Вы тут

Пелета: зімою — лета. Як робіцца запатрабаванае паліва


Вытворчасць пелет — новы від дзейнасці, які набірае папулярнасць на прадпрыемствах, задзейнічаных у лесаперапрацоўцы. Фактычна з адходаў, трэсак і апілак елкі і сасны, магчыма стварыць паліўную гранулу, за якой выстраяцца чэргі з замежных пакупнікоў. Такі від паліва, па-першае, экалагічны, а па-другое, пры сваім невялікім аб'ёме выпрацоўвае больш цяпла.

Пелеты — сучасная, «зяленая» замена газавага паліва. Гэты навамодны трэнд ацяплення дамоў у Еўропе пакуль марудна прыжываецца ў беларусаў. Прычына таму — вялікі кошт пелетных катлоў і распаўсюджанасць «блакітнага» паліва. Але вытворцы пелет сцвярджаюць — за імі будучыня. Перавагі ў хуткім часе ацэняць і суайчыннікі. Разабрацца, калі гэта адбудзецца і ў чым прывабнасць пелетных гранул як паліва, карэспандэнт «Звязды» адправілася на вытворчы ўчастак Барысаўскага доследнага лясгаса «Неманіца» ў аднайменным аграгарадку.


«Белая» пелета

Барысаўскі доследны лясгас — гаспадар на 155 тысячах гектараў лесу ў гэтым раёне. У структуры арганізацыі 21 падраздзяленне. Яго работнікі ссякаюць лес, аднаўляюць яго, тушаць лясныя пажары, засцерагаюць дрэвы ад шкоднікаў, ствараюць свой пасадачны матэрыял, утрымліваюць паляўнічую гаспадарку. Шмат гадоў таму лясгас атрымаў статус доследнага. Такое найменне даюць толькі асаблівым гаспадаркам за ўкараненне перадавых тэхналогій і выкананне ўсіх паказчыкаў. Пачэснае званне Барысаўскі лясгас падтрымлівае і сёння. Адным з першых у структуры Мінлясгаса ён укараніў вытворчасць пелетнага паліва, заснаваўшы адмысловы цэх па дрэваапрацоўцы ў аграгарадку Неманіца.

Кіруе шматпрофільнай вытворчасцю Барысаўскага доследнага лясгаса Віктар Амельяновіч. «У асноўным мы займаемся лесагадоўляй і аховай лесу. Вытворчасць — яшчэ адзін кірунак нашай дзейнасці, які дае магчымасць зарабляць сродкі і пакрываць страты на лесааднаўленне, ахову лясоў», — кажа Віктар Амельяновіч.

На вытворчым участку «Неманіца», куды запрасілі карэспандэнта «Звязды», цяпер вырабляюць толькі пелеты для бытавых патрэб (так званыя «белыя» пелеты). На вытворчасці задзейнічана ўсяго 16 чалавек! Адладжаны аўтаматызаваны працэс не патрабуе шматлікіх працоўных рэсурсаў.

Калі драўніна паступае на перапрацоўку, з яе здымаецца кара, пасля яе распілоўваюць. Застаюцца трэскі і апілкі. Раней такія рэшткі лічыліся адходамі прамысловасці. «Цяпер іх адходамі нельга назваць. Гэта сыравіна для вырабу «белых» пелет», — тлумачыць дырэктар.

Віктар Амельяновіч заўважае, што гэтыя рэшткі ніколі на іх прадпрыемстве не выкідваліся. Да заснавання пелетнай вытворчасці трэскі пастаўляліся на ЦЭЦ, адгружаліся на экспарт па нізкіх цэнах. Сёння ўсю гэтую прадукцыю выкарыстоўваюць у вырабе пелет — прадукцыі з найбольшай дабаўленай вартасцю.

«У нас, можна сказаць, безадходная вытворчасць. Усё, што прыязджае з лесу, выкарыстоўваецца», — сцвярджае дырэктар.

Па словах кіраўніка лясгаса, у вытворчасці імкнуцца не выкарыстоўваць спелыя лясы. «У лясах для біялагічнай разнастайнасці павінна ляжаць бураломная драўніна. Ёсць участкі, дзе яе шмат, больш за пяць кубаметраў на гектары. І мы сёння яе падымаем, вывозім і выкарыстоўваем для вытворчасці», — распавядае спецыяліст.

Увогуле, як паведаміў дырэктар Барысаўскага доследнага лясгаса, існуюць два віды пелет: для індустрыяльных і для бытавых патрэб. Першыя вырабляюць з нізкаякасных матэрыялаў і выкарыстоўваюць у асноўным на вялікіх ЦЭЦ, кацельнях. Другі від — бытавыя («белыя») пелеты, у параўнанні з індустрыяльнымі яны больш якасныя, не забруджваюць гарэлкі катлоў, дымаходы, трубы. Таму імі ацяпляюць сядзібы, дачныя дамы, офісныя памяшканні.

«Гарачы» попыт у халодны сезон

Пелетную вытворчасць у Неманіцы Барысаўскі доследны лясгас адкрыў у маі 2020 года. Задумваліся барысаўчане аб такой прамысловасці даўно, даручэнне Прэзідэнта па развіцці пелетнай справы паскорыла працэс.

Працэс фасоўкі пелетных гранул.

«Мы думалі, куды падзець нашы адходы ад лесапілавання. Зімой мы не ведалі праблем з імі, а ўлетку складскія памяшканні былі запоўнены гэтай сыравінай. Калі з'явілася распараджэнне Прэзідэнта, мы паскорыліся», — дзеліцца Віктар Амельяновіч.

Сёння ў Неманіцы на год вырабляць 30 тысяч тон пелет. Вытворчасць кругласутачная, бо спыняць цеплагенератары нельга. Як адзначае дырэктар, іх вытворчасць па памерах сярэдняя.

З кожным годам аб'ёмы выпуску пелет у краіне растуць. У структуры Мінлясгаса ўжо працуюць 10 такіх прадпрыемстваў, дастаткова іх і ў прыватным сектары.

«Мы таксама будуем яшчэ адну вытворчасць у Барысаўскім раёне. Думаю, у пачатку 2022 года ўвядзём яе. Там мяркуем вырабляць паліўныя індустрыяльныя гранулы, якія могуць паступаць на ЦЭЦ, маштабныя кацельні. Вытворчасць будуем адразу на чыгуначнай ветцы, прадугледзелі праект па аўтаматычнай загрузцы вагонаў. Усё будзе аўтаматызавана», — расказвае дырэктар.

Пытаюся: калі прадпрыемстваў так многа, ці не скардзіцца ён на канкурэнцыю? Кіраўнік пераконвае: «Збыт нашых пелет добры. Яны якасныя, на іх ёсць не толькі попыт, за іх нават ідзе барацьба сярод пакупнікоў».

Асноўная крыніца збыту пелет, падкрэсліў Віктар Амельяновіч, — замежны, еўрапейскі рынак. Асабліва экспарт вырастае ў зімовы перыяд — гэта самая «гарачая» пара для пакупкі такой прадукцыі.

Дырэктар расказвае, што цэны на пелеты на сусветным рынку заўсёды вагаюцца — ідзе то пад'ём, то спад. Прычыны таму — кліматычныя ўмовы ўзімку. Цёплай, мяккаю зімою паліва застаецца — значыць, кошт у будучым годзе падае. Калі наадварот, то ў новым сезоне цэны падрастуць.

«Мы бачым рост цэн, калі параўноўваць з мінулай зімой. Ён невялікі, але чакаем у снежні пад'ём», — заўважае кіраўнік лясгаса.

Унутраны рынак спажывае толькі 5 % ад усёй прадукцыі, што вырабляе «Неманіца». Як расказвае Віктар Амельяновіч, каб ацяпліць дом прыкладна на 100 «квадратаў», дастаткова ад трох да пяці тон пелет у халодны сезон. А гэта толькі адна гадзіна работы завода! Дарэчы, кошт тоны пелет для спажыўца — каля 300 рублёў.

Адно з важных пытанняў да вытворцаў гэтым часам: як адбіўся на іх ковід? Задаю яго і свайму суразмоўцу. Віктар Амельяновіч усміхаецца: яго вытворчасці лакдаўн сыграў на руку — цэны падраслі. Цэх у Неманіцы не спыняўся, а ў Еўропе назіраўся недахоп пелет з-за закрыцця прадпрыемстваў.

Працэс вырабу пелет выглядае наступным чынам. Сырыя трэскі і пілаванне, што застаюцца ад вышэйапісанага працэсу, паступаюць на склад, пасля — у драбілку. Здробненая сыравіна прасушваецца і зноў падаецца на склад. Потым яна яшчэ раз здрабняецца і ідзе ў гранулятар. Вырабленыя гранулы фасуюцца ў пакеты. За выкананнем тэхналагічнага працэсу, правільнай работай абсталявання сочыць у рэжыме «анлайн» на некалькіх маніторах дзяжурны аператар.

Не газам адзіным

Пелеты на беларускім рынку пакуль сябе не зарэкамендавалі — попыт невялікі. А вось еўрапейцаў ужо даўно гэты від паліва прываблівае не толькі з-за яго экалагічнасці, але і цаны.

У Еўропе цэны на газавае паліва для домаўладальнікаў «кусаюцца», а для беларусаў гэтае пытанне не вельмі актуальнае. У нас няма праблем з пастаўкамі газу, і цэны на яго для насельніцтва заўсёды былі прымальныя, мяркуе Віктар Амельяновіч.

Таму суайчыннікі не раскашэльваюцца на больш дарагія пелетныя катлы і, як прызвычаіліся, купляюць таннейшыя газавыя. Але дырэктар лясгаса адзначае, што ў мясцовасцях, дзе складана і стратна праводзіць газ, выгадна ставіць пелетныя катлы.

Як расказвае Віктар Амельяновіч, катлы, якія працуюць на пелетах, набіраюць папулярнасць у спажыўцоў. Іх нескладана купіць, ды і некаторыя беларускія прадпрыемствы ўжо вырабляюць такія ўстаноўкі.

Пелетнае ацяпленне, відавочна, даступнае толькі ўладальнікам уласных сядзіб. Шматкватэрныя дамы спажываюць цяпло з ЦЭЦ. Некаторыя з якіх, аднак, ужо задумваюцца пра пераход на экалагічныя пелеты.

Віктар Амельяновіч дадае, што з году ў год попыт на пелеты ў насельніцтва пакрысе, але ўсё-ткі расце. Беларусы цікавяцца перавагамі гэтага віду паліва, яго коштам, магчымасцю набыць. «Цяпер, калі ёсць вытворчасці ў разнастайных рэгіёнах Беларусі, я мяркую, людзі задумаюцца і будуць пераходзіць на гэты від прадукцыі», — рэзюмуе спецыяліст.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.

Культура

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Артыстка з чароўным голасам сёлета прадставіць Беларусь на конкурсе эстраднай песні «Віцебск—2022».

Грамадства

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Выхаванне дзяцей — не самая простая задача. Капрызы, істэрыкі — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя бацькі.