Вы тут

Пачак солі і лісце каштанаў. З чаго пачынаюцца сучасныя рэвалюцыі


Каля аўтакрамы кабеты ледзьве не пабіліся... за пачак солі. Не таму, што соль нейкая адмысловая, а таму, што пачак у наяўнасці адзін. Сцэна была, трэба сказаць, яшчэ тая. Жанкі сварыліся і ледзь не рвалі адна на адной валасы, а прадаўшчыца, узвышаючыся над імі ў акенцы крамы на калёсах і будучы недасягальнай, трымала запаветны пачак солі, маючы намер аддаць яго пераможцы. Нарэшце абвясцілі нічыю — купілі тую соль напалам... Следам у чарзе стаялі дзеці. Траім гарадскім унукам, што прыехалі на канікулы, бабуля дала грошай на марожанае. Малыя з радасным нецярпеннем па чарзе камечылі ў руках тую дзясятку. Чаканні не апраўдаліся: марожанае, дый тое падталае-пакрыўленае, таксама засталося толькі адно... Дзяцюк на веласіпедзе спытаўся пра квас — квасу таксама не аказалася. «Піва купі ці чарніла. Яно заўсёды ёсць», — здзекліва параілі яму з чаргі. Бабуля хацела купіць батон, але, узяўшы ў рукі, вярнула яго назад: «Што ты, дзіцятка, ім жа цвікі забіваць»...


Вось такі лакальны суцэльны дэфіцыт у адной асобна ўзятай вёсцы ў адну асобна ўзятую суботу. Прычым выпадак не адзінкавы, а хутчэй для гэтай мясцовасці тыповы. Ну не пашанцавала вёсцы апынуцца на краі раёна, самым апошнім пунктам на маршруце аўтакрамы. Усё разбіраюць там, куды яна заязджае раней, асабліва ўлетку, калі вясковае насельніцтва за кошт дачнікаў павялічваецца ў разы. Людзі ўжо да гэтага прывыклі, тым больш што ў панядзелак прыязджае іншая аўтакрама — прыватная, і там можна купіць што хочаш, нават вэнджаны кумпяк і баваўняныя шкарпэткі. Але ўсё роўна ў той суботняй незадаволенай чарзе дзесьці намёкам, а дзесьці і прамым тэкстам гучыць: «Што вы хочаце, гэта ж дзяржаўны гандаль. Каб што лепшае!..»

Нядаўна пазванілі абураныя чытачы з іншага раёна. Расказалі: знаходзяцца з вучнямі ў школьным летніку. Там каля двухсот дзяцей з усяго раёна адпачываюць, спаборнічаюць, гуляюць. Адпаведна, на поўным пансіёне — як мінімум чатырохразовае харчаванне. Як ядуць дзеці — самі ведаеце. Адзін не ўпадабаў тое, іншы гэта. Карацей, адходаў харчовых ад двухсот чалавек хапае. У мінулыя гады праблем не было: кухары, як правіла, мясцовыя жанчыны, забіралі тыя аб'едкі дадому. У каго куры, у каго свінчо, а калі што, дык і ў кампосную яму не шкодна выкінуць. Сёлета кухарам пад распіску строга забаранілі выносіць з лагера хоць грам якога прадукту, нават недаедзенага. «Гэта ўсё зразумела, такім чынам хочуць прадухіліць крадзеж прадуктаў ад дзяцей. І гэта варта падтрымліваць, — казалі мне чытачы (прычым званіў не адзін, па гучнай сувязі ў размове ўдзельнічалі некалькі чалавек). — Але ж не трэба даходзіць да маразму. Калі ўжо забаранілі выносіць тыя аб'едкі, дык прыдумайце спачатку, як іх нармальна ўтылізаваць. А так тыя недаедзеныя катлеты і супы адправіліся ў звычайныя смеццевыя кантэйнеры побач з лагерам. Гэта ж не горад, па смецце кожны дзень ніхто не паедзе. На вуліцы спёка, кантэйнеры поўныя стаяць... Уявіце, які «водар» ад іх. Не кажучы ўжо пра якую заразу, што лёгка можа тут з'явіцца. Вось так і жывём. Што за сістэма!»

Янаўмысна не ўказваю дакладнае месца дзеяння (хаця, калі хтосьці з адказных асоб зацікавіцца, паведамлю пра лакацыю ва ўсіх падрабязнасцях). Бо няважна, дзе менавіта адбываецца падобнае, — тое, чаго не павінна адбывацца ў прынцыпе. Важна іншае, і пра гэта трэба не маўчаць. У вачах людзей у тым, што прывезлі адзін пачак солі на ўсю вёску, вінаваты не супрацоўнік раённай спажыўкааперацыі, у абавязкі якога ўваходзіць сачыць за наяўнасцю і асартыментам тавараў і які з гэтымі абавязкамі ніяк не спраўляецца. Вінавата дзяржава, улада, сістэма, калі хочаце. Ад абураных педагогаў, якія разам з дзецьмі вымушаны дыхаць смуродам, у канцы эмацыянальнай размовы гучыць: «Што за сістэма!» Вінаватыя, заўважце, не дурні, якія ў адным асобна ўзятым лагеры гэту смярдзючую кашу заварылі, і не падумалі, і не прынялі мер, каб яе кудысьці своечасова вывезці, — вінавата «сістэма».

Так і атрымліваецца. Кіраўніцтва краіны робіць усё магчымае, каб яе захаваць, каб мы не адчувалі санкцый, каб у нас была работа і за што купіць паесці і заплаціць за кватэру. Клапоцячыся пра ўсё гэта для кожнага з нас, кіраўніцтва краіны просіць нас аб адным: кожны на сваім месцы павінен якасна рабіць сваю справу. Не проста адбываць прызначаныя гадзіны, а якасна рабіць. Гэта значыць, уключаць мазгі, думаць, аналізаваць, мець на ўвазе наступствы, якія твае дзеянні або бяздзейнасць пацягнуць. Думаць не толькі пра ўласны спакой (абы ніхто не чапаў), але і пра сваю ролю (як ні патэтычна гэта гучыць) у дабрабыце сваёй краіны. Занадта шмат, аказваецца, у нас просяць? А што вы хочаце — час такі. І заўтра гэтыя недавезеныя па чыёйсьці дурасці некалькі пачкаў солі — з адпаведным «інфармацыйным забеспячэннем» у сацыяльных сетках — могуць стаць трыгерам для масавых беспарадкаў. Прыкладаў падобных у сусветнай гісторыі хапае...

Ехала сёння ў тралейбусе на працу, з жалем глядзела на каштаны абапал вуліцы, якія з зялёных ужо сталі ржава-рудыя, — на гэтыя дрэвы ў сталіцы ўжо каторы год нападае нейкая зараза і псуе лісце ад пачатку лета. Эколагі і навукоўцы кожны год рапартуюць, што ўжо нешта прыдумалі, каб з заразай змагацца. Далей рапартаў, мяркуючы па ўсім, справа так і не пайшла. І раптам чую з суседняга сядзення дзве кабеты: «Ты глянь, зноў каштаны пасохлі. Нікому і справы няма. Што за ўлада, што за сістэма...» Як вам — «каштанавая рэвалюцыя»? Смешна? А калі падумаць — дык і не надта.

Якасна і адказна рабіць сваю справу на сваім месцы. Няшмат, здаецца, у нас просяць. Як па сённяшнім часе — дык зусім-зусім няшмат.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.