Вы тут

Чаму 17 верасня важнае для многіх асабіста


Падчас круглага стала, які нядаўна праходзіў у Гродзенскім дзяржуніверсітэце і на якім разважалі аб значэнні і асэнсаванні даты 17 верасня ў нашай гісторыі, я спытала яго ўдзельнікаў: што было б, калі б гэтай падзеі восемдзясят два гады назад не здарылася, калі б тэрыторыя Заходняй Беларусі засталася часткай Польшчы? Адказ быў адназначны: тых, хто лічыць сябе беларусамі, на гэтай зямлі амаль не засталося б: агрэсіўная ўсебаковая асіміляцыя зрабіла б сваю справу. Не было б і Беларусі ў яе сённяшніх межах, не было б моцнай нацыі, якая прайшла праз усе выпрабаванні, пачынаючы ад самай страшнай вайны... Усё гэта сёння трэба прамым тэкстам, літаральна, запісваць у падручнікі гісторыі, каб не сумняваліся, каб разумелі і ведалі.


А калі не па падручніку... Прайшло ж з 1939-га зусім няшмат часу, і для многіх людзей гэта не проста раздзел у школьнай кніжцы, а асабістае, пра дзядоў-бабуль, пра сябе самога, пра тое, што ёсць і чаго магло б не быць. Пра гэта думала, вяртаючыся з Гродна ў Мінск, мадэлюючы разважанні на ўласнае жыццё. Канешне, гісторыя не церпіць умоўнага ладу, але ўсё ж. Калі б не здарылася 17 верасня 1939 года...

...хутчэй за ўсё, я б наогул не нарадзілася, бо мае бацькі маглі і не сустрэцца. Яны пазнаёміліся ў заходнебеларускай вёсцы Волма, куды ў канцы 1950-х мая мама з зусім недалёкай усходнебеларускай вёскі Кукшавічы (гэтыя паселішчы сёння ў адным раёне ў самым цэнтры краіны) прыехала вучыцца ў сельгасшколу на рахункавода. Школу тую адкрылі для вясковай моладзі ў былым панскім доме, да якога «пры Польшчы» «хлопам» нават падыходзіць нельга было, хіба што ў якасці прыслугі. Бацька мой у Волме ў той час працаваў (а жыў у суседніх усходнебеларускіх Кавальцах). Мама, дарэчы, амаль усё жыццё пасля адпрацавала ў Валмянскай беларускамоўнай школе, якую і мы ўсе скончылі. Штодня мы двойчы перасякалі былую мяжу — хмызнякі, якія яе абазначаюць, і сёння завуцца Кантрольная...

Калі б не 17 верасня 39-га, мая сястра не выйшла б замуж за цудоўнага хлопца з-пад Баранавічаў. Пасля заканчэння тэхнікума ў Мінску ёй, чырвонадыпломніцы, прапанавалі на выбар некалькі прадпрыемстваў: і ў Віцебску, і ў Магілёве. Але выбрала Баранавічы, бо бліжэй за ўсё было ад дому. А калі б пайшло ўсё інакш — Баранавічы былі б за мяжой. І не сустрэла б яна свайго Мікалая, і не нарадзіліся б іхнія дзяўчаткі, а ў дзяўчатак — іх дзеткі, і не было б сёння ў нас такой дружнай
вялікай сям'і... Дарэчы, бацькі нашага Міколы — Васіль Мікалаевіч і Марыя Іпалітаўна, праваслаўныя беларусы, — не па чутках ведалі пра ўсе «радасці» жыцця за панамі. Ляжаць цяпер на могілках пад Жалезніцай, далёка ад сваіх родных Крутаўцоў — затое каля радні. Бліжэй старых кладоў — каб сабраўся ўвесь вясковы род — няма: «за Польшчай» паны выдзялялі зямлю пад могілкі «хамаў» з неахвотай, вось і вазілі хаваць нябожчыкаў за дзесяць, а то і больш кіламетраў. Такі вось штрышок да карціны «Як жылося...», пра які амаль не ведаем.

Калі б не 17 верасня 39-га, у мяне не было б паловы з тых сяброў, што маю сёння, — яны родам з-пад Навагрудка, з Глыбокага, з Гродна. Не было б і найлепшай сяброўкі, з якой дружым ужо трыццаць гадоў. Яна б таксама проста не нарадзілася — мама яе з заходняй Моўчадзі, што на мяжы Баранавіцкага і Дзятлаўскага раёна, а бацька — з усходняга Крычава, пазнаёміліся яны ў Віцебску падчас вучобы ў медыцынскім. Дарэчы, і дзед з бабуляй яе ў той Моўчадзі наўрад ці сустрэліся б — маладыя ветэрынары, яны прыехалі ў канцы 40-х па накіраванні: дзед з нашых мясцін, а бабуля — ажно з расійскага Мгліна, што на Браншчыне. Дзед Ірыны, Баляслаў Феліцыянавіч, як і многія беларускія юнакі, перад вайной па прызыве трапіў у Войска Польскае і яшчэ за два гады да пачатку Вялікай Айчыннай паспеў напоўніцу сербануць ваеннага ліха — не за сваю, за чужую зямлю...

Калі б не 17 верасня 39-га — не было б у маім жыцці мясцін, якім аддадзена частка душы і любові, без якіх яно, жыццё, не было б такім напоўненым. Не было б блізкіх ад роднай вёскі Ракава і Івянца — прыгожых мястэчак, куды ўлетку ездзілі на веласіпедах, удыхаючы водар нагрэтых на сонцы стромкіх соснаў, адкуль бацькі вясной з кірмашу прывозілі вісклівых рабых парасят. Не было б коласаўскіх мясцін пад Стоўбцамі — мы туды хадзілі ў паход, ставілі палаткі на беразе Нёмана. Не было б Белавежы і Нарачы, не было б Мураванкі і Сынкавіч, Баруноў і Гервятаў, таямнічых Гальшан і Каложы з яе цёплымі старымі сценамі, да якіх абавязкова трэба дакрануцца далонямі... Не было б у разуменні не знакавых турыстычных аб'ектаў недзе за мяжой, а месцаў, куды без віз, дазволаў і перашкод можаш прыехаць калі заўгодна — варта толькі сесці ў машыну ці купіць квіток на цягнік або аўтобус...

А яшчэ я думала пра тое, што большасць жыхароў сённяшняй краіны Беларусь, спраектаваўшы ўласны лёс на гэта «Што было б, калі...», шмат цікавага для сябе асабіста адкрылі б. І не задавалі б пытанне, чаму 17 верасня для нас — вялікае свята.

Пра ўсё гэта я думала па дарозе з захаду маёй краіны на ўсход, з беларускага горада Гродна ў беларускі горад Мінск. За вокнамі мільгалі залацістыя пад сонцам пожні і замружаныя ранняй восенню лясы. І паўсюль была — Радзіма.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?