Вы тут

Як на Брэстчыне змагаюцца са стыхійным гандлем сезоннай прадукцыяй


У агародах вырасла зяленіва, пайшла ранняя бульба, паспелі клубніцы і першыя лясныя ягады. Адны стараюцца зарабіць, прапануючы на продаж дары лета, іншыя спяшаюцца купіць вітамінную прадукцыю, якая, як вядома, найлепш падыходзіць да нашага арганізма. Найчасцей мы ідзём па ўсё гэта на рынак. Але ж, згадзіцеся, не раз узнікала вялікая спакуса набыць свежую прадукцыю з рук, тым больш калі гэта па дарозе з работы альбо зусім побач з домам. Гандляры ў гэты час могуць прымасціцца на ўзбочыне, на вуліцы ў людным месцы, каля рынку — дзе заўгодна.


Не забараніць, а зрабіць культурным

Ёсць мясціны, дзе многія гады можна сустрэць пенсіянераў, якія прадаюць агародніну ці садавіну на вуліцы. Сядзяць такія гандляры, як правіла, на складных зэдліках альбо на скрынках, а то і стоячы прапаноўваюць агуркі, памідоры, вішні з кашоў і вёдзер.

Перыядычна кампетэнтныя службы праводзяць рэйды ды праганяюць гэтых стыхійных гандляроў з іх «наседжаных» месцаў. Але праходзіць некалькі дзён, і бабулькі вяртаюцца зноў. Бо яны прывыклі сядзець з таварам, ды і пакупнікі прызвычаіліся да зручнага гандлю ў крокавай даступнасці.

У Баранавічах у свой час выносілі названую праблему на разгляд прэзідыума гарадскога Савета, усебакова абмяркоўвалі ў выканкаме. Вырашылі не забараняць такі гандаль, а нейкім чынам акультурыць яго. Вырабілі спецыяльныя канструкцыі, знешне крыху падобныя на прыпыначныя павільёны. І ўстанавілі іх менавіта на тых месцах, дзе людзі гадамі альбо нават дзесяцігоддзямі прадавалі прадукцыю з агародаў і садоў, напрыклад, па вуліцах Чырвонаармейскай, Леніна. Такім чынам абсталявалі больш за паўсотні гандлёвых месцаў. Знайшлі інвестара, які вырабіў гэтыя канструкцыі з умовай размяшчэння на іх сваёй рэкламы. А для гандляроў месцы выдзяляюцца бясплатна, такім чынам, навацыя выглядае як сацыяльны праект для пенсіянераў.

— Спачатку справа прасоўвалася даволі павольна, не без цяжкасцяў, але цяпер сітуацыя памянялася карэнным чынам, — адзначыў старшыня Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў Рыгор КАСАБУЦКІ. — Гараджане — і прадаўцы, і пакупнікі — прывыклі да больш культурнай формы гандлю. Цяпер ну зусім рэдка можна сустрэць таго, хто прадае агародніну альбо ягады з зямлі.

Папярэджанне альбо штраф

У Брэсце таксама многа зроблена для ўпарадкавання стыхійнага гандлю. Горад вялікі, таму і маштабы праблемы большыя. У Маскоўскім раёне для гандлю прадукцыяй з уласных агародаў, дачных і прысядзібных участкаў абсталяваны спецыяльныя месцы на вуліцах Жукава і Гвардзейскай у Паўднёвым мікрараёне, ёсць яны і на Партызанскім праспекце, а таксама па вуліцах Янкі Купалы, Гаўрылава, па вуліцы Суворава, на праспекце Машэрава паміж дамамі.

Апошні з названых, па праспекце Машэрава, аўтар гэтых радкоў назірае больш за 30 гадоў. Ён найбліжэйшы ад брэсцкага Дома друку. Гэтую пляцоўку абсталявалі ў адказ на дзесяцігоддзі стыхійнага гандлю па вуліцы Мопра і скрыжаванні названай вуліцы з праспектам Машэрава. Тут перыядычна ўзнікаюць нейкія гандляры асабліва ў сезон ягад і фруктаў. Не раз даводзілася назіраць, як іх ганяюць адсюль. Але яны з'яўляюцца зноў. І пакупнікі часта бяруць тут кілю бульбы альбо шклянку першых ягад, бо зручна, бо па дарозе з работы ці на абед. Тут, дарэчы, не раз бачыла гандляра, які прадае вішні, яблыкі, сабраныя ў закінутым садзе каля чыгуначнай станцыі «Брэст-Палескі» (там яго сустракала). У тых ягадах і садавіне з-за іх дыслакацыі па суседстве з ажыўленым чыгуначным вузлом канцэнтрацыя шкодных рэчываў перавышае дапушчальныя не ў разы, можа, у дзясяткі разоў. Але ж хто яе правярае?

— Вось у гэтым і тоіцца небяспека, — заўважыў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Сяргей КРАЧКО. — Тыя, хто купляе прадукцыю з рук, абы-дзе, падвяргаюць сябе і сваю сям'ю неабгрунтаванай рызыцы. Па-першае, мы не ведаем, хто прадае каля дарогі і носьбітам якой інфекцыі ён можа быць. Прадукты, што не прайшлі праверку, могуць быць шкодныя. На рынку парадку больш у гэтым сэнсе, бо кожны гандляр ведае, што ў любы момант у яго могуць спытаць вынікі флюараграфіі альбо ўзяць на кантроль узор прадукцыі. Наша рабочая група ў складзе прадстаўніка адміністрацыі раёна, спецыялістаў аддзела ўнутраных спраў, інспекцыі МНС, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі перыядычна робіць рэйды. Мы праходзім па такіх месцах і найперш праводзім тлумачальную работу, расказваем правілы гандлю. А калі людзі не прыслухоўваюцца да службовых асоб, то прымаем меры адміністрацыйнага ўздзейнічання.

За пяць месяцаў гэтага года ў раёне прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 47 грамадзян за ажыццяўленне гандлю ў неўстаноўленых месцах, вынесена 36 пастаноў аб папярэджанні, складзена 12 пратаколаў. Некаторыя трапляюцца нам на вочы ледзь не кожны рэйд. Даходзіць да смешнага: такія гандляры, бывае, кідаюць свой тавар і ўцякаюць. Бо ведаюць: за паўторнае парушэнне будзе немаленькі штраф.

Паводле слоў Сяргея Крачко, у раёне тры рынкі, на якіх да 30 працэнтаў месцаў вольныя, асабліва ў будныя дні. У адміністрацыі раёна ёсць дамоўленасць з кіраўнікамі гандлёвых аб'ектаў аб ільготных умовах выдзялення месцаў для пажылых грамадзян. На міні-рынках для грамадзян пенсіённага ўзросту дзейнічае 50-працэнтная зніжка на аплату за месца. Сядзець пры дарозе, дзе пыл ляціць разам з выкідамі шкодных рэчываў ад транспарту, не лепшы спосаб рэалізацыі вітаміннай прадукцыі. Ды і пакупнікі павінны праяўляць абачлівасць. Даваць дзецям ягады альбо зяленіва, купленае пры дарозе, няправільна. Усе разам мы павінны імкнуцца да цывілізаванасці ў гэтым пытанні, падсумаваў адзін з кіраўнікоў адміністрацыі раёна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара, здымкі носяць ілюстрацыйны характар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.