Вы тут

След у чалавеку


Адна з нашых з сынам любімых гульняў узімку — пакідаць сляды на снезе ў выглядзе кветачкі, цягнічка, анёлка. Увесну ды летам мы таксама працягваем «слядзіць». Калі ідзём гуляць у лес ці да рэчкі, бяром з сабой пакет для смецця. Туды збіраем паперкі, шкло ды пластыкавыя бутэлькі, якія сустракаем на шляху. Тым самым пакідаем пасля сябе светлы след.


Пакідаць сляды на зямлі можна па-рознаму. Напрыклад, так, як нямецкі пісьменнік Іаган Вольфганг Гётэ. Чытала, што ён любіў браць з сабой на прагулку насенне, і там, дзе ішоў, паціху яго раскідваў. Праз нейкі час ён ужо шпацыраваў па сцяжынках, уздоўж якіх раслі кветкі. Альбо як турэцкі ляснік Хікмет Кая. Мужчына пры дапамозе вясковых жыхароў пасадзіў ажно 30 мільёнаў саджанцаў на бясплоднай зямлі. Прайшло сорак гадоў — і цяпер людзі могуць любавацца прыгожым зялёным лесам, які расце на пагорках, а не пустыняй.

Але ж, пагаджуся з Маяй Плісецкай, самае галоўнае — «пакінуць пасля сябе след у чалавеку». У якасці прыкладу падзялюся з вамі гісторыяй, якую некалі пачула ад знаёмага гештальт-тэрапеўта.

У краме дзяўчынка дапамагае маці выкласці прадукты перад касірам. Раптам пакет з просам падае на падлогу і лопаецца. Крупы амаль не высыпаліся. Але пакет пашкоджаны. «Ну вось, так і знала, — уздыхнула мама. — Нельга табе нічога даверыць. Рукі-крукі». На вочы дзяўчынкі навярнуліся слёзы. Яна цяпер не хоча нічога перакладваць. Яна — няўмека. Так сказала мама.

Мама, уся на нервах, пайшла па новы пакет проса. «Можаце даць мне цэлафанавы пакецік», — звяртаецца да касіркі жанчына (назавём яе Анёлам), якая стаяла наступнай у чарзе. А потым просіць дзяўчынку: «Дапамажы мне, калі ласка, сабраць проса».

Яны разам збіраюць з падлогі крупы ў цэлафанавы пакет. Мама дзяўчынкі вяртаецца і разлічваецца за пакупкі. «А што цяпер з тым просам, якое рассыпала ваша дачка? Хто за яе будзе плаціць? Я?» — нервуецца касірка. У паветры наспявае скандал.

«Я куплю гэтае проса, — умяшалася Анёл. — Пры ўмове, што ваша дачка дапаможа мне перакласці прадукты з каляскі. Так цудоўна ў яе гэта атрымліваецца! А ў мяне рука баліць». — «Так, Лідачка, дапамажы цёці. У яе рука баліць», — разгублена вымавіла маці.

Дзяўчынка ажывае. Пачынае акуратна перакладваць цётчыны прадукты. «Якая ў вас памочніца расце, — падыгрывае, гледзячы на маму Ліды, сталы мужчына з чаргі. Вось вырасце — адбою ад жаніхоў не будзе». Усе ў чарзе смяюцца.

Потым Анёл, дзяўчынка і яе мама разам выходзяць з крамы. «Ліда, а ты хочаш зараз апынуцца ў Венецыі? Там ёсць плошча, на якой шмат-шмат галубоў. І яны амаль ручныя. Садзяцца людзям на плечы, галаву». Анёл дастала з авоські цэлафанавы пакет з просам і са словамі «Ліда, ты вельмі сумна скінула проса. Яно нават амаль не рассыпалася. Кінь так, каб «бамс!» — і крупы разляцеліся ва ўсе бакі». Дзяўчынка азіраецца на маму. Тая ўжо ўсё зразумела, усміхаецца і ківае. Дзяўчынка радасна кідае пакет на зямлю. І ў тое ж імгненне, як у казцы, з дахаў і правадоў да ног Лідачкі кінулася процьма галодных галубоў. «Мама, глядзі, як іх шмат! Мама, яны ядуць наша проса. Мама, мы ў Венецыі». — «Дзякуй вам, проста ацверазілі. А то ў мяне сёння дрэнны дзень», — кажа мама Ліды і прыціскае радасную дачку да сябе.

...Гэта гісторыя для мяне не толькі пра светлы след, які зусім незнаёмы чалавек пакінуў у сэрцах маці і дачкі. Але і пра тое, што любую негатыўную сітуацыю заўсёды можна ператварыць у пазітыўную. Што дрэнны дзень у кожную хвіліну можа стаць добрым. А маленькая пляцоўка за крамай — Венецыяй.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.