Вы тут

Як зрабіць маленькую сельскую краму найлепшай у акрузе?


«Калі б не Ніна Іванаўна, гэтую краму, магчыма, закрылі як нерэнтабельную. Але яна — чалавек таленавіты ў сваёй справе, адказны, як цяпер кажуць, крэатыўны. Таму крама мае добрую выручку, у яе стабільны пакупнік, і водгукі ад насельніцтва атрымліваем самыя лепшыя», — так сказаў пра загадчыцу крамы з Кубліка Ніну Кацярыніч старшыня праўлення Драгічынскага райспажыўтаварыства Віктар Каляда.


Сказаў, калі карэспандэнт газеты патэлефанавала яму і пацікавілася меркаваннем кіраўніка. А да гэтага жыхары вёсак Кублік і Ляхавічы ў адзін голас гаварылі, што ім пашанцавала з крамай і прадаўцом. Старшыня Папінскага сельскага Савета Святлана Дышко адзначае: «Калі еду па гэтай вёсцы, каля крамы ўвесь час нешта разгружаюць. Машыны самых розных прадпрыемстваў краіны ведаюць гэты адрас і вязуць сюды прадукцыю на рэалізацыю».

Сказаць, што Ніна Кацярыніч вопытны гандлёвы работнік — амаль нічога не сказаць. Хутка будзе 52 гады, як яна працуе ў гандлі. Спачатку скончыла профільнае вучылішча, затым тэхнікум. Некаторы час працавала ў райспажыўтаварыстве, а ў 1976 годзе прыйшла ў краму вёскі Ляхавічы, працавала там да пенсіі, да 2005 года. І вось ужо 15 гадоў загадвае крамай у Кубліку, якая працягвае сваё існаванне дзякуючы яе кемлівасці ды прафесіяналізму.

— Напрамую працую з многімі вытворцамі, напрыклад, Віцебскай бройлернай птушкафабрыкай, фірмай «Савушкаў прадукт», — расказвае Ніна Іванаўна. — Вось толькі нядаўна разгрузілі віцебскую прадукцыю. Катлеты, біточкі, нават курыныя адбіўныя нашы гаспадыні разбіраюць на «ўра». Гэта памылка думаць, што вясковыя жанчыны ў пагоні за эканоміяй кожнай капейкі будуць самі гадзінамі стаяць каля пліты і гатаваць розныя стравы. На святы — так, а ў будні цяпер гаспадыні нярэдка аддаюць перавагу зручнасці. Пачынаюцца работы ў агародзе, таму вельмі дарэчы бывае не траціць процьму часу на прыгатаванне другой стравы, узяць, скажам, гатовыя біточкі, абсмажыць на патэльні, ды падаць на стол. Тое ж самае — з адбіўнымі. Альбо прыедуць праз нейкі месяц унукі, зноў жа, можна ўзяць паўфабрыкаты блінчыкаў з рознай начынкай, абсмажыць і пачаставаць сям'ю.

— Цяпер нашы прадпрыемствы прапануюць розную прадукцыю, каб аблегчыць працу гаспадыням, дык чаму б не скарыстацца такой магчымасцю? — разважае прадавец. — І не трэба выбірацца ў горад, бегаць па супермаркетах вялікіх гандлёвых сетак, усё, як той казаў, з дастаўкай на дом.

За асартыментам яна сочыць вельмі ўважліва, у краме можна знайсці любой прадукцыі некалькі відаў ад розных вытворцаў. На паліцах ёсць фрукты, агародніна. Што ўжо казаць пра малочныя, каўбасныя вырабы — іх неблагі выбар.

У магазін ходзяць людзі з Кубліка, Ляхавічаў ды і суседніх вёсак. Адным словам, 15 тысяч рублёў выручкі, як мінімум, прадавец кожны месяц забяспечвае. Летам, калі насельніцтва ў аколіцы па зразумелых прычынах павялічваецца, растуць і аб'ёмы продажаў. Гэты фактар таксама ўлічваецца, яна ўжо цяпер складае планы, робіць накіды на аб'ёмы заказаў.

У райспажыўтаварыстве расказалі, што Ніну Кацярыніч не раз адзначалі граматамі, падзякамі як найлепшага работніка, бо ніколі не мелі праблем з гэтай крамай. Нават найстарэйшыя работнікі спажыўтаварыства не могуць згадаць, каб ад насельніцтва паступіла хоць адна скарга, што па цяперашнім часе вялікая рэдкасць.

А калі з раёна прыехалі віншаваць Ніну Іванаўну з 70-гадовым юбілеем, то ў адзін голас усе прысутныя жадалі ёй працаваць яшчэ доўга, бо такога прадаўца больш не знойдзеш.

Сама Ніна Іванаўна тутэйшая. Нарадзілася і вырасла ў Ляхавічах. Тут выйшла замуж, адпрацавала, як было сказана, усё жыццё. З мужам выгадавалі чацвярых дзяцей. Трое з іх жывуць і працуюць у сваім раёне, адзін сын жыве ў Іванаве. «Маю 11 унукаў і адну праўнучку — багатая бабуля, — усміхаецца жанчына. — Ну а працаваць... яшчэ папрацую, калі здароўе дазволіць».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Драгічынскі раён.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.