Вы тут

Канікулы! Як з карысцю правесці гэты час


З 25 снежня да 8 студзеня вучоба беларускіх школьнікаў пастаўлена на паўзу. Зімовы адпачынак абяцае быць цікавым, насычаным і бяспечным. Аб гэтым паклапаціліся педагогі...


Фота: pexels.com

З 15 снежня ў краіне стартавала дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». А з 26 да 31 снежня будзе рэалізаваны маштабны анлайн-праект «Ліст Зюзю». «Яго ўдзельнікам прапануецца вывучыць гісторыю і культуру правядзення навагодніх і калядных свят на тэрыторыі нашай краіны, а затым падрыхтаваць уласны ліст беларускаму Дзеду Марозу», — расказала кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Наталля ЧААБ.

Яна адзначыла, што ў перыяд зімовых канікул пры арганізацыі вольнага часу дзяцей асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца ідэалагічнаму і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. З дзецьмі, якія патрабуюць павышанай увагі, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Пры рабоце над праграмай на канікулярны перыяд улічваліся пажаданні саміх дзяцей і іх бацькоў, таму на канікулах пройдзе шмат фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, дзён здароўя і фестываляў.

«Калі гаварыць аб бяспецы школьнікаў, то на канікулах будуць праведзены рэйды па выяўленні стыхійных месцаў катання з горак, каб мінімізаваць патэнцыяльныя траўмы. Акрамя таго, з прадстаўнікамі АСВОДа праводзяцца мерапрыемствы па навучанні дзяцей бяспечнаму знаходжанню на лёдзе», — дадала Наталля Чааб.

Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўню правядуць для школьнікаў на зімовых канікулах мноства мерапрыемстваў, у тым ліку экскурсіі і выстаўкі. Пра гэта расказала журналістам начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена МІХАЛЕВІЧ.

29 і 30 снежня ў Мінску пройдзе Маладзёжны форум выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Тэхнапарк арганізуе ў канікулярны перыяд для вучняў рознага ўзросту тэматычныя экскурсіі па выставачных экспазіцыях з элементамі інтэрактыўных гульняў. На яго базе арганізаваны рэспубліканскі конкурс «ТэхнаЁлка». А Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства запрашае ўсіх ахвотных на рэспубліканскую выставу-конкурс «Лёд. Кветкі. Фантазія», якая праходзіць з 22 снежня да 20 студзеня.

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў перыяд канікулаў будзе прадстаўлена экспазіцыя па выніках рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў «Калядная зорка» (больш як 500 творчых работ). 5 студзеня тут будзе разыграны Рэспубліканскі кубак па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў «Зіма-2023», у якім возьмуць удзел каля 35 каманд з устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі — больш як 200 чалавек. А 27 снежня ў фармаце дыскусійнай пляцоўкі адбудзецца пасяджэнне Рэспубліканскага дзіцячага і падлеткавага парламента пры Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Традыцыйна ў перыяд зімовай перадышкі ад заняткаў для мінскіх школьнікаў будзе арганізавана работа аздараўленчых лагераў, забяспечана магчымасць наведвання спартыўных залаў і камп'ютарных клубаў ва ўстановах адукацыі, а таксама будуць пракладзены лыжныя трасы, заліты каткі і падрыхтаваны хакейныя каробкі.

— Работа аздараўленчых лагераў з кругласутачнай і дзённай формамі знаходжання арганізоўваецца для сталічных школьнікаў на зімовых канікулах з году ў год. І гэтыя канікулы не стануць выключэннем, — запэўнівае начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна РЫСЯВЕЦ. — Акрамя лагераў на базе ўстаноў адукацыі будуць працаваць чатыры загарадныя аздараўленчыя лагеры: «Палітэхнік», «Гарызонт», «Барок» ААТ «МАПІД» і лагер Белпошты «Дружба». Арганізатары распрацавалі для выхаванцаў адпаведныя праграмы па розных профілях. Лагеры з кругласутачнай і дзённай формамі знаходжання прымуць больш як 11,5 тысячы дзяцей.

Як адзначыла Ганна Рысявец, у перыяд зімовых канікул установы адукацыі прадоўжаць працаваць у штатным рэжыме, і ўся інфраструктура школ будзе прапанавана дзецям. Навучэнцаў чакаюць не толькі спартыўныя гульні, але і забаўляльная праграма.

У рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ўсе сталічныя школы правядуць навагоднія святы, а ўстановы дадатковай адукацыі распрацавалі свае навагоднія пастаноўкі паводле казак. У Мінску запланавана больш як 700 розных святочных мерапрыемстваў для школьнікаў і іх бацькоў. Сярод самых яскравых можна згадаць рэспубліканскі навагодні баль для навучэнскай і студэнцкай моладзі, які пройдзе 28 снежня ў Палацы Незалежнасці. Не пакіне школьнікаў абыякавымі і галоўная ёлка краіны, запланаваная на 29 снежня.

Таксама навучэнцам сталічных устаноў адукацыі будуць прапанаваны экскурсійныя праграмы, у тым ліку прафарыентацыйнай накіраванасці. Школьнікі на зімовых канікулах змогуць наведаць вядучыя прадпрыемствы краіны і пазнаёміцца з флагманамі беларускай эканомікі.

Што датычыцца другаснай занятасці старшакласнікаў, то, як заўважыла Ганна Рысявец, яна арганізоўваецца круглы год. Да 28 снежня ўстановы адукацыі распрацуюць і прадставяць праекты па формах і відах занятасці, а таксама па месцах, якія дадаткова ствараюцца для навучэнцаў, на 2023 год. Найбольшы пік цікавасці да магчымасці падзарабіць традыцыйна прыпадае на май — верасень.

Для асобнай катэгорыі навучэнцаў зімовыя канікулы — гарачы перыяд падрыхтоўкі да наступнага этапа алімпіяд па вучэбных прадметах, які пройдзе з 9 да 13 студзеня на базе 13 устаноў адукацыі сталіцы. У гэтым этапе прымуць удзел каля 1,5 тысячы мінскіх школьнікаў, якія прадоўжаць актыўна рыхтавацца са сваімі кіраўнікамі ў перыяд зімовых канікул.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.