Вы тут

Якія сакрэты адкрываюць рукапісныя кнігі беларускіх татар?


Татары на беларускіх землях пачалі сяліцца з канца ХІV стагоддзя. Не трэба думаць, што гэта былі выключна ваяры. Амаль паўтара стагоддзя татары прыходзілі на землі Вялікага Княства Літоўскага з розных куткоў цюркскага свету, з нагайскіх стэпаў, Крыма, паўночнага Каўказа, Паволжа. Прыбывалі вялікімі групамі, з жонкамі і дзецьмі, няхітрым сямейным скарбам. Многія з іх былі выдатнымі земляробамі. Сяліліся перасяленцы асобнымі вёскамі, а ў гарадах і мястэчках маглі займаць асобны квартал ці вуліцу. Так, сёння Іўе мы ведаем як адзін з буйных татарскіх цэнтраў на беларускіх землях, але ў той час, як новыя жыхары прыбылі сюды, яны пасяліліся не ў самім горадзе, а ў яго ваколіцах. У Мінску недалёка ад Верхняга горада размяшчаліся так званыя Татарскія агароды, мясцовыя татары забяспечвалі горад свежай агароднінай.


Пісьмовая традыцыя

Пэўны час кампактнае пражыванне, шлюбы «паміж сваімі» садзейнічалі таму, што татары захоўвалі свае мову і культуру, але з цягам часу, каб кантактаваць з астатнім светам, ім даводзілася засвойваць мясцовы ўклад і гаворку. Усё ж не трэба забывацца, што яны заставаліся меншасцю ў асяроддзі, у якім апынуліся. Паступова адбывалася адаптацыя: сацыяльная, культурная, моўная. Ужо ў ХІХ стагоддзі нашчадкі першых пасяленцаў мала адрозніваліся ад беларусаў у вопратцы, хаты будавалі як усе, амаль не захавалі свой фальклор. А сёння наогул ёсць вёскі, назва якіх сведчыць, што іх заснавалі татары, але татар там не засталося.

Нягледзячы на тое, што ўжо з ХVІІ стагоддзя татары інтэграваліся, перайшлі на мясцовую мову, яны змаглі зберагчы сваё пісьменства. Яшчэ падчас першых перасяленняў паміж татарамі і князямі ВКЛ была заключана дамова на дазвол захаваць сваю веру. Для мусульман важна было мець свяшчэнныя кнігі, якія яны старанна перапісвалі. Пісьмовая спадчына перадавала і традыцыйныя каштоўнасці. Перапісваўся не толькі Каран, тэксты малітваў, апісанні мусульманскіх рытуалаў і абавязкаў, але і цікавыя ўсходнія сюжэты, казкі, легенды і апавяданні, парады па лячэнні хвароб. Кніжнасць мясцовых татараў была выключна рукапіснай, арабаграфічнай. Тэксты пісаліся адпаведна ўсходняй традыцыі — справа налева.

Такая традыцыя дажыла да нашых дзён. Нават калі ўжо не было праблем набыць друкаваны Каран, вернікі лічылі сваім рэлігійным абавязкам яго перапісаць. Зусім нядаўна сышлі з жыцця старыя людзі, якія ад рукі пісалі хамаілы, кітабы. Сёння можна знайсці ў многіх татарскіх сем'ях малітоўную літаратуру. Тафсіры неабходны былі для разумення Карана, змяшчалі пераклады і каментары.

Важнае адкрыццё

Самымі ж каштоўнымі крыніцамі для славістаў сталі кітабы. Значная частка з іх была запісана на славянскіх мовах: беларускай, польскай. Даследчыкі высветлілі, што для гэтага пісьменства быў створаны своеасаблівы варыянт арабскага алфавіта, былі ўведзены дадатковыя літары для таго, каб пазначыць некаторыя гукі, якія адсутнічалі ў арабскай мове.

Калі параўноўваць тэксты, створаныя ў розныя стагоддзі, можна заўважыць, як мянялася арфаграфія, як спецыфічна выкарыстоўваліся тыя ці іншыя літары, што дазваляе рабіць датаванне тых тэкстаў, на якіх няма пазнак пра час стварэння альбо пра тое, як перамяшчаліся татары. Часам перапісчык уносіў змены адпаведна мове, на якой размаўляў, перадаваў фанетыку свайго рэгіёна, дыялектныя асаблівасці.

Сёння вядома пра сотні рукапісных крыніц мясцовых татар, і пошук ды фіксацыя папяровых помнікаў працягваецца. Каштоўнымі могуць быць не толькі старажытныя рукапісы, але і тыя, што, напрыклад, зроблены ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, бо іх стваральнікі маглі перапісаць тэксты з больш старых арыгіналаў, якія маглі існаваць нават у мінулых стагоддзях, але да нашага часу не дайшлі.

Упершыню даследчыкі звярнулі ўвагу на пісьмовую спадчыну літоўскіх татар (маецца на ўвазе гістарычная назва насельнікаў Вялікага Княства Літоўскага) у ХІХ стагоддзі, але найбольш запатрабаванымі ў навукоўцаў татарскія манускрыпты сталі ў ХХ стагоддзі. Так, у 1915 годзе Іван Луцкевіч знайшоў кітаб, які захоўваецца сёння ў Літве, у бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта. З дапамогай нямецкага арыенталіста (згадаем, што ішла Першая сусветная вайна) ён змог прачытаць рукапіс. Калі тэкст загучаў, Луцкевіч пачуў родную мову. Аказалася, што рукапісная спадчына мясцовых татар змяшчала тэксты на той мове, на якую перайшлі яе карыстальнікі, больш за тое, у такіх крыніцах захоўваліся асаблівасці гаворак тых рэгіёнаў, дзе жылі людзі, якія гэтыя кнігі пісалі. Луцкевіч надрукаваў фрагменты. І гэта была «бомба». Навукоўцы пачалі актыўна займацца даследаваннем татарскіх рукапісаў. Адкрылася акенца, якое дазваляла даведацца, як гучала мова ў ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях, тым больш што друкаваных крыніц, якія датычацца гэтага часу, захавалася вельмі мала. Да таго ж арабскім пісьмом выдатна перадавалася фанетыка беларускай мовы.

Пошук

Нягледзячы на тое, што многія навукоўцы, айчынныя і замежныя, звярталіся да рукапіснай спадчыны мясцовых татар, як заўважае кандыдат філасофскіх навук, кітабіст Ірына Сынкова: «Яшчэ не даследавана мора». Тут карысную інфармацыю могуць знайсці спецыялісты ў розных галінах: філолагі, мовазнаўцы, рэлігіязнаўцы, культуролагі, гісторыкі. З рукапісаў, якія ствараліся на нашых землях, можна даведацца не толькі пра духоўны свет татар, але і пра асяроддзе і час, у якім яны жылі. Напрыклад, чаму не зацікавіцца прыпіскамі, якія даваліся побач са знахарскімі тэкстамі? Так можна даведацца, як на землях ВКЛ называлі хваробы.

Рэлігійна палемічныя творы ХVІІ стагоддзя сведчаць, што татары сачылі за палемікай, якая ўзнікала паміж праваслаўнымі, каталікамі, іўдзеямі. Рукапісная спадчына падкажа, як культуры розных народаў уплывалі адна на другую. Часам трапляюцца арыгінальныя рэчы, калі ў тэксты ўплятаюцца запазычаныя сюжэты і нават рэаліі, характэрныя для часу, у які жыў той, хто іх пісаў. Напрыклад, у сюжэце, які адбываецца быццам на казачным Усходзе, герой можа звярнуцца да... фінінспектара. Адно слова адразу дае падказку на час стварэння твора...

Вельмі важна, каб да даследавання рукапіснай спадчыны беларускіх татар спрычыніліся разнапланавыя даследчыкі (арабісты, славісты, культуролагі, гісторыкі, філолагі). Іх супраца дазволіць рабіць новыя адкрыцці, прасочваць шлях
рукапісу.

Пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі створаны сектар усходазнаўства, які прыкладае намаганні для прыцягнення ўвагі даследчыкаў да рукапіснай спадчыны беларускіх татар. Ён праводзіць канферэнцыі, круглыя сталы і заняткі, на якіх можна навучыцца чытаць славянскія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом.

Але трэба клапаціцца і пра тое, каб рукапісы не знікалі . Часам у экспедыцыях даследчыкі знаходзяць іх у даволі гаротным стане альбо даведваюцца, што нашчадкі павыкідалі тыя як непатрэбную паперу. Нават калі стары манускрыпт, закінуты на гарышча, напалову спарахнеў ці паедзены мышамі, ён яшчэ можа аказацца карысным для даследчыкаў. Раптам сярод захаваных фрагментаў схаваны адказы на пытанні, як развівалася мова і чым жыло насельніцтва пэўнага рэгіёна? Нават пашкоджаныя рукапісы можна перадаць вучоным, у музеі, бібліятэкі, у тым ліку рэгіянальныя. Для даследчыкаў важна зафіксаваць змест такіх крыніц, яго можна адфатаграфаваць ці перазняць на лічбавым сканеры (ні ў якім разе не на ксераксе, бо той псуе паперу). І тады напісанае застанецца для гісторыі, для навукі і для памяці пра тых, чыёй рукой былі зроблены гэтыя радкі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.