Вы тут

Гомельская вобласць прыняла ўдзельнікаў рэспубліканскага семінару


Гомельская вобласць прыняла ўдзельнікаў рэспубліканскага семінару пад кіраўніцтвам старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Матусевіча. У выязной сустрэчы прынялі ўдзел кіраўнікі камітэтаў дзяржаўнай маёмасці аблвыканкамаў, намеснікі старшынь раённых выканаўчых камітэтаў Гомельскай вобласці і іншых рэгіёнаў, а таксама прадстаўнікі бізнесу і саюза прадпрымальнікаў.


Сёлета месцам правядзення рэспубліканскага семінару паўднёва-ўсходні рэгіён быў абраны не выпадкова. Як адзначыў Дзмітрый Матусевіч, традыцыйна падобныя сустрэчы па абмене досведам праводзяцца ў абласцях, якія вылучаюцца работай па вяртанні ў гаспадарчы абарот маёмасці, што не выкарыстоўваецца.

— У мінулым годзе мы сустракаліся ў Брэсцкай вобласці. Сёлета, паводле нашай ацэнкі, Гомельская з’яўляецца лідарам у сферы ўключэння маёмасці ў гаспадарчы абарот, — звярнуў увагу старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь. — Важна, што мы сабраліся ўпершыню пасля ўступлення ў сілу новага Указа Прэзідэнта аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю. Гэта значыць, мы ўжо можам падвесці пэўныя вынікі і адначасова падзяліцца досведам правапрымяняльнай практыкі. Усюды ёсць станоўчыя прыклады, ёсць што абмеркаваць з удзелам прадстаўнікоў Генеральнай пракуратуры, камітэта Дзяржкантролю, тэрытарыяльных органаў, каб абмяняцца лепшымі практыкамі.

Як адзначыў на адкрыцці семінара намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Конюшка, на Гомельшчыне безгаспадарчымі застаюцца 2,7% дзяржаўнай маёмасці. Вярнуць у гаспадарчы абарот неабходна яшчэ каля 300 тысяч квадратных метраў будынкаў і збудаванняў. І поспехі ў гэтым напрамку ёсць.

— Мы ставім мэту, каб уся дзяржаўная маёмасць прыносіла прыбытак. Будзем імкнуцца ўдасканальваць гэту работу, — падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама.

Андрэй Конюшка прывёў прыклады паспяховага вяртання ў эканоміку маёмасных рэсурсаў. Так, у працэсе санацыі ўдалося рэалізаваць пад інвестпраекты маёмасць, якая не выкарыстоўваецца, на тэрыторыі Мазырскага лікёра-гарэлачнага завода. Там ужо эфектыўна працуе вытворчасць у сферы металаапрацоўкі. Між тым да канца года павінна вырашыцца адно з хвалюючых пытанняў — выкарыстанне плошчы былога завода вымяральных прыбораў, якая размяшчаецца амаль што ў цэнтры Гомеля. На гэтай тэрыторыі можа размясціцца шматфункцыянальны цэнтр або вытворчасць, якая адказвае неабходным нормам.

У ходзе семінару ў Гомелі прайшло знаёмства з работай прыватнага прадпрыемства «Бумпрам». Гэта вытворчасць некалькі год таму адкрылася на базе карпусоў завода хімічных вырабаў, якія зараз знаходзяцца на стадыі санацыі. «Бумпрам» — рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны «Гомель-Ратон» спецыялізуецца на вытворчасці вінілавых і іншых відаў шпалер, мае ўласную студыя дызайну. Прадпрыемства вярнула ў гаспадарчае карыстанне і не толькі прыстасавала пад вытворчасць былыя корпусы завода, але і ўжо пабудавала на гэтай тэрыторыі новыя. Арганізавана 270 працоўных месцаў.

На тэрыторыі Гомельскага раёна ўдзельнікі рэспубліканскага семінару азнаёміліся з тым, якім чынам удалося вярнуць у гаспадарчы абарот маёмасці былых дзіцячых аздараўленчых лагераў рэспубліканскай уласнасці. Так, у пасёлку Барэц, што пад Гомелем, на месцы былога аздараўленчага лагера «Арляня» быў створаны аб’ект аграэкатурызму. З 2016 года на месцы здраўніцы з’явіўся забаўляльны комплекс «Загарадная Карчма». У мінулым годзе аб’ект змяніўся ўладара, але працягнуў свой кірунак дзейнасці. Зараз ужо пад назвай «Славянская Карчма» — рэстаран, гасцініца, лазня і нават вяровачны гарадок для фізічнай актыўнасці для дзяцей і іх бацькоў.

На прыкладзе прадпрыемства «Веза-Г» удзельнікі рэспубліканскага семінару назіралі за арганізацыяй вытворчых аб’ектаў прадпрыемствамі — рэзідэнтамі свабоднай эканамічнай зоны «Гомель-Ратон». Так, паспяхова развіваецца прадпрыемства па вырабе вентыляцыйнага абсталявання, адкрытае на тэрыторыі былога Гомельскага радыёзавода. Тут працаўладкавана 500 чалавек, да 90 працэнтаў прадукцыі прадпрыемства экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю.

Як адзначыла старшыня камітэта дзяржаўнай маёмасці Гомельскага аблвыканкама Наталля Сацута, Гомельская вобласць вельмі эфектыўна выкарыстоўвае магчымасці сучаснага фармату электроннага гандлю.

— Па-першае, гэта дазваляе нам прыцягнуць пакупнікоў з іншых абласцей. За мінулы і бягучы год у нас іх 16. Па-другое, гэта пашырэнне рэкламы і эканомія часу, бо ўвесь працэс ад рэгістрацыі да ўдзелу цалкам аўтаматызаваны. У цэлым, за перыяд з 2020 года па цяперашні час камітэтам арганізаваны і праведзены 331 аўкцыён, на якіх выстаўлялася больш за 1800 лотаў. У выніку прададзены 281 аб’ект, у бюджэт розных узроўняў паступіла больш за 5,6 мільёнаў рублёў, — звярнула ўвагу кіраўнік камітэта дзяржаўнай маёмасці Гомельскага аблвыканкама.

У бягучым годзе камітэт «Гомельаблмаёмасць» адзіны ў рэспубліцы цалкам перайшоў на анлайн-гандаль.

Праграма рэспубліканскага семінару працягнулася знаёмствам з вопытам работы ў Жлобінскім раёне. Так, былі прадэманстраваны формы вяртання ў гаспадарчы абарот маёмасці адкрытых акцыянерных таварыстваў з доляй ва ўстаўным фондзе раённай камунальнай уласнасці, якая не выкарыстоўвалася.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.