Вы тут

Драўляны люд народнага майстра са Стойлаў працягвае жыць


Споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння народнага майстра Беларусі, чалавека ўнікальнага таленту Мікалая Тарасюка.


Гэта быў не проста майстар-самавучка, што выразаў драўляныя цацкі, кампанаваў іх у сюжэты, складаў да іх подпісы, часам наіўныя. Ён так жыў — як выразаў, як пісаў, як адчуваў. На адной з кампазіцый быў напрыклад, такі подпіс: «Некалі мужычок па зямлі плакаў, а цяпер зямля па мужычку плача. Бо няма каму яе абрабляць». Ён не проста сумаваў па выміраючых вёсках. Ён кожную вясну запрагаў свайго любімага каня Орліка і араў, колькі мог абрабіць той зямлі. Гэта быў своеасаблівы сялянскі пратэст супраць таго, што пусцеюць і паміраюць вёскі. А ён быў апошнім жыхаром Стойлаў на Пружаншчыне.

Тут жылі яго бацькі і дзяды. Тут Мікалай Тарасюк нарадзіўся ў 1932 годзе. Ён дарэчы, усё жыццё пражыў ў дзедавай хаце, якую трошкі перарабіў. Бацька і маці яго мелі добры надзел зямлі, заможную па тых часах гаспадарку: чатыры каровы, двое коней, конную малацілку, рыбацкія снасці. Працавалі ад зары да зары, і жылі няблага. У 1939 годзе засвяціла ім, як і іншым гаспадарам, раскулачванне і высылка ў Сібір. Нехта падказаў бацькам, што трэба скасаваць шлюб і паздзяліць гаспадарку, каб выглядала меней. Але гэта не дапамагло. А вось той развод стаў сапраўднай сямейнай драмай. Можа, і раскулачылі б іх урэшце, ды вайна пачалася... Пасля вайны арганізавалі калгасы, і сталі беднымі Тарасюкі, як усе. Таму запрагаючы коніка і выходзячы ў поле, ён не раз гаварыў: «Гэта ж мая бацькаўшчына і мацярыншчына». Але зямля, з-за якой ўсё жыццё бацькоў пайшло па ўхільнай, заўчасна скончылася, праз нейкія паўстагоддзя аказалася нікому не патрэбнай. А ён не мог з тым змірыцца. Сумаваў па зямлі, па вёсках, па песнях, пазней — па любімай жонцы, па суседзях.

Упершыню я была ў гасцях у народнага майстра у 2008 годзе. Ён ужо жыў адзін у сваёй вёсцы, але выглядаў вясёлым і рухавым. Мог быць і сур’ёзным, калі гаварыў пра важныя для яго рэчы. Тады мы прыехалі ў Стойлы разам з нядаўна прызначаным загадчыкам аддзела культуры райвыканкама Канстанцінам Панімашам. Маладому кіраўніку культурнай галіны раёна Тарасюк сказаў тады: «Жадаю табе, сынок, — потым прыгледзеўся, — не, хутчэй, унучак, весці культуру так, каб яна ў раёне не ў хвасце плялася, а наперадзе ішла, бо культура — гэта ж душа, гэта самае галоўнае...» І не дагаварыў, зажаліўся. Сентыментальным быў пажылы майстар, калі разважаў пра набалелае.

Калі ж весяліўся, яго любімай лаянкай была «сабача атрава». Уласна кажучы ён тады і сустрэў нас гэтымі словамі. Аказалася, «камплімент» быў адрасаваны хлопцам з аддзела культуры, бо паводле ацэнкі жыхара Стойлаў, даўнавата не былі, забыліся на старога. Пазней мы зразумелі, што словазлучэнне мае не крыўднае адценне, а, хутчэй, свойска-гумарны сэнс. Калі гаспадар абняў за шыю любімага каня са словамі «ну што, Орлік, сабача атрава», стала ясна, што яны могуць мець і ласкавае значэнне.

Сам надзвычай жвавы і дасціпны Мікалай Васільевіч вельмі любіў усё жывое. На падворку яго было поўна катоў і сабак. Сабакі добрыя, на чужых людзей не брахалі, толькі хвастамі вілялі. А сярод катоў гаспадар вылучаў чорнага дрэсіраванага «акрабата»: такія дзівосы вытвараў з ім, што аж глядзець страшна было, а кату — хоць бы што. Сваіх чатырохногіх сяброў ён часам называў «негадзяі». І слова «негадзяй» у Тарасюка мела шмат значэнняў: гэта і прамы сэнс — дрэнны, кепскі чалавек, і састарэлы хворы — негадзяшчы, і ласкава-паблажлівы — амаль «харошы мой». Ён і словы прыдумваў, і сюжэты да іх. Селянін-філосаф.

Самым вялікім сумам усяго жыцця народнага майстра была яго паміраючая вёска. «Вось іду па вёсцы — там плуг іржавы валяецца, там барана дагнівае, там серп, зачэплены за плот, парыжэў ад дажджу. Не магу глядзець, дзеткі, іду і плачу», — гаварыў тады Мікалай Васільевіч. Сапраўды, вельмі сумную карціну ўяўлялі сабой Стойлы. Вёска знаходзіцца фактычна на ўскрайку Белавежскай пушчы, за 50 кіламетраў ад райцэнтра. Калгас даўно перастаў існаваць. І землі ў ваколіцы, некалі меліяраваныя, выйшлі са строю, зараслі бур’яном. Дзічэлі і зарасталі апусцелыя сядзібы.

Апошні жыхар вёскі расказваў, што некалі на рацэ Левая Лясная працаваў вадзяны млын. А рыбы вадзілася столькі, што мясцовыя жыхары яе прадавалі. Але ў 50-я гады падчас меліярацыі рэчышча ракі было адведзена ўбок, і яна абмялела, абязводзілася. Цікава ён разважаў пра рэчку, гаварыў пра яе, нібы пра жывую: «Калі спявалі песні, іх было чутно ў Брадах, яны па рацэ плылі». Даўно ўжо ніхто не спявае ў Стойлах.

Свой сум майстра і селяніна ён увасобіў у драўляных фігурках, якія называў драўляным народам. Майстар-самавучка выразаў фігуркі з паленцаў, упрыгожваў іх лазой, саломай і кампанаваў у сюжэты найбольш з сялянскага жыцця і побыту. Вясёлыя і сумныя героі Тарасюка жывуць цяпер у розных музеях і калекцыях, нямала народу засталося і ў пабудаванай для іх драўлянай хаце, якую майстар назваў «Успаміны Бацькаўшчыны». У хаце размясцілася цэлая драўляная вёска з цэрквамі і разнастайнымі малюнкамі жыцця. Разглядаць гэтыя сюжэты вельмі цікава яшчэ і таму, што яны суправаджаюцца асабістымі подпісамі аўтара. Пра мужычка на зямлі ўжо гаварылася, выразна праглядалася тэма адыходу на вечны спачын, адпявання, пахавання: «Нас не будзе, але хтосьці будзе, хтосьці ўспомніць».

А выразаць фігуркі з дрэва Мікалай пачаў амаль выпадкова праз хваробу. Праўда, яшчэ ў дзяцінстве ляпіў з гліны конікаў, птушак, розных звяркоў. Праўда, ніхто не звяртаў увагі на такія забавы. «Маці,бывала, выкіне з хаты мае гліняныя цацкі, дождж іх размочыць, пашкодзіць, а я плачу», — расказваў ммайстар. — Потым, як нарадзіліся дзеці, выразаў ім цацкі з дрэва, тады ж не было поўна іх, як цяпер у магазінах«. Але і сам лічыў гэта не болей, чым забавай. А вось упартая патрэба ў творчасці прыйшла падчас хваробы.

У калгасе Мікалай адпрацаваў мала. Прастудзіўся на калгаснай сенажаці, і захварэў, атрымаў інваліднасць. Хварэў доўгія 16 гадоў. Жонка на работу ў калгас ішла, а яго з дзецьмі пакідала. І вось калі заставаўся дома, каб уцячы ад сумных думак і разважанняў, даваў рукам работу. Так сталі нараджацца пад сякерай і нажом першыя фігуркі і сюжэты. Расказваў, што сваю работу спярша старанна абдумваў, спачатку ўзнікала назва, якая потым станавілася подпісам, а потым рукі ўжо самі выразалі. Яшчэ, паводле яго ацэнкі, майстрам стаць памагла бяссоніца. Яна мучыла з часоў цяжкай хваробы і да канца жыцця. Расказваў, што ўставаў звычайна ў дзве-тры гадзіны ночы, пачынаў паліць у печы, варыць нешта сабе ці скаціне, і пры гэтым габляваў, выразаў, рабіў нарыхтоўкі. 

Доўгія гады яго творчасць многія лічылі забавай. Яшчэ ў 80-я гады ён свой «драўляны люд» чамаданамі вазіў у раён, ды не знаходзіў асаблівай падтрымкі. Але ўсё змянілася пасля Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці ў 1987 годзе. Тады ён упершыню паказаў свае творы ў Брэсце, Мінску, Маскве. І з Масквы прывёз высокую ўзнагароду — залаты медаль ВДНГ. Потым пайшлі персанальныя выставы, пасыпаліся ўзнагароды. Пайшлі-паехалі ў Стойлы наведвальнікі. А ён усіх сустракаў. Выносіў на вуліцу свае работы, ладзіў цэлы спектакль. Вось і нам некалі дзед Мікалай паказаў танец з драўлянай нявестай Марусяй. Гэта была, відаць, адзіная работа, дзе герой прадстаўлены ў адзіночным ліку і выкананы ў рост чалавека. Ён размаўляў з ёю, танчыў. Маруся стала добрай нагодай, каб паказаць артыстызм майстра, якім шчодра надзяліла яго прырода.

Усяго, паводле некаторых падлікаў, Мікалай Тарасюк выразаў каля 30 тысяч фігурак. У 2002 годзе майстар стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта краіны дзеячам культуры і мастацтва. У 2003 годзе ўдастоены звання «Народны майстар Беларусі». У 2008 годзе выйшла кніжка — цудоўны альбом-манаграфія Вольгі Лабачэўскай «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка». Вольга Лабачэўская, фотамайстар Георгій Ліхтаровіч уклалі свае душу і сэрца, каб пераказаць, адлюстраваць усю ўзнёсласць, усе перажыванні майстра ў яго асэнсаванні жыцця, часу, навакольнай рэчаіснасці. Кніга, выдадзеная пры падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама, была шырока прэзентавана і мела розгалас. Пазней быў зняты дакументальны фільм пра майстра са Стойлаў.

Памёр Мікалай Васільевіч у 2015 годзе. Пахавалі яго ў вёсцы Вяжное побач з жонкай Надзеяй Васільеўнай. Як ён і прадказваў, яго ўспамінаюць, і драўляны люд яго працягвае жыць. Работы разьбяра знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Мотальскім музеі народнай творчасці, музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». І вёска яго не знікае. Брэсцкія работнікі культуры і этнографы Ларыса і Аляксандр Быцко набылі дом у Стойлах і адкрылі аграсядзібу «Стулы» з тэатрам-батлейкай. У рэпертуары тэатра ёсць спектакль па п’есе Міколы Пракаповіча «Прытулак памяці» пра славутага майстра, яго драўляны люд, яго сум па вёсцы. А побач з домам майстра з’явілася яго драўляная скульптура разьбяра Анатоля Туркова. Дзед Мікалай, як і раней, сустракае гасцей.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЯШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.