Вы тут

Уласны кодэкс гонару. Гісторыя адной занядбанай магілы


Галіна Кузьмінічна памерла мінулай восенню. Адмучылася — гадоў дзесяць са зламанай шыйкай бядра правяла ў даламаным інвалідным вазку ў адной кватэры з сынам-алкаголікам. Пахавалі яе нявестка з унукамі — удава і дзеці старэйшага сына. Прывезлі на вясковыя могілкі, дзе Галіну Кузьмінічну ўжо дваццаць пяць гадоў чакаў яе муж. Паставілі просты драўляны крыж, два танныя вянкі. Агароджу надзейна закруцілі на болт — без абцугоў або гаечнага ключа не ўвайсці. На пахаванне нікога не паклікалі — пляменнікі, што жывуць у суседняй вёсцы, даведаліся, што жонка дзядзькі памерла, толькі калі прыйшлі праведаць бацькоў на тыя ж могілкі...


Мінула зіма, сышоў снег. Магіла Галіны Кузьмінічны правалілася. Цяпер на яе месцы — яма з патрэсканай рудой глінай. Ні перад Радаўніцай, ні на Радаўніцу, ні пазней да яе ніхто не прыехаў, не паправіў, хоць могілкі ад Мінска зусім недалёка. Пляменнікі, якія звычайна дзядзьку ставілі хоць якую кветку, клалі чырвонае яйка і ўлетку касілі вакол траву, гэтым разам зрабіць нічога не змаглі — болт, які за зіму заржавеў, надзейна трымаў абарону, цяпер яго толькі зрэзаць можна. А суседзі-вяскоўцы ўжо папікаць пачалі: маўляў, што ж вы, такія-гэтакія, дзядзьку з цёткай зусім не шануеце, хоць бы людзей пасаромеліся, у вас жа прозвішча адно...

Пра гэта ўчора па тэлефоне доўга і падрабязна расказвала наша чытачка, пляменніца Галіны Кузьмінічны, якой ад суседзяў больш за ўсё і дасталося. «Як жа так можна — і носу на могілкі не паказаць, — абуралася яна. — Дзядзька з цёткай для іх жа ўсё жыццё стараліся, самі смачнага не з'елі, добрай адзежыны не знасілі — усё каб дзецям і ўнукам было. Дзве кватэры ім пасля сябе пакінулі — адну самі пабудавалі, кааператывам, кожную капейку лічылі, пасля дзядзьку, ветэрану працы, інваліду, асобнае жыллё далі... Малодшы на шыі ў старых так і сядзеў, а сынок яго, падросшы, бабулю аднойчы штурхнуў, дык тая нагу і зламала... Да дзядзькі на могілкі толькі цётка і прыязджала, пакуль хадзіць магла. Хоць старэйшы сын, нявестка, унукі ўжо дарослыя — не маргіналы, машына ёсць. А пасля ўжо мы даглядалі як маглі. А тут на табе — яшчэ і агароджу замкнулі. Як спецыяльна — каб ніхто туды і не ступіў...» Карацей, наша чытачка, атрымаўшы чарговы папрок ад злой на язык суседкі, знайшла тэлефон нявесткі Галіны Кузьмінічны (сын памёр некалькі гадоў таму). Хацела нават і прысароміць, што закінулі магілы, каб хоць нядаўняе пахаванне прыехаў хто паправіць. «Усё ж спадзявалася, што ёсць якое сумленне ў дарослых адэкватных людзей. Яе ж, нявестку, брат наш узяў з вёскі, дзядзька з цёткай яе ў сям'ю як дачку прынялі, яна дагэтуль у іх кватэры жыве...» Што яна пачула ў адказ, я прызнаюся, здагадалася адразу. «Скажыце дзякуй, што я яе прывезла і пахавала... Не прыязджаем і не прыедзем, нагі нашай больш тут не будзе... Ваша радня — вы і даглядайце, не перапрацуецеся...» «А калі я спыталася, навошта ж яны агароджу так замкнулі, што не зайсці, яна адказала: каб не вылезлі, і зарагатала, пэўна, палічыла, што ўдала пажартавала... І здаецца ж, нармальная жанчына — не п'яніца, не вар'ятка. Хіба ж можна так?» — ледзь не плачучы, пыталася чытачка.

Я ёй паспачувала і, прызнаюся, не адказала шчыра на яе пытанне. А калі шчыра — адказ: можна. Так — можна. Прынамсі, так лічыць тая жанчына, да сумлення якой спрабавала дастукацца мая суразмоўніца. У той, у яе асабістым маральным кодэксе напісана: «Так — можна». І яна абсалютна шчыра не разумее, за што ёй павінна быць сорамна, яна ні на каліва не лічыць сябе вінаватай. І яна не паедзе на тую праваленую магілу, і дзецям сваім не скажа, каб ехалі, і сумленне яе не будзе тузаць, бо ў яе разуменні гэта — нармальна. І што ёй на тое скажаш? Ніякі закон яна не парушае, яе за такія паводзіны не арыштуеш і не аштрафуеш. Значыць, мае права лічыць сябе нармальным чалавекам, тым больш уласны кодэкс гонару тое дазваляе...

Пакуль пісала, згадала сваю старэйшую калегу. Лёс у яе быў незайздросны — была адзінокая, сама, ужо немаладая, даглядала ляжачую маці. А яшчэ ў яе на руках была старая хворая свякроў. Хоць з мужам яна пажыла толькі два гады — яму было крыху за трыццаць, калі памёр ад раптоўнага спынення сэрца. Але ён быў у маці адзіны сын, і пакінуць жанчыну сам-насам з горам маладая ўдава не магла. І так больш за трыццаць гадоў яна апекавала яе як родную маці, у апошнія гады нават гатавала ёй ежу, кожны дзень хадзіла праведваць. Калі бабуля памерла, сама яе хавала, нядаўна размаўлялі, расказвала, што паставіла па ёй помнік, што была на Радаўніцу, прыбіралася. Самой жа ўжо семдзесят, здароўе падводзіць. І калі разабрацца, — хто была ёй тая бабуля, з сынам якой яны не паспелі ні пажыць, ні нарадзіць дзяцей? Ніхто... А ў яе ўласным кодэксе гонару запісана інакш. І яна дзейнічала, кіруючыся ім і ні на якое «навошта табе тое патрэбна?» увагі не звяртаючы...

...Вы ведаеце, чым скончылася мая ўчарашняя тэлефонная размова? «Мы з братам і сястрой падумалі і рашылі: скінемся і паставім па дзядзьку з цёткай невялікія помнікі, плітку пакладзём. Каб па-людску было. Не дзеля суседзяў — дзеля сябе...»

Кодэкс гонару — ён у кожнага свой. І адказнасць, паводле яго, кожны вызначае сам. Але ў рэшце рэшт кожнаму будзе па думках і ўчынках. Я асабіста ў гэта вельмі веру.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.