Вы тут

Лукашэнка: Наша справа — зрабіць усё, каб народ і дзяржава памяталі іх


Прэзідэнт Беларусі ўручыў зоркі Герояў Беларусі сем’ям загінулых лётчыкаў. Таксама з рук кіраўніка краіны ордэн «За асабістую мужнасць» атрымалі родныя супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.


За сучасную гісторыю нашай краіны званне Герой Беларусі ўручалі дагэтуль 11 раз. Апошняя такая ўрачыстая цырымонія праходзіла ў лютым 2014 года ў Палацы Незалежнасці з вялікай колькасцю гасцей, службовых асоб. Тады высокае званне атрымала сусветная вядомая спартсменка Дар’я Домрачава. Сённяшняя цырымонія значна адрозніваецца ад той. Яна не менш урачыстая, але камерная, «дамашняя», шчымлівая, са слязамі на вачах. Ганаровыя ўзнагароды Прэзідэнт Беларусі ўручае сем’ям мужных беларусаў пасмяротна.

Сем месяцаў прайшло з трагічнай гібелі Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі. З лётчыкамі тады развітваўся не толькі ўвесь горад — уся краіна. Такія трагічныя гісторыі заўсёды краналі сэрцы беларусаў: экіпаж ваеннага самалёта Лідскай штурмавой авіабазы падчас трэніровачнага палёту цаной свайго жыцця адвёў машыну ад жылых дамоў. Адмовіўшыся ад загаду катапультавацца і са словамі «Дапамажы Божа», лётчыкі накіравалі Як-130 у адзіную кропку, якая была па-за жылымі пабудовамі. 

У канцы верасня яшчэ адна трагедыя скалыхнула краіну. Пры адпрацоўцы адрасоў у Мінску, дзе маглі знаходзіцца асобы, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, быў смяротна паранены супрацоўнік праваахоўных органаў Дзмітрый Федасюк. За адвагу і мужнасць у пачатку месяца Прэзідэнт узнагародзіў байца ордэнам «За асабістую мужнасць». Пасмяротна...

На цырымонію ўручэння прыйшла амаль уся сям’я Андрэя Нічыпорчыка — жонка Анастасія, маці Галіна Міхайлаўна, бацька, палкоўнік запасу, Уладзімір Леанідавіч, сястра Алеся, 6-гадовы сын Аляксей. Усяго ў сям’і лётчыка трое дзяцей.

«Самаму малодшаму будзе толькі два гады. Ён, верагодна, асабліва не запомніў бацьку, старэйшы сын і дачка яны ўспамінаюць. Яны ўзгадваюць, як з татам некуды хадзілі, дзе былі. Старэйшаму сыну мы тлумачылі, што тата не мог паступіць інакш, так сталася, што яны з Мікітам вырашылі ахвяраваць сваімі жыццямі дзеля іншых», — дзеліцца жонка Андрэя Нічыпорчыка Анастасія.

Асабліва сімвалічна ў дадзеных абставінах гучыць тлумачэнне родных маленькаму сыну на пытанне «Дзе тата?» — «Паляцеў на неба разам з Мікітам».

Менавіта дзеці, адзначае Анастасія, дапамагаюць трымацца і жыць далей: «Яны ўсе — працяг Андрэя, нашай любові, і гэта дае сілы».

Малодшы сын Аляксей асабліва рыхтаваўся да цырымоніі з Прэзідэнтам: думаў ехаць у Мінск у лётнай форме, якую падарыў бацька. Але абраў усё ж такі афіцыйны касцюм. Як бацька і дзядуля, ён марыць стаць лётчыкам. Анастасія кажа, што адгаворваць сына не будзе, выбар будзе за ім. 

Маці героя, Галіна Міхайлаўна, адзначае, што ўнук і знешне, і па характары — копія сына ў дзяцінстве. «На Лёшу кажуць — „Гэта Андрэйка“. Яны вельмі падобныя, і Лёша вельмі хоча быць падобным на тату», — расказвае яна журналістам.
Жанчына ехала на цырымонію з хваляваннем — цяжка зноў перажываць тыя падзеі. «Мы вельмі ганарымся подзвігам свайго сына, але вельмі цяжка гэта зноў перажываць. Дзякуй Прэзідэнту, што ён справядліва ацаніў подзвіг нашых хлопчыкаў», — кажа Галіна Міхайлаўна праз слёзы.

Падзялілася сваімі ўспамінамі пра мужа і Анастасія: «Ён быў душой кампаніі, вясёлым, добрым. Ён сапраўдны мужчына, такіх, верагодна, больш няма, любячы бацька і выдатны муж».

З сям’і Мікіты Куканенкі на ўручэнне прыехала жонка героя Таццяна, маці Наталля Алегаўна і 9-гадовая зводная сястра Марыя.Таццяна адзначае: толькі цяпер прыходзіць усведамленне, што муж больш ніколі вечарам не прыйдзе з работы.

«Калі хлопцам далі Герояў, два пачуцці змяшаліся. Канечне, гонар, што іх учынак ацанілі. А з другога, як неяк ужо казала, — медалі трэба насіць, а не пакласці на паліцу», — дзеліцца дзяўчына. Жанаты яны былі толькі восем месяцаў, ведалі адно аднаго з самага дзяцінства, а ўжо ў дарослыя гады зноў пачалі сябраваць.

Таццяна адзначае, што добра ведае жонку Андрэя Нічыпорчыка Анастасію і часта разам увечары яны сустракаюцца і ўспамінаюць сваіх мужчын.

«Ён (Андрэй Нічыпорчык. — „Зв.“) быў нечым падобным да Мікіты, неяк дапаўнялі адзін аднаго», — заўважае жонка героя.
Дзяўчына адзначае, што лётчыкі маглі катапультавацца з самалёта, але ці змаглі б жыць з гэтым?

«Ведаючы, свайго мужа, ён бы не змог дакладна. Так, гэта чалавечае жыццё, а таксама адданасць сваёй Радзіме. Такі ўчынак не кожны гатовы здзейсніць», — сцвярджае Таццяна.

Прэзідэнт Беларусі часта выступае з вялікімі прамовамі, але гэтым разам ён, уражаны падзеяй, адзначыў: «Вельмі цяжка нешта казаць. Усё добрае ўжо сказана. Усё, што маглі, добрыя людзі ўжо пажадалі». 

Аляксандр Лукашэнка дзеліцца: апошнім часам часта задумваецца, што зыходзіць вельмі многа сапраўдных патрыётаў нашай краіны. Ён узгадаў смерць знакамітага дырыжора Міхаіла Фінберга і палітычнага дзеяча Вячаслава Кебіча. «Сышоў Міша Фінберг. Чалавек быў поўны планаў, імкненняў, пажаданняў. Кажуць, мог бы яшчэ жыць. Крыху раней памёр былы прэм’ер-міністр Вячаслаў Францавіч Кебіч», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён падрэслівае, што героі, якіх сёння ўспамінаюць, былі зусім маладымі ў адрозненні ад асоб Фінберга і Кебіча.

«Тыя людзі пражылі жыццё і пакінулі свой след у гісторыі нашай дзяржавы. Вашы хлопцы, пражыўшы вельмі кароткае жыццё, пакінулі вельмі яркі след у гісторыі нашай краіны, нашай дзяржавы. Дзякуй вам за сыноў, за вашых родных і блізкіх. Наша справа — зрабіць усё, каб народ і дзяржава памяталі іх. Паверце, так і будзе», — дадаў кіраўнік краіны.

Ён назваў цырымонію выключнай, неверагоднай для сябе і падкрэсліў, што запрасіў сем’і ваенных, каб перадаць дзяржаўныя ўзнагароды іх родных, якія здзейснілі подзвіг.

У сучаснай гісторыі краіны ўжо ўручалася ўзнагарода Героя Беларусі за подзвіг лётчыку, нагадвае Ігар Голуб, камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі. Сёлета 25 гадоў было подзвігу Уладзіміра Карвата.

«Супала: май месяц, неба над Баранавічамі. Зноў прыйшлося дзейнічаць так, як прыйшлося», — расказвае пра подзвігі Ігар Голуб.

Па яго словах, дзяржаўная камісія правяла поўнае даследаванне катастрофы, вывучыла ўсе матэрыялы, сродкі аб’ектыўнага кантролю, запісы перамоваў, сведчанні відавочцаў і дакументальна пацвердзіла, што лётчыкі здзейснілі гераічны ўчынак. 

Ваенны адзначае, што фармат уручэння ўзнагарод выбраны вельмі правільны. «Да гэтага рыхтавацца цяжка. Я зараз размаўляў з сем’ямі — неабходна вытрымаць. Іх трохі адпускае. Аб’явілі пра Указ — зноў нахлынула. Сем’ям вельмі цяжка. А Узброеныя сілы ганарацца, што ў нашым страі, хоць і пасмяротна, ёсць два Героя Беларусі», — кажа Ігар Голуб.

Ён заўважае, што ваенныя заўсёды прымяняюць на сябе выраз з савецкага фільма «Афіцэры» — «Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць». А нядаўна, адзначае камандуючы, на экраны выйшаў расійскі фільм «Неба» і там ёсць такая фраза, якую ён перафразаваў для іх прафесіі — «Мы не працуем на Беларусь. Мы служым Беларусі».

«І наш народ павінен быць упэўнены, маючы такі афіцэрскі корпус, як нашы загінулыя, мірная праца будзе абароненая, краіна будзе развівацца», — заўважае камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі.

Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван ТЭРТЭЛЬ расказаў, што цырымонія ўзнагароджання з аднаго боку — знак пашаны і высокай ацэнкі подзвігу Дзмітрыя Федасюка, а з другога — сумная падзея, бо ведамства страціла аднаго з лепшых супрацоўнікаў.
«Ён не аднойчы ўдзельнічаў у самых складаных аперацыях па абязброенні злачынцаў. Фактычна ён закрыў сабою таварышаў, атрымаў смяротнае раненне, але да канца выканаў свой абавязак», — расказаў кіраўнік КДБ.

Ён падкрэслівае, што ведамства падтрымлівае сям’ю загінулага, а яго ўчынак — прыклад для ўсяго асабістага складу Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

«Дзіма заўсёды будзе ў нашых сэрцах, думках. Мы будзем імкнуцца быць годнымі яго ўчынку», — заявіў Іван Тэртэль.
Ён сцвярджае, што і простыя людзі, і супрацоўнікі сілавых структур пасля дзвюх трагедый больш аб’ядналіся і сталі больш заўзята ахоўваць інтарэсы Радзімы, арыентуючыся на іх гераічныя ўчынкі — Андрэя Нічыпорчыка, Мікіты Куканенкі і Дзмітрыя Федасюка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.