АДКБ-ШАС і паглядзець, якую пазіцыю зойме па тэме ШАС.

«Калі пазіцыя ШАС і АДКБ будзе кансалідаванай, то мы з гэтай сітуацыяй справімся. Дапаможам і афганскаму народу пераадолець гэтыя складанасці. Калі на афганскай „скрыпцы“ кожны будзе іграць па-свойму, быць бядзе. Гэта няпросты рэгіён. І пытанне не толькі ў Афганістане, няпростая сітуацыя і ў суседніх краінах, на Бліжэйшым Усходзе. Радыкалізм сёння, на жаль, мае і аб’ектыўныя асновы і прычыны для такіх паводзін», — канстатуе Прэзідэнт Беларусі.

Ён упэўнены, што нагоды для радыкалізму — умяшанне вядучых заходніх краін у гэтыя раёны, стварэнне там больш горшай сітуацыі, чым была.

«І зразумела. Яны парадзілі большы радыкалізм. Хто ў гэтым вінаваты? Яны і вінаватыя. Часткова і мы. Бо мы сядзелі і думалі, што нас гэта не датычыцца і не будзе датычыцца. Але не — усё датычыцца», — сказаў Прэзідэнт.

Таксама ад пасла ён пачуў ацэнкі па сітуацыі ў Цэнтральна-азіяцкім рэгіёне, у былых постсавецкіх рэспубліках і суседніх дзяржавах.

Даведка 

Тавараабарот двух краін летась склаў 112 мільёнаў долараў, што ў тры разы больш у параўнанні з 2019 годам. Пры гэтым для Беларусі склалася станоўчае сальда ў памеры 107,5 мільёна долараў. То-бок прадалі ў Таджыкістан значна больш, чым купілі там. У асноўным на экспарт ідуць аўтамабілі, цукар, трактары, нафтапрадукты. За паўгоддзе сёлета тавараабарот ужо дасягнуў 82 мільёнаў долараў. Экспарт з іх 80,4 мільёны, імпарт 1,6. 


Каментарый у тэму

Махмадшарыф Хакдод адзначыў у размове з Аляксандрам Лукашэнкам, што на сустрэчы АДКБ і ШАС раскрыюцца пытанні, якія сёння хвалююць усю сусветную супольнасць. Пасол падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за цікаваць да афганскай праблематыкі і ўвогуле да сітуацыі з бяспекай у СНД і свеце.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Таджыкістана ў Беларусі паведаміў, што падчас сустрэчы Прэзідэнт высока ацаніў двухбаковыя адносіны краін, якія паступова развіваюцца ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах.

«Я хачу сказаць, што Аляксандр Рыгоравіч вельмі асвядомлены пра сітуацыю, што адбываецца ў рэгіёне, звязаную з Афганістанам. Натуральна, ён выказаў словы падтрымкі Таджыкістану, занепакоенасць, што ёсць у сувязі з сітуацыяй з Афганістанам», — сказаў пасол.

Па яго словах, у парадку дня самітаў АДКБ і ШАС у верасні акрамя бягучых пытанняў, адным з найважнейшых будзе сітуацыя з Афганістанам.

«Для Таджыкістана вялікі гонар прымаць вялікія дэлегацыі. У апошнія гады такія мерапрыемствы праходзяць у анлайн-рэжыме. І адна з першых падзей на прасторы СНД (пасяджэнне кіраўнікоў краін) будзе праведзена зноў у вочным фармаце», — дадаў пасол.

Па яго словах, да вочнага фармату рыхтуюцца і ўсе лідары краіны АДКБ і ШАС пацвердзілі сваю прысутнасць.

Нагадаем, у АДКБ уваходзіць шэсць краін — Беларусь, Арменія, Расія, Казахстан, Таджыкістан, Кыргызстан. Чатыры апошнія разам з Індыяй, Кітаем, Пакістанам, Узбекістанам з’яўляюцца членамі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Беларусь мае статус краіны-назіральніка ў ШАС.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.