Вы тут

Індзейская пляцоўка, шоу асілкаў, гастрафэст


Свята пачалося апоўдні з тэатралізаванага шэсця і, нягледзячы на трэці дзень і аддаленнасць ад Гродна, на шлюз Дамброўка прыехала некалькі сотняў людзей.


Аб гэтым сведчыла каляіна аўтамабіляў, якая ўтварылася ад вёскі Чарток, што знаходзіцца на пад’ездзе да галоўнага шлюза беларускай часткі Аўгустоўскага канала, да самога павароту на Даброўку. Пазней у вёсцы побач з дарогай сфармавалася стаянка аўтамабіляў, якая да вечара запоўнілася больш, чым на палову — вялікае поле каля дарогі вымалявалася з зялёнага колеру, у чорны і цёмна-сіні, а на гук музыкі бясконцым патокам сцякаліся грамадзяне. Да галоўнага свята трэба было нямала прайсціся — каля трох з паловай кіламетраў. Аднак, для тых, хто вырашыў наведаць фестываль на рэйсавым аўтобусе, — гэта была не праблема, бо транспарт ішоў проста да галоўнага ўваходу.

У дзень Фестывалю нацыянальных культур, які праходзіў у адным з самых жывапісных месцаў Гарадзеншчыны, на Аўгустоўскі канал хадзіў аўтобус з Гародні з аўтавакзала і з вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Назад таксама можна было дабрацца да горада як апоўдні, так увечары або адразу ж пасля свята.

Пачалося ўсё з касцюмаванага тэатралізаванага шэсця, падчас якога ўдзельнікі фестывалю пранеслі ручнік Гродзенскай вобласці. Пасля гэтага глядач мог наведаць некалькі разнастайных і займальных пляцовак. Можна было пайсці на канцэрт, прыняць удзел у розных конкурсах, пагуляць з дзіцем на інтэрактыўнай пляцоўцы, пракаціцца на цеплаходзе, альбо проста арганізаваць пікнік з блізкімі людзьмі на беразе Аўгустоўскага канала як пад цёплым сонейкам (якое ў гэты дзень нікога не пакрыўдзіла), так і пад ценем пухнатых зялёных дрэў.

Верагодна, таму арганізаваць трэці дзень XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у такім маляўнічым месцы было адной з самых удалых ідэй. На ўнікальным аб’екце гідратэхнічнай архітэктуры, які занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, змаглі пабываць нават тыя, хто даўно марыў наведаць гэта прыгожае месца, альбо пракаціцца на цеплаходзе.

Урачыстае адкрыццё свята пачалося са слоў Яна Васілеўскага, старшыні Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта, на плечы якога легла вялікая частка арганізацыі трэцяга святочнага дня фестывалю. Ён заўважыў, што ў гэтую нядзелю адзначаецца не толькі Фестываль нацыянальных культур, але і адкрыццё турыстычнага сезона на Аўгустоўскім канале.

— Наша зямля шануе мір і творыць яго, яна талерантная да ўсіх нацыянальнасцяў. Так, існуюць тэрытарыяльныя межы, але хацелася б, каб у нашых галовах не было гэтых межаў, каб мы жылі мірна і дружна, усе разам глядзелі ў будучыню. Тут прысутнічаюць 30 нацыянальнасцяў, якія на працягу гэтых фестывальных дзён дзяліліся сваёй гісторыяй, традыцыямі, звычаямі. Упэўнены, у нашай краіне прадстаўнікі ўсіх народаў заўсёды будуць жыць у згодзе, — адзначыў Ян Янавіч. 

І, дарэчы, адчуць гэтую згоду можна вельмі чутна падчас падобных маштабных святаў. Госці фестывалю зноў убачылі сузор’е талентаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў падчас урачыстага канцэрта. Перад гледачамі выступілі юныя танцоры, якія прадэманстравалі таленты ў VII адкрытым фестывалі-конкурсе харэаграфічнага мастацтва «Танцевальная круговерть». На сцэне ўвесь дзень выступалі творчыя калектывы, якія прыехалі на свята з усёй Гродзеншчыны.

Нямала гледачоў сабрала спартыўная пляцоўка, якая на працягу дня адзначала волатаў, якія дэманстравалі майстар-класы ў сілавым экстрыме. А хтосьці насупраць, сабраўся паглядзець на іншага роду спаборніцтвы — хадзе з перашкодамі «BEER-старты». Тут удзельнікі дэманстравалі не проста фізічную сілу, але і псіхалагічную і маральную ўстойлівасць да ўспрымання алкаголю. Таму складана сказаць, якое шоу сабрала больш гледачоў, хоць спаборніцтвы «Сіла ў адзінстве» паказалі як можна гнуць цвікі, шрубы і нават патэльні.

Пляцоўка «Гасцінец» прадставіла сапраўдны нацыянальны гастрафэст, дзе ўсе жадаючыя змаглі прадэгуставаць стравы беларускай кухні, прыгатаваныя па арыгінальных рэцэптах.

Парадавала вялікая колькасць сем’яў з дзецьмі, якім на Аўгустоўскім канале дакладна было дзе разгуляцца. Пры гэтым для малых былі арганізаваныя не толькі паветраныя батуты, але і цэлая інтэрактыўна-гульнявая пляцоўка «Гульня-LAND». Тут увесь дзень маленькіх адпачывальнікаў забаўлялі аніматары.

Варта адзначыць, што Аўгустоўскі канал перш за ўсё асацыюецца з прагулкамі на цеплаходзе. Наведванне шлюза Дамброўка цяжка сабе ўявіць без водных забаў, таму для многіх гасцей фестывалю гэта быў адзін з галоўных матываў паездкі. Складана сказаць, якую колькасць жадаючых пракацілі ў гэты дзень цеплаходы «Нёман» і «Вольга Соламава», але гідратэхнічны аб’ект функцыянаваў без перапынку на абед. Тыя, хто не змог пракаціцца на цеплаходзе, альбо баяўся гэта зрабіць, змаглі ўбачыць з берага канала, як працуюць старадаўнія механізмы, а таксама спускаюцца тыя самыя знакамітыя аўгустоўскія вадаспады і цеплаход праходзіць шлюзаванне. Калі ж сумаваць на лужку не хацелася, на пракат можна было ўзяць катамараны, лодкі, альбо ровары.

Брама Дамброўкі даўно стала візітнай карткай Гродзенскага рэгіёна, а арганізацыя падобных вялікіх святаў рэспубліканскага маштабу дапамагае не проста разнесці пра яго яшчэ большыя пагалоскі, але і ўдасканаліць інфраструктуру, прыцягнуць да аб’екту бізнес і інвестара.

Дарэчы, завяршылася свята дыска-шоу праграмай пад выступленне вядомага кавер-бэнда з Гродна «Ваяж». Але для многіх, асабліва тых, хто прыехаў на Аўгустоўскі канал на ўласным аўтамабілі, гэта не стала прычынай тут жа пакідаць такое прыгожае месца. Лета дазваляе быць на прыродзе да таго часу, пакуль сонца не схаваецца за кронай зялёных лясоў.

Аліса СКІБА 

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.