У Гомельскай вобласці супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі працягваюць рэйдавыя мерапрыемствы, падчас якіх адсочваюць выкананне правілаў дарожнага руху веласіпедыстамі. Узмоцнены маніторынг ажыццяўляецца ў перадвыхадныя і выхадныя дні.
Супрацоўнікі ДАІ падчас рэйдаў на тэрыторыі абласнога цэнтра выкарыстоўваюць галосны і негалосны кантроль, камеры вонкавага відэаназірання, з дапамогай якіх фіксуецца перамяшчэнне веласіпедыстаў. Супрацоўнікі дзяжурнай часці па камерах выяўляюць веласіпедыстаў-парушальнікаў і перадаюць інфармацыю найбліжэйшаму нараду ДАІ. Патрульныя ў далейшым праводзяць з веласіпедыстамі прафілактычную работу.
— За 5 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Гомельскай вобласці адбылося 15 ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў, у якіх 3 чалавекі загінулі і 12 — атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Варта адзначыць, што ў шасці выпадках ДТЗ адбыліся з удзелам непаўналетніх веласіпедыстаў, — падкрэсліў першы намеснік начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Анатоль Васільеў. — Да ведама, за аналагічны перыяд мінулага года на тэрыторыі вобласці было зарэгістравана 7 ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў, у якіх 2 чалавекі загінулі і 5 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Калі летась адбылося 3 ДТЗ з удзелам непаўналетніх за ўвесь год, то ў бягучым 6 аналагічных здарэнняў зарэгістравана толькі за май месяц.
Па словах першага намесніка начальніка УУС аблвыканкама, як паказвае практыка, самыя распаўсюджаныя прычыны такіх здарэнняў, апроч банальнай няўважлівасці, — парушэнні правілаў праезду пешаходных пераходаў. Многія веласіпедысты «вылятаюць» на праезную частку, ствараючы тым самым небяспеку не толькі для сябе, але і для вадзіцеляў і пешаходаў. Адсюль і павелічэнне колькасці ДТЗ!
Задача рэйдавых мерапрыемстваў, падчас якіх адсочваюцца паводзіны на дарозе веласіпедыстаў, — звярнуць увагу гэтай катэгорыі ўдзельнікаў дарожнага руху на абавязковае выканне правілаў.
Згодна са змяненнямі ў ПДР, якія ўступілі ў сілу ў кастрычніку мінулага года, нагадваюць вартавыя дарог Гомельшчыны, веласіпедыстам пры перасячэнне дарогі па пешаходным пераходзе дазваляецца не спешвацца.
— Але далёка не ўсе ўлічваюць адзін немалаважны факт: згодна з пунктам 151 Правілаў дарожнага руху, пры пад’ездзе да пешаходнага пераходу веласіпедысту неабходна загадзя знізіць хуткасць руху і, пераканаўшыся, што выезд на праезную частку бяспечны, перасякаць яе з хуткасцю ідучага крокам пешахода, — звярнуў увагу Анатоль Васільеў. — Згодна з пунктам 150 Правілаў дарожнага руху, веласіпедыст абавязаны перасякаць праезную частку дарогі па веласіпедным пераездзе або веласіпеднай дарожцы, а пры іх адсутнасці — па пешаходным пераходзе, на перакрыжаванні, не ствараючы перашкод для руху пешаходаў. За парушэнне дадзеных патрабаванняў Правілаў дарожнага руху прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь. Калі ж веласіпедыст-парушальнік знаходзіцца пры гэтым у стане ап’янення, памер штрафу складзе ад 3 да 5 базавых велічынь.
Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Гомельскай вобласці заклікаюць дарослых, бацькоў паказваць правільны прыклад паводзін на дарозе дзецям і падлеткам.
— Асаблівая ўвага падчас прафілактычных мерапрыемстваў — удзелу ў дарожным руху непаўналетніх. У якасці пешаходаў, веласіпедыстаў і тых, хто рухаецца на сродках персанальнай мабільнасці, — звярнула ўвагу інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Дар’я Ткачова.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.