Вы тут

Носьбіты і ахоўнікі слова


Паездка на з’езд Саюза пісьменнікаў Расіі была для мяне гэткай жа хвалюючай, як і падрыхтоўка да нядаўняга з’езда Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дзейнасць пісьменніцкай арганізацыі за пяць справаздачных гадоў патрабуе глыбокага асэнсавання, удумлівага падыходу да далейшага руху наперад. Як вядома, гэты час быў напоўнены рознымі, нярэдка супярэчлівымі, грамадска-палітычнымі падзеямі, убаку ад якіх не можа застацца творца. Яго роля — быць на вастрыі часу.


Многае нас звязвае з расійскімі калегамі і ў будзённых пісьменніцкіх клопатах, і ў выяўленні сваёй грамадзянскай пазіцыі. Безумоўна, хацелася пабыць у гушчыні творчага асяродку гэтай краіны, сярод пісьменнікаў, якія прадстаўляюць шматаблічную літаратурную Расію. Тым больш што ў запрашэнні, накіраваным старшынёй Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалаем Івановым, была просьба «выступіць з прывітальным словам ад брацкай Беларусі».

Уручэнне Анатолю Аўруціну ганаровага знака «За заслугі ў літаратуры».

Атмасфера ў Цэнтральным доме літаратараў у Маскве ў нечым блізкая да нашага Дома літаратара ў Мінску. Яно і нядзіўна: будынкі маюць адно і тое ж прызначэнне, захоўваюць энергетыку пакаленняў, апантаных творчасцю. Прыемна ўразіла галерэя партрэтаў сучасных пісьменнікаў Расіі, і ўсплыла паралель: партрэты беларускіх літаратараў, створаныя мастаком, заслужаным дзеячам культуры Беларусі Віктарам Барабанцавым. Трэба ж так, каб адначасна адбываліся аднолькавыя мастацкія працэсы ў нашых творчых саюзах!

У вялікай зале — цішыня (гэта нас — мяне, паэта Анатоля Аўруціна і яго жонку Зою — як ганаровых гасцей, запрасілі за кулісы з’езда). Вось-вось дзверы расчыняцца, і шматгалосая публіка пачне займаць свае месцы ў зале. А пакуль мы вядзём з калегамі сяброўскія размовы, як прыязныя людзі, аб’яднаныя агульнымі прафесійнымі і жыццёвымі інтарэсамі. Радуемся, калі да нас далучаецца Станіслаў Юр’евіч Куняеў, мэтр расійскай літаратуры. Праз некалькі хвілін з трыбуны з’езда прагучыць яго сімвалічнае сцвярджэнне: «Расія заўсёды была краінай слова. Пісьменнікі з’яўляюцца носьбітамі і ахоўнікамі слова, а значыць — Расіі». 

З’езд пачынаецца са статыстыкі, якую старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Іваноў лічыць вельмі паказальнай. У чым я, прадстаўляючы СПБ, яго падтрымліваю. За апошні час у Саюз пісьменнікаў Расіі ўступае ўсё больш жанчын, як, у прыватнасці, і ў Беларусі таксама. Пабольшала моладзі. Пра гэта сведчыць створаны Савет маладых літаратараў, але ў яго рабоце патрэбна большая сістэмнасць і падтрымка рэгіянальных аддзяленняў, заўважае Мікалай Іваноў. Амаладжэнне — праблема і нашага саюза. 

Не лепшыя часы перажывае літаратурная крытыка — у гэтым мы падобныя. Як, у прыватнасці, скардзімся і на заняпад у драматургіі. Па словах старшыні Нацыянальнай расійскай асацыяцыі драматургаў Юрыя Палякова, быў праведзены конкурс, найлепшыя п’есы выдадзены ў альманаху. Аднак ні адзін тэатр не паставіў п’есу, нягледзячы на прапановы драматургаў сваіх работ абласным, правінцыяльным тэатрам пры ўмове нават выдаткаваных для таго сродкаў. 

Затое на ўздыме — дзіцячая літаратура. Варта згадаць пра памятны для Саюза пісьменнікаў Беларусі пленум, дзе разглядалася значнасць дзіцячай кнігі, чытання. А вось у Саюзе пісьменнікаў Расіі нядаўна створаны Савет па дзіцячай кнізе. 

Пра прозу хочацца сказаць радкамі выдатнага рускага пісьменніка і інтэлектуала, старшыні Ізборскага клуба Аляксандра Праханава. Аляксандр Андрэевіч з трыбуны з’езда сказаў словы, бадай, праграмныя для нашай агульнай літаратурнай супольнасці. Ён адзначыў ролю журналістаў, якія фіксуюць рэальнасць, аднак асэнсаваць яе, даць «духапад’ёмныя вобразы» прызваны пісьменнікі. 

Падчас работы з’езда.

Сярод літаратурных жанраў у сучаснай беларускай літаратуры вылучаецца публіцыстыка. Яе руху далі штуршок многія складаныя працэсы ў беларускім грамадстве. Знайшлі водгук у мастацкай публіцыстыцы ў пераважнай большасці тэмы, звязаныя з захаваннем гістарычнай памяці, патрыятызму, мужнасці і гераізму ў сучасных умовах. У Расіі ў гэтым напрамку актывізаваліся паэты. Прыярытэтам стала грамадзянская, патрыятычная лірыка. Галоўны рэдактар выдавецтва «Вече» Сяргей Дзмітрыеў нагадаў пра сумесны з Саюзам пісьменнікаў Расіі зборнік паэзіі пра вайну, які знаходзіць водгукі ў байцоў на перадавой. 

З прывітальным словам да ўдзельнікаў з’езда выступіў старшыня Саюза кнігавыдаўцоў Расіі Сяргей Сцяпашын. Ён гаварыў пра важнасць узаемадзеяння выдаўцоў і пісьменнікаў, пра патрыятызм членаў расійскай пісьменніцкай арганізацыі і асабіста самога старшыні СПР Мікалая Іванова. Асобныя выдаўцы і рэдактары атрымалі ад СКР памятныя медалі. 

Заўважным стала і выступленне сакратара Савета пры Прэзідэнце па правах чалавека — вядомага журналіста і грамадскага дзеяча Валерыя Фадзеева. На яго думку, літаратурныя часопісы павінны захавацца як творчыя цэнтры, бо там не толькі вядзецца работа з тэкстам, але і выхоўваюцца і з’яўляюцца новыя пісьменнікі.

З трыбуны вялікага пісьменніцкага форуму Расіі гучала шмат эмацыянальных выступленняў: Максіма Замшава, кіраўніка Маскоўскай гарадской арганізацыі, Мамеда Халілава з Яраслаўля, Уладзіміра Сарокіна з Крыма, Аламахада Яльсаева з Чачні, Ерамея Айпіна з Ханты-Мансійска. 

«У краіны многа праблем, — сказаў у сваім дакладзе Мікалай Іваноў. — У пісьменнікаў Расіі столькі ж, таму што мы не аддзяляем сябе ад Айчыны. Пісьменнікі Расіі — не перакаці поле. Мы — дыханне і голас свайго народа. Мы самі — Расія».

І яшчэ Мікалай Фёдаравіч падкрэсліў: «Мы хочам, каб грамадства ведала: Саюз пісьменнікаў Расіі — не ў палітыцы. Але наша задача — фарміраваць парадак дня, на аснове якога палітыкі будуць прымаць (або не прымаць) рашэнні». 

Адным з пытанняў з’езда з’яўлялася ўнясенне змяненняў у Статут СПР. Прыемна, што беларускі вопыт прыйшоўся тут да месца. Акрамя членаў Праўлення СПР былі, як і ў нас, абраны кандыдаты ў члены СПР. 

Увесь час мяне не пакідала думка, як, выступаючы на з’ездзе, даказаць наша братэрства. І нічога іншага я не прыдумала, як згадаць сваё дзяцінства, якое прайшло ў невялікім беларускім гарадку Дзяржынску на вуліцы Тургенева, вучылася ў школе — на вуліцы Талстога. Мае сябры жылі на вуліцах Пушкіна, Лермантава, Астроўскага, Маякоўскага... Прайшлі гады, змяніліся пакаленні. Па тых жа самых адрасах жывуць, вучацца, працуюць мае землякі. Яны чытаюць творы расійскіх аўтараў і ўбіраюць у сябе вялікую рускую культуру. Зала апладзіравала ў знак таго, што нішто не зламае наша адзінства.

Алена СТЭЛЬМАХ, першы намеснік старшыні СПБ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.