Вы тут

Як падрыхтаваць запатрабаванага і канкурэнтаздольнага спецыяліста?


Шчыльная работа з заказчыкамі кадраў, актыўная прафарыентацыйная работа і магутная каманда ўнутры ВНУ, якая не баіцца змен і здольная ўвасабляць іх у жыццё, — вось тры ўмовы для адкрыцця ў навучальных установах новых спецыяльнасцяў.


У пагоні за кідкай назвай

— Штогод на кожным узроўні адукацыі ў нас адкрываецца 3—5 абсалютна новых спецыяльнасцяў. Новая — гэта тая, якая ўпершыню запраектавана і ўнесена ў класіфікатар спецыяльнасцяў і кваліфікацый, — тлумачыць начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ. — Па ёй, як правіла, распачынае падрыхтоўку адна ўстанова адукацыі, і толькі праз некалькі гадоў падцягваюцца іншыя. Новая спецыяльнасць адкрываецца, калі за ёй стаіць новы змест — як мінімум на 60 % адрозны ад усіх тых спецыяльнасцяў, па якіх ужо вядзецца падрыхтоўка. Пры планаванні набору абітурыентаў установы адукацыі наўпрост рэагуюць на патрэбы рынку працы. Шэраг спецыяльнасцяў перастаюць існаваць, таму што адсутнічае запыт на адпаведных спецыялістаў. Бываюць выпадкі, калі праз некалькі гадоў да іх зноў вяртаюцца, перапраектуюць і на аснове прынцыпу міжпрадметнасці нараджаецца нешта зусім новае і цікавае.

Не сакрэт, што моладзь часта выбірае спецыяльнасць, арыентуючыся на моду і кідкую назву, а не на перспектывы будучага працаўладкавання. Асабліва складана вызначыцца з выбарам спецыяльнасці абітурыентам тэхнічных ВНУ.

— У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце вы абавязкова знойдзеце тыя спецыяльнасці, якія вам спадабаюцца. У нас дзейнічае 16 факультэтаў па розных напрамках: энергетыка, машынабудаванне, аўтамабіле- і трактарабудаванне, будаўніцтва, архітэктура. Мы рыхтуем кадры па 100 спецыяльнасцях і спецыялізацыях, — кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі БНТУ, дэкан машынабудаўнічага факультэта Андрэй САФОНАЎ. — Але я б параіў абітурыентам ацэньваць спецыяльнасці не толькі зыходзячы з назвы. Неабходна глядзець глыбей, вывучаць кампетэнцыі, якія атрымліваюць тыя, хто там навучаецца. Пры падрыхтоўцы павінна забяспечвацца некалькі важных умоў. У сучасным свеце адных толькі ведаў тэхнічнага характару ўжо недастаткова. Трэба ўмець яшчэ прасунуць свой прадукт (распрацоўку), прадаць яго і атрымаць прыбытак. Канцэпцыя «Універсітэта 3.0», якая рэалізоўваецца ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, — гэта спалучэнне адукацыі, навукі і інавацыйнага прадпрымальніцтва, што непарыўна звязаны паміж сабой. Такія навыкі ў БНТУ развіваюць з дапамогай тэхнапарка «Палітэхнік». Гэта тая структура, якая акумулюе інавацыйны патэнцыял і дазваляе, падтрымліваючы стартапы, даваць і развіваць вострадэфіцытныя навыкі.

Другі вектар — практыкаарыентаванасць падрыхтоўкі. І трэці абавязковы складнік — лічбавізацыя. Тут трэба адштурхоўвацца ад сусветных тэндэнцый, комплексна прымяняць лічбавыя тэхналогіі. Я кажу аб «Індустрыі 4.0». Гэта цэлая сістэма жыццёвага цыкла любога працэсу, і яна павінна прысутнічаць і ў працэсе навучання.

— Акрамя зместу адукацыі, яго аб'ёму і структуры, вельмі важна, як мы вучым моладзь тым ведам, навыкам і ўменням, якія, з нашага пункту гледжання, павінны быць у будучых спецыялістаў, — разважае Сяргей Каспяровіч. — Трэба разумець, што моладзь сёння іншая, у інтэрнэце прысутнічаюць невычэрпныя аб'ёмы інфармацыі. Каналы ўспрымання інфармацыі змяніліся, таму і спосабы яе атрымання павінны быць іншыя. Прыярытэт мы бачым у сучасных змешаных метадах навучання з выкарыстаннем ІT-тэхналогій. Але самае галоўнае, каб падчас адукацыйнага працэсу ініцыіравалася пазнавальная актыўнасць моладзі, павышалася матывацыя да атрымання ведаў. А гэта тэхналогіі, звязаныя з праектнымі метадамі, дзелавыя гульні... Традыцыйная для вышэйшай школы вочная лекцыйная сістэма навучання ўжо не такая эфектыўная, як раней.

Дыстанцыйны анлайн-фармат

А вось адмаўляцца ад завочнай формы навучання ў Беларусі не плануюць.

«Магу сказаць, што завочная форма адукацыі, якая з'яўляецца класічнай, традыцыйнай, захаваецца. Гэта не нейкая спадчына, што засталася ад ранейшых часоў. Такая форма, з майго пункту гледжання, павінна быць запатрабаваная ў дарослага чалавека, які рэалізаваў сябе, ужо працуе ў пэўнай сферы і жадае атрымаць вышэйшую адукацыю», — падкрэсліў Сяргей Каспяровіч.

Паводле яго слоў, завочная форма патрабуе большай самастойнасці і матываванасці да навучання: «Што такое завочная форма? Тры — чатыры месяцы чалавек працуе сам у рэжыме толькі асобных кансультацый з выкладчыкамі. А на сесію на тры тыдні прыязджае і павінен здаць іспыты і залікі. Аб'ёмы падрыхтоўкі на завочнай форме скарачаюцца ў нашых ВНУ ў апошнія гады вельмі істотна, але яна ўсё роўна захаваецца. У пэўнай ступені на змену ёй прыйдзе дыстанцыйная форма, якая па сваёй сутнасці іншая. Яна нават больш падобная на дзённую. Гэта проста дыстанцыйны анлайн-фармат, калі выкладчык і студэнт знаходзяцца не побач, а ў розных месцах.

А наогул, адбываецца штодзённая праца ва ўзаемадзеянні з выкладчыкамі толькі на адлегласці, праз ІКТ-тэхналогіі. І ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, прыняцце якога мы чакаем у найбліжэйшы час, дыстанцыйная форма аддзелена ад завочнай як асобная.

У нас будуць фактычна тры формы навучання: вочная, дыстанцыйная і завочная», — патлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі.

Дарэчы, калі гаварыць аб «Універсітэце 3.0», то гэты праект актыўна рэалізоўваецца ў вядучых ВНУ. Яго асноўная задача — не толькі стымуляваць навуковыя даследаванні, але і фарміраваць новае пакаленне моладзі, якое само можа генерыраваць стартапы, ствараць новыя прадукты, новыя тэхналогіі і іх камерцыялізаваць. У гэты праект актыўна ўключылася больш за дзясятак універсітэтаў...

Сяргей Каспяровіч акцэнтаваў увагу і на карэкціроўцы зместу адукацыі. «Існуе пэўны стэрэатып у грамадстве: маўляў, запраектавалі, адкрылі спецыяльнасць, вядуць на ёй падрыхтоўку 5—10 гадоў, і за гэты час там нічога не змянілася — фактычна рыхтуюць кадры ўчарашняга дня. Гэта абсалютна няправільны пасыл і няправільнае ўспрыманне рэальнасці, таму што любая спецыяльнасць нават за год перажывае шмат змен, — запэўнівае Сяргей Каспяровіч. — І нават набор папярэдняга і наступнага года на адну і тую ж спецыяльнасць можа сутыкнуцца з зусім розным зместам адукацыі. Для гэтага неабавязкова мяняць вучэбны план або адукацыйны стандарт — дастаткова ўносіць змены ў змест асобных вучэбных дысцыплін. Усё гэта будзе праецыравацца на тое, што мы будзем рыхтаваць ужо іншага спецыяліста, які адпавядае будучым патрэбам эканомікі. Але заказчык кадраў павінен дакладна фармуляваць патрабаванні, што хоча прад'явіць будучаму работніку».

Турбулентны час

— Выключна тэарэтычная падрыхтоўка не патрэбная сёння ўжо нават на гуманітарных спецыяльнасцях, — падзяляе думку калег прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ Канстанцін Казадаеў. — Работадаўцы становяцца ўсё больш патрабавальнымі да наяўнасці ў нашых студэнтаў практычных навыкаў, хочуць, каб тыя ўжо мелі нейкія напрацоўкі, рэалізаваныя праекты ў сваіх прадметных абласцях. Сёння да кваліфікаванага спецыяліста прад'яўляюцца патрабаванні глабальнага характару, якія выяўляюцца ў шырокай інтэграцыі гуманітарных, сацыяльных і тэхналагічных ведаў і кампетэнцый.

Увогуле, адно з галоўных патрабаванняў да спецыяліста будучыні — наяўнасць у яго міждысцыплінарных навыкаў, бо ўсе адкрыцці цяпер робяцца на стыку навук. Прафесіяналы такога ўзроўню больш мабільныя, яны арыентуюцца ў некалькіх абласцях ведаў, бачаць задачу з розных бакоў і здольныя да вырашэння глабальных праблем. Для вышэйшай школы падрыхтоўка канкурэнтаздольных выпускнікоў з міждысцыплінарнымі ведамі і ўніверсальнымі кампетэнцыямі — сапраўдны выклік.

Для рынку працы сёння ўласцівая хуткая зменліваць і нестабільнасць. Спецыяліста на першай ступені вышэйшай адукацыі рыхтуюць чатыры гады, а за гэты час і сама спецыяльнасць, і веды, якія атрымлівае студэнт, могуць страціць актуальнасць. Таму важна быць мабільнымі і ўмець хутка адаптавацца. Турбулентны час патрабуе новых падыходаў...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.