Вы тут

Культура збліжае народы


Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур рыхтуецца да ІV фестывалю мастацтваў беларусаў свету. У верасні наша краіна гатова прыняць да 250 удзельнікаў, у тым ліку харэаграфічныя і вакальныя калектывы, мастакоў, майстроў народнай творчасці. Яны змогуць падзяліцца тым, як захоўваюць беларускую культуру ў краінах свайго пражывання. Таксама для гасцей будзе падрыхтавана пазнавальная праграма. Апошні такі фестываль сабраў 214 беларусаў, які прыбылі з 19 краін свету.


Таксама ў межах святкавання Дня Мінску ў Верхнім горадзе адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Фестывалю нацыянальных культур. Пасля будуць праходзіць адборачныя туры, і завершыцца ўсё вялікай культурнай праграмай у Гродне. У планах — аднавіць дні нацыянальных культур, якія да пандэміі праходзілі ў сталіцы.

Па дадзеных апошняга перапісу, на тэрыторыі Беларусі пражываюць прадстаўнікі 156 нацыянальнасцяў. Мэтанакіраваная палітыка дзяржаўнай падтрымкі дыяспар дае ім магчымасць захоўваць гісторыю і культуру сваёй нацыі, этнічную самабытнасць. Нацыянальна-культурныя аб’яднанні актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў краіне, далучаюцца да дабрачынных праектаў, даюць магчымасць беларусам даведвацца пра традыцыі, звычаі, танцы, спевы і нацыянальныя кухні народаў свету.

Так, яшчэ ў 1990-м годзе было створана армянскае культурна-асветніцкае таварыства «Айастан». Старшыня Кансультатыўнага міжэтнічнага савета нацыянальных аб’яднанняў пры Ўпаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Георгій Егіазаран паведаміў, што армяне прымаюць удзел у разнастайных фестывалях і конкурсах, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі. У мінулым годзе актывісты праводзілі сустрэчы, канцэрты, інтэрактыўныя праграмы ў музеях і навучальных установах. Таварыства мае свой фальклорны ансамбль «Эрыбуні». Гэты калектыў не аднойчы станавіўся лаўрэатам гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, якія праводзіліся ў Беларусі. Шырока вядомы ён і далёка за межамі нашай краіны. Фальклорны ансамбль выйграваў конкурсы ў Чэхіі і Арменіі, пабываў ў Велікабрытаніі, Італіі, Аўстрыі, Славеніі, Польшчы, Латвіі, Літве, Эстоніі, Украіне, Расіі. Падчас такіх падарожжаў таварыства прадстаўляе Беларусь, расказвае пра яе сацыяльна-эканамічны патэнцыял, рэкламуе тавары. Дарэчы, беларуская прадукцыя карыстаецца попытам у Арменіі. Там у крамах без праблем можна набыць беларускія прадукты, запатрабаваная айчынная сельгастэхніка.

25 гадоў таму створана грамадскае аб’яднанне «Беларуская цыганская дыяспара». Арганізацыя займаецца пытаннем увекавечання памяці пра ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, праведзены сур’ёзныя даследаванні з апытаннем сведкаў і пошукам дакументаў у архівах, якія датычацца генацыду ромаў. На жаль, высветліць, колькі было такіх ахвяр, вельмі складана. Ромы на той час не мелі дакументаў, часта пераязджалі з месца на месца. Таму па ўсёй Еўропе лічба ахвяр — ромаў ад 500 тысяч да 1,5 мільёна. Толькі на Беларусі было знішчана акупантамі ад 50 да 80 працэнтаў ромаў, якія тут пражывалі. Інфармацыю пра гэту трагедыю прадстаўнікі дыяспары стараюцца данесці да грамадскасці, як у Беларусі, так і за яе межамі. Разам з архітэктарам Леанідам Левіным разглядалася пытане аб устаноўцы мемарыялу, прысвечанага генацыду ромаў. На жаль, Леанід Мендэлевіч не паспеў гэту задуму давесці да канца.

«Больш за 600 гадоў на тэрыторыі Беларусі жывуць татары», — заўважыла старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Татара-башкірская культурная спадчына «Чышма» Эльвіра Ляўшэвіч. Паводле апошняга перапісу, у нашай краіне пражывае каля 10 тысяч татар, і тысячы башкір. Пры грамадскай арганізацыі працуе нядзельная школа, створаны фальклорны калектыў. Дыяспара наладжвае кантакты з супляменнікамі з Татарстана і Башкортастана. Перыдычна дэлегацыі прыязджаюць ў Беларусь. Апошняя сустрэча адбылася сёлета ў Гомелі.

Ганна ПЯТРОВА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.