Вы тут

Таямніца чорных драздоў (Сучасны беларускі варыянт)


Ужо другую вясну на вясковыя вішні ды кусты маліны прылятаюць заўважныя, дагэтуль не бачаныя птушкі. Бліскуча-чорныя, бы змазаныя ваксай, з доўгімі аранжавымі дзюбамі і гэткімі ж аранжавымі цікаўнымі вачыма. Смелыя і на дзіва нахабныя, яны з галінак маліны заглядаюць у вокны хаты, з пранізлівым верашчаннем б'юцца са шпакамі, летась чорным шумным натоўпам ганялі па двары рудую Бобу, мясцовую невялікую сучку, якая чымсьці ім не дагадзіла. Боба неслася па вуліцы, падціснуўшы хвост, спрабавала раз-пораз агрызацца, але атрымлівала дзюбай па носе і бегла яшчэ хутчэй, пакуль не падлезла пад свае вароты, толькі тады бандыты ад яе адчапіліся... Мы, назіраючы за гэтымі новымі суседзямі, палезлі ў інтэрнэт шукаць, што за яны. Аказалася — дразды. Тыя самыя, чорныя, пра якіх нават Агата Крысці раман напісала. Дабраліся-такі да вёскі. І ўлетку разам са сваімі шэрымі суродзічамі з вялікім апетытам жэрлі клубніцы, парэчкі, вішні і нават чырвоныя яблыкі ды аранжавыя гарбузы, абсалютна не палохаючыся людзей, а тым больш пудзілаў, якія наіўныя людзі ставілі і вешалі на градках ды ў садах. Карацей, яшчэ адна навала для вясковых гаспадароў, праўда, летась яшчэ было спадзяванне, што часовая: падкормяцца і злятуць туды, адкуль прыляцелі.


Фота: pixabay.com

Як бы не так! Сёлета яны сустракалі ў двары зусім па-гаспадарску, нават не думаючы палохацца, нахабна цікуючы ў шыбы, здзекліва пасвістваючы. Але чамусьці раздражнення на іх не было, хутчэй нават нейкая радасць, бы сустрэўся са старымі знаёмымі, якія і не скажаш, што прыемныя, але ж нагадваюць, што ты тут свой. Прыляцелі — і дзякуй богу. Значыць, ведаюць, што будзе чым паласавацца — будуць і клубніцы, і вішні, і гарбузы на градках. Гэткае сведчанне, што жыццё працягваецца і што ўсё будзе добра. Вельмі важнае па сённяшнім часе веданне, няхай сабе нават такое кароткатэрміновае — на дачны сезон.

Увогуле, у вёсцы гэта веданне чамусьці нейкае больш упэўненае, чым у горадзе. Можа, таму, што, трапляючы «на прыроду», пачынаеш думаць крыху іншымі катэгорыямі? Вось прывезлі машыну дроў, скінулі ў вялікі бурт каля хлева. Дровы сырыя, калі не сказаць мокрыя, пэўна, пілілі тыя бярозы нядаўна, калі сок ужо пайшоў. І гараджанін у табе пачынае абурацца: за чатырыста рублёў маглі б і сушэйшыя прывезці. А твая вясковая сутнасць прагна ўцягвае носам ні з чым не параўнальны водар паколатых бярозавых паленняў, якія пад вясновым ветрам і сонцам вельмі хутка высахнуць. І супакоена думае пра тое, што хопіць іх не на адзін дачны сезон, што нават сярод лета, калі ад працяглых дажджоў стане холадна, можна будзе запаліць у печы, глядзець на агонь і слухаць, як стукаюць па даху і ў шыбы цяжкія кроплі, цурчаць струменем з капяжа... Усмешлівы кіроўца, што прывёз тыя дровы ажно з-пад Узды, нібы прачытаўшы гэта на тваім твары, пакеплівае: «Вам, дачнікам, іх на шашлыкі на дзесяць гадоў хопіць!» А з кабіны яго грузавіка выглядваюць два цікаўныя хлапечыя тварыкі, ужо загарэлыя і дужа задаволеныя — бацька ўзяў у такую вялікую дарогу. І ты ўжо зусім забываеш пра свае гарадскія прэтэнзіі наконт ступені сухасці тавару і ідзеш капацца ў сумцы, каб знайсці пару якіх цукерак, бо не пачаставаць такіх сімпатычных малых проста немагчыма...

Тут усё больш шчырае і сапраўднае, без усялякіх экзістэнцыяльных выбрыкаў і прэтэнзій, без двайных-трайных сэнсаў. Не запаліў у печы — у хаце будзе холадна, не паставіў падпоры на зіму ў цяпліцы — купляй новую, бо яна лягла пад цяжарам снегу, не ўскапаеш зямлю, не пасееш тое, што трэба пасеяць, — вырасце хіба што лебяда ды пырнік. Простыя законы элементарнага выжывання, але ж менавіта яны і даюць хоць нейкую ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Хоць бы таму, што ты можаш сваімі дзеяннямі ўплываць на развіццё падзей, няхай сабе і ў такім вось лакальным, вузкім маштабе.

І з гэтага простага і сапраўднага нараджаецца зусім іншая філасофія. Сонца ўстала — час і табе ўставаць і зрабіць нешта карыснае, калі не для сусвету, дык для сябе, для сваёй сям'і. Дождж пайшоў — добра, зямля нап'ецца, хутчэй прарасце пасеянае, умацуецца пасаджанае. Сустрэў чалавека на вуліцы, хай сабе і не мясцовага, не знаёмага — павітайся, пажадай яму здароўя або добрага дня, бо і ён жа табе пажадае таго ж самага ў адказ. Спяшайся, але не мітусіся, дыхай спакойна, але на поўныя грудзі. Нагнуўшыся да зямлі, не забывайся разгінацца і глядзець у неба, каб не цямнела ў вачах і не скруціла спіну. Назірай за ўсім, што адбываецца вакол, заўважай, як паводзяць сябе кветкі, насякомыя, птушкі, — будзеш ведаць пра надвор'е не горш, чым сіноптыкі... Занадта прымітыўна? А хто сказаў, што павінна быць складана? Каб не наросхрыст, не на «разрыў аорты», проста жыць і быць шчаслівым.

А калі задумацца, дык яно, вось гэта простае, самае складанае па сённяшнім часе і ёсць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.