Вы тут

Ветэран ДАІ — пра падрыхтоўку да XXІІ Алімпійскіх гульняў, верталётны ўзвод і паважлівае стаўленне да кіроўцаў.


Для людзей у пагонах сёння адметная дата — Дзень ушаноўвання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС. Аднак супрацоўнікі, якія служылі ў гады СССР, памятаюць яго як Дзень савецкай міліцыі. Сярод іх — і Сяргей Мікалаевіч Чарніцкі, які амаль усё сваё жыццё стаяў на варце правапарадку.


Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Сяргей ЧАРНІЦКІ (трэці злева) са сваімі калегамі па службе.

Міліцыянерам хлопец з вёскі Ушалавічы Слуцкага раёна вырашыў стаць не адразу. Перш прайшоў тэрміновую службу ў гвардзейскім палку Маскоўскай акругі супрацьпаветранай абароны. За добрасумленнае выкананне воінскага абавязку, а таксама актыўную дзейнасць на камсамольскай ніве Сяргей Чарніцкі быў датэрмінова дэмабілізаваны. Адразу пасля арміі паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут. Будучы студэнтам, працягваў займацца камсамольскай работай.

Пасля атрымання дыплома Сяргей Чарніцкі быў накіраваны працаваць на завод, у родны Слуцкі край. Там быў абраны сакратаром партыйнай арганізацыі. Праца з малых гадоў у калгасе, служба ў войску, нялёгкія будні на заводзе, актыўная грамадская дзейнасць — усё гэта яму дало каштоўны
вопыт, які спатрэбіўся ў жыцці.

У 1967 годзе Слуцкі райкам партыі накіраваў Сяргея Чарніцкага ў Вышэйшую партыйную школу ЦК Камуністычнай партыі Беларусі. Пасля яе паспяховага заканчэння случчанін прыступіў да службы ва ўпраўленні ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама. Спачатку працаваў у аддзеле кадраў: падбіраў спецыялістаў, запаўняў дакументацыю на прысваенне званняў, а галоўнае, прымаў непасрэдны ўдзел у выхаванні маладых міліцыянераў. Самому таксама было ў каго вучыцца: па ўспамінах Сяргея Мікалаевіча, разам з ім працавалі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, якія з’яўляліся добрым прыкладам у прафесіі.

У 1970-х гадах Савецкі Саюз, у тым ліку Мінск, рыхтаваўся да правядзення XXІІ Алімпійскіх гульняў. Руку на пульсе трымала і Дзяржаўтаінспекцыя.

— Яшчэ да пачатку Гульняў супрацоўнікам ДАІ паступілі задачы абследаваць аўтамабільныя дарогі, абсталяваць іх сучаснымі дарожнымі знакамі, — успамінае Сяргей Чарніцкі. — Для праезду замежных гасцей па трасе Брэст — Масква ў межах Мінскай вобласці неабходна было забяспечыць транспартны калідор, які звязваў Захад са сталіцай Савецкага Саюза. Улічваючы вопыт замежных краін, у мэтах аператыўнага рэагавання на дарожна-транспартныя здарэнні, а таксама больш эфектыўнага ўпраўлення дарожна-патрульнай службай быў створаны асобны дывізіён ДПС ДАІ Мінаблвыканкама. Яго галоўнай задачай з’яўлялася дарожная бяспека на трасах Брэст — Масква, Мінск — Гродна, Мінск — Віцебск, дарогах Мінскага раёна.

Некаторы час гэты дывізіён, які пасля называўся асобным батальёнам дарожна-патрульнай службы, узначальваў Сяргей Чарніцкі.

Кажучы пра тэхнічнае забеспячэнне падраздзялення, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы згадвае, як спачатку ажыццяўлялі патрулі на старых матацыклах «Масквіч». Потым ужо з’явіўся навейшы «Урал» (з каляскай і аднамесны). Затым аўтапарк дапоўніўся аўтамабілямі «Жыгулі» і «ГАЗ-24». Акрамя таго, для суправаджэння партыйна-ўрадавых і замежных дэлегацый быў створаны верталётны ўзвод. «Вінтакрылыя машыны былі проста незаменныя ў вырашэнні многіх задач, — удакладняе ветэран міліцыі. — У вышуку крадзенага аўтатранспарту, у затрыманні кіроўцаў, якія ўцяклі з месца ДТЗ, пры эвакуацыі ў медыцынскія ўстановы пацярпелых у аварыі, у суправаджэнні аўтакалон. Таксама быў абсталяваны медыцынскі цягнік, на якім разам з супрацоўнікамі ДАІ неслі дзяжурства ўрачы бараўлянскай бальніцы».

Падчас сваёй прафесійнай дзейнасці Сяргей Чарніцкі заўсёды лічыў, што найлепшая праца ў наглядзе за рухам транспарту — прафілактычная работа з кіроўцамі, якія дапусцілі дробныя парушэнні Правілаў дарожнага руху. «Пагавары ветліва, прывядзі прыклады наступстваў парушэнняў ПДР, пажадай добрага шляху — кіроўца зразумее гэта на ўсё жыццё, — перакананы вопытны міліцыянер. — Залічваліся самыя грубыя парушэнні: кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане, невыкананне хуткаснага рэжыму, правілы манеўравання, небяспечны абгон».

Сяргею Чарніцкаму часта задаюць пытанне, калі было лягчэй працаваць: тады (больш чым 30 гадоў таму) або цяпер. Ён заўжды адказвае так: «Дарожна-патрульная служба ніколі не была лёгкай. Але, нягледзячы на цяжкасці, многія прыкіпаюць да яе душой, аддаючы службе найлепшыя гады».

За адданасць прафесіі і добрасумленнае выкананне службовага абавязку Сяргей Мікалаевіч узнагароджаны медалямі «Заслужаны ветэран МУС Беларусі», «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку», «За бездакорную службу» трох ступеняў, нагруднымі знакамі «За заслугі», «Выдатнік ДАІ», «Вернасць міліцыі», «Выдатнік міліцыі» і іншымі.

Нягледзячы на тое што ў адстаўку па ўзросце Сяргей Чарніцкі пайшоў у 1992 годзе, сувязь з ДАІ ён не страчваў ні на адзін дзень. Больш чым чвэрць стагоддзя ўзначальваў ветэранскую арганізацыю ўпраўлення ДАІ і спецпадраздзялення УУС Мінскай вобласці. І сёння ніколі не адмовіць маладзейшым супрацоўнікам, якія з задавальненнем звяртаюцца да яго па параду.


Даслоўна

Іван КУБРАКОЎ: «Мы ўдзячныя ветэранам за вопыт, традыцыі, той подзвіг, які яны пакінулі нам у спадчыну».

Напярэдадні свята міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван КУБРАКОЎ прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянкоў да помніка супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачым унутраных войскаў, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку.

— Мы ўдзячныя ветэранам за вопыт, традыцыі, той подзвіг, які яны пакінулі нам у спадчыну, — адзначыў кіраўнік ведамства. — Мы добра памятаем подзвіг капітана Уладзімірава ў гады Вялікай Айчыннай вайны, барацьбу з бандфарміраваннямі як у пасляваенны час, так і ў цяжкія 1990-я. Ды і ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь мы памятаем, як падчас спынення масавых беспарадкаў у 2020 годзе ў адным страі з намі стаялі нашы ветэраны. Гэта знакавае месца з’яўляецца напамінам усім супрацоўнікам аб самаахвярнасці, мужнасці і адвазе тых, хто выканаў службовы абавязак цаной уласнага жыцця.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва героя публікацыі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.