«Пра беларускіх пісьменнікаў павінны даведацца ў Кітаі», — лічыць пяцікурснік факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ Сунь Фаньцы. Ён паставіў перад сабой мэту — пазнаёміць кітайскіх чытачоў са спадчынай беларускай літаратуры. Фаньцы пераклаў з рускай мовы на кітайскую аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Карпатлівая праца заняла паўтара года. Пераклад твора беларускага аўтара апублікаваны ў пяці нумарах часопіса «Belarus», які выходзіць у Кітаі. Па словах хлопца, аповесць падыходзіць для азнаямлення з беларускай культурай і традыцыямі. Перакладам студэнт БДУ займаўся ў вольны ад вучобы час. Прызнаецца, што яму не заўсёды хапала ведаў па рускай мове, асабліва калі трапляліся састарэлыя выразы. Тады на дапамогу прыходзілі даведнікі, слоўнікі і рускамоўныя сябры. На шчасце, за гады, праведзеныя ў Беларусі, іх у Фаньцы з’явілася нямала.
На пытанне, чаму для перакладу абраў менавіта Уладзіміра Караткевіча, Фаньцы прызнаецца, што ўпершыню прачытаў беларускага аўтара па парадзе знаёмых. «Мне вельмі спадабалася перапляценне прыгодніцкага жанру з містыкай. У Кітаі шмат кніг, перакладзеных з іншых моў, але зусім мала твораў пісьменнікаў з Беларусі. Я лічу, яны вартыя таго, каб пра іх даведаліся ў розных кутках зямлі», — разважае Фаньцы.
Займацца перакладам прафесійна не ўваходзіць у планы хлопца. «Я абраў прафесію па прызванні, — кажа ён, — а пераклады разглядаю ў якасці хобі, якое прыносіць мне задавальненне. Буду вельмі рады, калі дзякуючы гэтаму беларуская літаратура стане папулярнай у Кітаі».
Дарэчы, аповесць Караткевіча не першы твор, які малады чалавек пераклаў на кітайскую мову. Таксама ён займаўся перакладам кнігі Алеся Карлюкевіча «Шубуршун і яго сябры», казкі «Шчаслівая кніга» Кацярыны Хадасевіч-Лісавой і казкі Людмілы Рублеўскай «Пік-Пік і Пепіта на паляванні».
Зусім хутка малады чалавек атрымае дыплом БДУ і пачне працаваць па спецыяльнасці. Акрамя таго, Фаньцы задумваецца аб перакладзе рамана Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Таленавітага юнака не палохаюць складанасці, ён ужо пераканаўся, што няма нічога немагчымага, калі ёсць мэта і жаданне прынесці карысць. Як кажуць на радзіме Фаньцы, «тыя, хто сцвярджае, што гэта немагчыма, не павінны адцягваць увагу тых, хто гэта робіць».
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота БДУ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.