Вы тут

Каляды на Каўчэгу, або Дзе нараджаецца радасць


Я падымаюся па прыступках у «Каўчэг». Тут усе нагадвае пра біблейскі сюжэт, звязаны з сусветным патопам. Адчуванне, што ступаю над марскімі хвалямі (іх імітуе шкло з блакітнай падсветкай), а зверху на мяне сыпецца срэбны дождж. Безліч ламп-ліхтарыкаў імітуюць каплі. Падымаю галаву ўгору: драўляныя бэлькі столі, бы карабельная палуба... Розныя элементы інтэр’ера новага духоўна-асветніцкага цэнтра «Каўчэг» Свята-Елісавецінскага манастыра (Мінск, Даўгінаўскі тракт, 164) адсылаюць у старажытную гісторыю. Матэрыялы для аздаблення падбіраліся толькі натуральныя: дрэва, шкло, камень і жалеза. Прыемна хадзіць па гэтым будынку, знаходзіць сімвалы, счытваць іх. Не менш цікава адкрываць, як гэтая прастора напаўняецца ідэямі, справамі, абуджае ў людзей добрыя думкі, пачуцці, адорвае надзеямі.


Зараз тут праходзіць Праваслаўны калядны фестываль «Радасць», які робіцца па блаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і пры падтрымцы Мінгарвыканкама. Упершыню гэта традыцыйнае мерапрыемства ладзіцца на новым месцы. Цікаўлюся ў кіраўніцы духоўна-асветніцкай праграмы Таццяны Ціханавай, ці адбілася змена дыслакацыі на фестывалі.

— У нас больш магчымасцяў, бо мы маем больш лакацый. Так, тут ёсць спецыялізаваная музычная гасцёўня. Мы можам рабіць вечары жывой музыкі пад раяль. Плюс у гэтай гасцёўні добра праводзіць камерныя, закрытыя сустрэчы. Напрыклад, толькі са студэнтамі, ці толькі з выкладчыкамі. Раней на нашы сустрэчы маглі прыходзіць усе ахвочыя, але часам некаторыя гутаркі ладзяцца пад пэўную аўдыторыю. Усё ж у моладзі могуць быць адны пытанні, а ў старэйшага пакалення — іншыя. 

З’явілася шыкоўная відэазала, дзе фільмы можна глядзець на вялікім экране. Прасторная актавая зала дазваляе збіраць вялікія калектывы, праводзіць канферэнцыі ці запрашаць знакамітых людзей. Яна можа ўмясціць каля 600 чалавек.

Чатыры паверхі «Каўчэгу» адкрываюць магчымасці для многіх гараджан, тут будуць працаваць сямейныя і жаночыя клубы, малых ужо чакаюць на заняткі ў тэатральным гуртку. Створаны ўмовы для рэалізацыі любых творчых ідэй, для размяшчэння выставак, правядзення святочных прадстаўленняў. На другім паверсе размясціліся кавярня і гульнявая зона для дзятвы. У апошняй у межах фестывалю хлопчыкі і дзяўчынкі на разнастайных майстар-класах шчыруюць над падарункамі для сваіх блізкіх. 

Наогул дзіцячая праграма праваслаўнага каляднага фестывалю ўключае 50 мерапрыемстваў, дарослая — больш за 80. За кожным днём замацавана свая тэма: творчы панядзелак, смачны аўторак, навуковая серада, музычны чацвер, маляўнічая пятніца і г.д. У праграме — спектаклі, гульні, батлейка, майстар-класы па робататэхніцы, цукеркавай фларыстыцы, каліграфіі, стварэнню лялек, роспісу кубкаў і пернікаў. 

А чаму б не адкрыць калядныя сакрэты? Тут можна спытацца пра абраз, звязаны з нараджэннем Хрыста, даведацца што і чаму на ім намалявана, атрымаць парады, як падрыхтавацца да свята, чым аздобіць дом. 

Падрыхтоўка да мерапрыемства заняла паўтары месяцы. Каб насыціць фестываль разнастайнымі па сутнасці і зместу падзеямі, было прыкладзена не так мала намаганняў. Як вынік — ён аб’яднаў каля 600 удзельнікаў. Гэта дарослыя і дзіцячыя калектывы, прадстаўнікі нядзельных школ і храмаў, свецкіх устаноў.

Дзеці з мастацкіх школ падрыхтавалі звыш за тры дзесяткі макетаў Ноевага каўчэга, і гасцям фестывалю не так лёгка выбраць, за якія ж з работ прагаласаваць. 

Ладзіцца фестываль тэатраў нядзельных школ — самадзейныя артысты паказваюць спектаклі на калядную тэму.

На трэцім і чацвёртым паверхах «Каўчэга» можна паглядзець выстаўкі, прысвечаныя святой Валянціне Мінскай і Мітрапаліту Філарэту, а таксама пазнаёміцца з мастацкімі работамі Святланы Жыгімонт. 

Калядныя дыялогі прадстаўлены сустрэчамі з артыстамі і пісьменнікамі

Тут можна не толькі бясплатна паслухаць калядныя спевы ці канцэрты з класічнай музыкай, але і атрымаць парады медыкаў і псіхолагаў. Тэмы для сустрэч падбіраліся паводле запатрабаванняў гасцей. Напрыклад, адна з іх тычыцца выхавання мамамі сыноў. У межах праекта «Наша здароўе» запланаваны сустрэчы з псіхолагам Аленай Шыёнак, кандыдатам медыцынскіх навук манахіней Марыяй (Літвінавай) і вядомым далёка за межамі Беларусі урачом—фітатэрапеўтам Мікалаем Агрэнічам.

Фестываль дае магчымасць адкрыць для сябе праваслаўную культуру, якая не абмяжоўваецца толькі малітвамі. Шмат увагі надаецца і падтрымцы людзей, якія патрапілі ў складаныя жыццёвыя абставіны.На фестывальную сцэну выйшлі таксама інклюзіўныя калектывы, для якіх гэта выдатная магчымасць знайсці новых гледачоў і слухачоў і адчуць сябе запатрабаванымі.

У межах фестывалю працуе кірмаш, на якім можна набыць святочныя падарункі, травяныя бальзамы, гарбату, прадукты. Абразы, кнігі і сувеніры прывезены манастырамі Беларусі, Расіі, Грэцыі, Палясціны, Сірыі, Сербіі. Сам Свята-Елісавецінскі манастыр, які з’яўляецца арганізатарам свята, таксама выстаўляе сваю прадукцыю. Дарэчы, пры манастыры створана каля трох дзесяткаў майстэрань.Таксама пры ім працуюць студыі, майстэрня «Благадатнае неба», куды прыходзяць людзі, якія раней нідзе не адчувалі сябе запатрабаванымі, а тут нарэшце знайшлі занятак, які дазваляе ім зарабляць на жыццё. Прадстаўлены тут і майстэрні, у якіх ствараюцца абразы і аклады. 

— Адна з мэтаў фестывалю — прыцягнуць увагу людзей, якія да царквы яшчэ не дайшлі. Часам яны адчуваюць, што ім гэта патрэбна, але не ведаюць, з чаго пачаць, ці саромяцца. «Каўчэг» — як першая прыступка, якая адкрывае шлях да праваслаўя. На фестывалі можна пагутарыць са святарамі, знайсці аднадумцаў, задаць пытанні, — заўважае Таццяна Ціханава. — Не проста так вялікая ўвага на ім надаецца сем’ям. Часта маладыя бацькі лічуць, што дзіця, калі вырасце, можа само выбіраць рэлігію. Насамрэч так малыя пазбаўляюцца магчымасці даведацца пра духоўную культуру і традыцыі, убачыць, наколькі прыгожы шлях у праваслаўе.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.