Вы тут

У БДПУ выйшаў дапаможнік для арганізацыі краязнаўчай працы


Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка выдаў даўно запатрабаваны ў айчыннай школе дапаможнік — «Краязнаўства Беларусі ў пытаннях і адказах». Аўтар гэтай працы, рэкамендаванай да друку секцыяй гісторыі і грамадскіх навук і выпушчанай у свет згодна рашэнню рэдакцыйна-выдавецкага савета БДПУ, — Аляксандр Аляксандравіч Карзюк. Даследчык у папулярнай форме пытанняў-адказаў разглядае комплекснае навуковае вывучэнне гісорыка-культурнай спадчыны Беларусі, метады яе захавання і выкарыстання. Важнае значэнне надаецца фарміраванню ў будучых настаўнікаў гісторыі беражлівага стаўлення гістарычных, культурных каштоўнасцяў, практычных уменняў выкарыстання тэарэтычных ведаў у галіне краязнаўства ў вучэбнай і пазакласнай рабоце. 


Аўтар з самага пачатку — у першай тэме — выкладае прадмет і задачы краязнаўства Беларусі. У лаканічных падраздзелах адказвае на простыя, здавалася б, і надзвычай важныя пытанні: «Што такое краязнаўства і якія аб’екты яго даследвання?»; «Якім бывае краязнаўства ў залежнасці ад прадмета даследвання?»; «Што маецца на ўвазе пад гістарычным краязнаўствам і якія ў яго асноўныя метады?»; «Якія асноўныя крыніцы гістарычнага краязнаўства?»; «Якія існуюць формы арганізацыі гістарычнага краязнаўства?»; «Якія віды ўключае ў сябе школьнае гістарычнае краязнаўства?»; «Якая роля краязнаўства ў навучанні і выхаванні школьнікаў?»; «У чым заключаецца значэнне гістарычнага і краязнаўства ў падрыхтоўцы настаўнікаў гісторыі?». 

У дапаможніку разглядаюцца яшчэ чатыры тэмы: «Развіццё гістарычнага краязнаўства на беларускіх землях»; «Гісторыка-культурная спадчына, яе ахова і выкарыстанне»; «Садова-паркавае мастацтва Беларусі»; «Методыка выкарыстання краязнаўчага матэрыяла ў адукацыйным працэсе». 

Выданне дапаўняе спіс выкарыстанай і рэкамендуемай літаратуры са спасылкамі на большасць крыніц праз дапоўненую рэальнасць. Дапаможнік Аляксандра Карзюка «Краязнаўства Беларусі ў пытаннях і адказах» — настольная кніга і для падрыхтоўкі будучых настаўнікаў, і для арганізацыі краязнаўчага гуртка, краязнаўчага музея ў школе. Для тых, хто ўжо займаецца краязнаўствам, — падказка па сістэматызацыі вынікаў пошуку, выкарыстання знойдзеных матэрыялаў, зробленых адкрыццяў з пункту гледжання комплекснага краязнаўства. 

Выдатна, што дапаможнік пабачыў свет. І разам з тым важна пашырыць яго прастору, бо тыраж выдання ў 150 экзэмпляраў зусім дробязны з разлікам на тое, каб кнігу заўважылі па ўсёй краіне. 

Нагадаем з «Прадмовы», для якіх мэтаў прадвызначаны дапаможнік, каму ён адрасаваны. «Прапануемы практычны дапаможнік, — падкрэслівае аўтар, — адрасаваны для студэнтаў гістарычных факультэтаў, якія навучаюцца па спецыяльнасцях 1-02 01 01 «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», 1-02 01 02 «Гісторыя і сусветная мастацкая культура», 1-02 01 03 «Гісторыя і экскурсійна-краязначая праца». Ён можа быць выкарыстаны таксама студэнтамі, якія навучаюцца па спецыяльнасцях 1-02 03 01 «Беларуская мова і літаратура», 1-02 03 02 «Руская мова і літаратура», 1-02 03 03 «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова» і 1-02 03 04 «Руская мова і літаратура. Замежная мова». 

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.