Вы тут

Сяргей Рачкоў: Абмеркаванне Асноўнага Закона спынена, але прапановы прымаюцца


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях.


Да сенатара з рознымі пытаннямі — ад уласных да грамадскіх — прыйшлі чатыры чалавекі.

Першая заяўніца — мінчанка Наталля Віктараўна — агучыла праблему небяспекі пры пераходзе праезнай часткі ў бок храма Божага Узнясення, што ў Ждановічах. Скрыжаванне да дадзены момант не абсталявана святлафорным аб’ектам, а рух транспарту там дастаткова інтэнсіўны. Жанчына кажа, што ў храм ідуць і дарослыя, і дзеці, крый божа, каб калісьці тут адбылася трагедыя, на аснове якой паўстане неабходнасць з’яўлення нармальных пешаходных сувязяў.

Сяргей Рачкоў падзякаваў жанчыне за нераўнадушша і паабяцаў, што гэтае пытанне адказныя службы вывучаць больш глыбока, каб можна было даць запланаваць далейшы алгарытм дзеянняў. Адпаведны адказ жанчына атрымае па выніках гэтага вывучэння.

Другая заяўніца — Кацярына Валер’еўна — прыйшла да сенатара з нагоды разводу з мужам — замежным грамадзянінам, з якім не могуць падзяліць дзіця.

А Вольга Леанідаўна і Уладзіслаў Віктаравіч завіталі да старшыні профільнай камісіі са сваімі прапановамі ў Асноўны Закон краіны.

Як адзначыў у размове з журналістамі Сяргей Рачкоў, нягледзячы на заканчэнне дзейнасці грамадскай прыёмнай пры Савеце Рэспублікі па абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, тым не менш прапановы працягваюць паступаць, і гэта нядрэнна. 

— Так, вызначана дата рэферэндуму, вынесены канкрэтны тэкст змяненняў і дапаўненняў, тым не менш мы з зацікаўленасцю прымаем гэтыя заўвагі і прапановы, таму што пасля прыняцця змен і дапаўненняў у Канстытуцыю мы будзем працаваць над іншымі законамі і гэтыя прапановы грамадзян могуць быць актыўна выкарыстаны, — патлумачыў сенатар. — Таму мы просім усіх прыходзіць са сваімі пытаннямі і прапановамі.

Ён звярнуў увагу і на яшчэ адзін момант:

— Нават проста пагутарыць з чалавекам, растлумачыць яму заканадаўства, сітуацыю ў краіне, абмеркаваць яго праблему, якая яго хвалюе, я лічу, гэта таксама вельмі карысна. Усе грамадзяне — гэта нашы людзі і мы павінны быць уважлівымі, спагадлівымі і там, дзе магчыма, дапамагчы ў рашэнні канкрэтных пытанняў.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.