Вы тут

Атракцыён несусветнай дурасці. Усё гэта было б смешна, калі б не было так прыкра


Самае яркае ўражанне мінулага тыдня — убачанае ў тэлеперадачы, а пасля прачытанае ў афіцыйным паведамленні Следчага камітэта. Як, вы не чулі? Не здагадваецеся нават, пра што гэта я? Тады, калі дазволіце, кароткі адвольны пераказ.


Аказваецца, у гісторыях пра маіх любімых махляроў, якія звоняць на месенджар з філіпінскага нумара і прадстаўляюцца супрацоўнікам банка ці праваахоўных органаў, ёсць працяг, яшчэ мудрэйшы, чым спісанне грошай з рахункаў асабліва даверлівых грамадзян. Што можа быць мудрэй? Працытую Следчы камітэт. «Аферысты працуюць па звыклай схеме. Яны звязваюцца з грамадзянамі па тэлефонах і прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка або праваахоўных органаў. Ашуканцы пераконваюць беларусаў перавесці ім буйную суму. Пасля гэтага прапануюць падпаліць службовы аўтамабіль або будынак ваенкамата ў абмен на скрадзеныя грошы. Пры адмове беларусам паступаюць пагрозы. Ашуканцы таксама не грэбуюць шантажом і зневажаннямі. Пацярпелымі становяцца людзі розных узростаў і прафесій. Пры гэтым часцей за ўсё ахвярамі становяцца жанчыны.

Ашуканцы тэлефануюць з тэрыторыі Украіны. Сярод іх ахвяр былі жыхарка Гродна і жыхар Вілейкі. У першым выпадку пацярпелую прымусілі падпаліць міліцэйскі аўтамабіль. У другім выпадку пацярпелы падпаліў адну машыну, а ў другой разбіў шкло. Абое абвінавачваюцца ў здзяйсненні цяжкіх злачынстваў. Акрамя таго, жыхарку Баранавічаў спрабавалі прымусіць падпаліць ваенкамат. Жанчына своечасова ўсвядоміла, да чаго яе падштурхоўваюць зламыснікі, і звярнулася ў міліцыю...»

За даволі сухім пераказам — чалавечыя трагедыі і фактычна паламанае жыццё. Асабліва паказальны першы выпадак, пра жыхарку Гродна. Вось толькі ўявіце: дарослая жанчына, атрымаўшы паведамленне з украінскага нумара, што на яе імя махляры спрабуюць узяць крэдыт, без сумненняў у гэта верыць, усталёўвае на свой тэлефон праграму, якая дае магчымасць кіраваць усімі данымі тэлефона на дыстанцыі. У яе яшчэ застаецца шанц не ўвязвацца ў авантуру: «супрацоўнікі банка» нібыта для таго, каб выкрыць махляроў і выратаваць яе, прапануюць ёй узяць сапраўдны крэдыт, але яна адмаўляецца. Тады ёй прапануюць аформіць банкаўскі ўклад ну пад вельмі выгадны працэнт. І яна — пагаджаецца. Прычым, разумеючы, што чым больш укладзеш грошай, тым большы працэнт атрымаеш, яна прадае «ювелірку» і (не падайце з крэсла!) кватэру. Усе грошы жанчына дыстанцыйна пераводзіць «на выгадны ўклад», а насамрэч на картку «левага» чалавека, які знаходзіцца за межамі Беларусі. Ні на секунду не задумваючыся пра тое, а ці не схадзіць у банк самой, або пра тое, як аформілі яе ўклад без яе подпісу, без прад'яўлення пашпарта. Элементарныя рэчы, пачатковы курс прадмета «прававая адукаванасць». Якая-якая адукаванасць? Не, не чулі...

Далей — болей. З няшчаснай ахвяры пачынаюць адкрыта здзекавацца. Зноў звоняць ёй на нумар і абяцаюць вярнуць грошы, калі яна запіша і выкладзе ў сеціве ролік з воклічамі накшталт «Слава Украіне!» і пажаданнямі смерці іншаму боку ваеннага канфлікту. Што яна і робіць, і відэа разлятаецца па прасторах інтэрнэту. Грошы ёй, канешне, ніхто не вяртае, затое звоніць (зноў не з беларускага нумара) «супрацоўнік МУС», які абяцае выкрыць махляроў, вярнуць пацярпелай грошы пры адной умове. Яна павінна... падпаліць патрульную міліцэйскую машыну. І што вы думаеце? Яна ідзе і падпальвае!.. Цяпер мае адсутнасць грошай і жылля і крымінальную справу. Толькі таму, што аднойчы адказала на званок з незнаёмага нумара, нават не задумаўшыся, а хто б гэта мог з такога нумара званіць...

Дзве наступныя гісторыі па сваім развіцці вельмі падобныя на першую. Мужчыну з Вілейкі развялі на дзесяць тысяч і паабяцалі прыгнаць новую машыну, калі пашкодзіць дзве іншыя ў Маладзечне. І дарослы дзядзька едзе ў Маладзечна, адну машыну падпальвае, у другой разбівае шкло. Дзе мазгі? Ці настолькі засланіла вочы перспектыва атрымаць штосьці на халяву? Жанчына з Баранавіч аказалася крыху разумнейшай. Праўда, не адразу. Спачатку ўсталявала і праграму доступу на тэлефон, і ўзяла ў банку крэдыт на трыццаць пяць тысяч, і перавяла грошы на ўказаны махлярамі рахунак. Мазгі ўключыліся толькі тады, калі ўзамен на вяртанне грошай ёй прапанавалі падпаліць будынак ваенкамата. Тады яна і пайшла ў міліцыю. Грошай ёй ніхто не вярнуў, праз праграму дыстанцыйнага доступу павыдалялі з яе тэлефона ўсё, што можна было, яшчэ і званілі-здзекаваліся, расказваючы, якія ўсе беларусы і яна ў прыватнасці несусветныя дурні. Пра гэта яна расказвае цяпер са слязьмі, не ўсвядоміўшы яшчэ, пэўна, як ёй, па сутнасці, пашанцавала: спынілася літаральна за крок ад крымінальнай справы...

Тут следчыя і псіхолагі аналізуюць: маўляў, ахвярамі становяцца людзі ўразлівыя, эмацыянальна нестабільныя. Але мне здаецца, што тут яшчэ адзін важны момант. Гэта людзі, скажам так, недастаткова адукаваныя (і тут не ў ступені атрыманай адукацыі справа), якія, атрымаўшы ў рукі сучасны гаджэт і так-сяк асвоіўшы яго функцыі, наіўна і самаўпэўнена думаюць, што трымаюць у руках увесь свет і ўмеюць з ім упраўляцца. А як там нядаўна сказаў пра інтэрнэт Прэзідэнт? «Вялікая гэта справа, але і памыйніца добрая». Пра памыйніцу і пра тое, што асобныя элементы гэтага свету небяспечныя, некаторыя пачынаюць разумець ужо вельмі позна. Іх учынкі і дзеянні выглядаюць такой несусветнай дурасцю, што падобныя на атракцыён у тэатры абсурду. Чаму яны так робяць? Думаю, што вось гэта самаўпэўненае «я ва ўсім разбіраюся, у мяне ўсё пад кантролем» іграе тут не апошнюю ролю.

«А хто там ідзе?» — «Беларусы». «А што яны нясуць?» — «Сваю дурасць». Даруйце, дзядзька Янка, вы б такога не напісалі. Каб толькі нікому сёння мы не давалі нагоды так напісаць — вось у чым загвоздка...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.