Вы тут

Каханне — гэта дзеяслоў


Вечар пятніцы. Я стаю на прыпынку і чакаю маршрутку. Побач з нагі на нагу перамінаецца сівавалосы падцягнуты мужчына ў джынсах і светлай кашулі. І вось да прыпынку пад'язджае аўтобус, дзверы адчыняюцца, і адтуль выходзіць стройная жанчына на невысокіх абцасіках. Мужчына падае ёй руку, і яны няспешна рушаць у бок метро. На выгляд ім 60 з хвосцікам. Я з замілаваннем гляджу той пары ўслед, аж пакуль яны не знікаюць.


Кожны раз, калі бачу, як людзі ў сталым узросце ідуць узяўшыся за рукі (а гэта, на жаль, здараецца вельмі рэдка), згадваю гісторыю, якую пачула ад гераіні аднаго са сваіх артыкулаў. Пра тое, як яна каля паліклінікі ўбачыла парачку ў сталым узросце. «Бабуля ішла павольна, па адчуваннях ёй балела спіна. Раптам у яе развязаўся шнурок. Дзядуля, як сапраўдны рыцар, устаў на калена, хоць нагнуцца яму, відаць, было цяжкавата, і завязаў ёй шнурок з фразай: «Люба, выдатны момант зрабіць табе прапанову рукі і сэрца яшчэ раз». Яны так звонка і цёпла смяяліся!.. Тады я чарговы раз пераканалася, што свет поўны любові».

Але ўсё ж часцей бачу, як сужэнцы сталага веку папракаюць адно аднаго (і гэта не так зрабіў, і тое не так сказаў), кідаюцца калючымі словамі... Нядаўна назірала, як Рыгоравіч (а яму ўжо за 80!) пайшоў бяліць дрэвы. Здаецца, жонцы варта было б пахваліць яго, каб заахвоціць яшчэ больш, але ж не... Іванаўна, як заўсёды, незадаволеная: «Ты хоць пераапрануўся бы, усё трэба падказваць, як дзіцяці малому».

Вы глядзелі драму «Каханне» Міхаэля Ханэке? У гэтым фільме ў цэнтры ўвагі пара, якая пражыла ва ўзаемным каханні і пяшчоце, пастаянна клапоцячыся адно аб адным, да самай старасці. У чым сакрэт? Як захаваць цёплыя, кранальныя, рамантычныя адносіны да сівых валасоў?

Самае галоўнае, на маю думку, пачуццё гумару. Часам, ідучы за сваёй ганарлівасцю і комплексамі, мы ўмудраемся раздзьмуць з мухі слана замест таго, каб перавесці праблему ў жарт. Дарэчы, калі ўжо зайшла гаворка пра гумар... Псіхолаг Карына Рыхтарэ нядаўна запісала ролік, дзе дала замужнім жанчынам тры шкодныя парады. Па-першае, маўчым: пакажыце, што вы пакрыўдзіліся, але ні ў якім разе не кажыце прычыну. Няхай сам здагадаецца! Па-другое, ніякіх спатканняў і ніякай рамантыкі. Вы больш не муж і жонка. Вы цяпер — бацькі. Па-трэцяе, у выпадку канфліктаў заўсёды прыцягваем для разборак іншую асобу. Гэта можа быць дзіця, сяброўка, самы лепшы варыянт — ваша мама... Але потым дадала, што, канешне ж, усё трэба рабіць з дакладнасцю наадварот. «Не гуляйце з партнёрам у маўчанку, ён не ўмее чытаць вашы думкі. Правільна выбудаваная камунікацыя — залог здаровых адносінаў... Не дазваляйце сабе патануць у руціне. Уносьце змены ў паўсядзённыя справы. Хадзіце на спатканне. Бо ў першую чаргу вы пара і толькі потым бацькі. Ваша жыццё не павінна круціцца выключна вакол дзяцей і іх інтарэсаў. Ну і, нарэшце, вырашайце ўсе канфлікты без прыцягнення іншых. Абмеркаванне з трэцім бокам не дапаможа вырашыць сітуацыю, а можа нават яе пагоршыць».

Яшчэ мне вельмі падабаецца тэхніка ўдзячнасці. Хваліце і дзякуйце мужу за тое, што прынёс цяжкія сумкі, за сына і дачку, за абдымкі, за тое, што сустрэў з працы. Вельмі хутка ён пачне падтрымліваць вашу гульню і хваліць вас.

На адным з семінараў да псіхолага Стывена Кові звярнуўся мужчына: «Я вельмі занепакоены. Мы з жонкай ужо не адчуваем адзін да аднаго ранейшых пачуццяў. Напэўна, я яе проста больш не кахаю, ды і яна мяне таксама. А ў нас трое дзяцей, нас хвалюе іх лёс. Што вы мне параіце?» — «Кахайце яе!» — «Не, вы не зразумелі! Ніякага кахання ўжо больш няма!» — «Калі пачуццё сышло, то ў вас ёсць цудоўная прычына, каб кахаць яе!» — «Але як кахаць, калі не кахаеш?» — «Кахаць» — гэта дзеяслоў, які азначае дзеянне. Каханне-пачуццё — гэта плод кахання-дзеяння. Дык кахайце ж яе! Служыце ёй. Ахвяруйце сабой. Слухайце яе. Суперажывайце ёй. Цаніце яе. Падтрымлівайце. Ну як, вы гатовы кахаць яе?».

Каб пачуцці жылі і не патухалі, трэба ўкладваць у адносіны свой час, матэрыяльныя і эмацыянальныя рэсурсы. А калі матылькі ў жываце скончыліся, значыць мы мала робім для гэтага чалавека. Бо кахаць — гэта не атрымліваць, а аддаваць. Клапаціцца, прыкмячаць станоўчыя якасці, дзякаваць, аберагаць, проста трымаць адно аднаго за руку. Пагадзіцеся, гэта ж так лёгка — трымаць адно аднаго за руку.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.