Вы тут

Ірына Палякова: «Мару, каб людзям хацелася жыць і працаваць у Гарадоцкім раёне»


ХХХ Дзень беларускага пісьменства пройдзе на Віцебшчыне — зямлі, з якой звязаны нашы асветнікі: Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі і Васіль Цяпінскі. Ганаровая місія прымаць юбілейны фестываль выпала Гарадку.


Гэтае лета сапраўды выдалася гарачым для ўсіх мясцовых жыхароў. Горад прыхарошваецца. Мяняюцца фасады будынкаў, вядуцца рамонты ва ўстановах культуры і адукацыі, кладуцца бардзюры, паляпшаюцца дарогі і асвятленне, добраўпарадкоўваецца гарадскі парк — на яго тэрыторыі падчас свята будуць працаваць малая сцэна і розныя інтэрактыўныя пляцоўкі.

Для ўстаноў культуры і адукацыі падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства — час актыўнай патрыятычнай работы з падрастаючым пакаленнем. Мясцовыя дзеці і моладзь знаёмяцца з традыцыямі сваёй зямлі, вывучаюць легенды, шукаюць звесткі пра знакамітых землякоў, развучваюць народныя танцы, гатуюць стравы, якія згадваліся ў паэме «Тарас на Парнасе», і запазычаныя ў мясцовых гаспадынь. Сваімі адкрыццямі яны гатовыя дзяліцца з гасцямі горада. На фестывалі можна будзе ўбачыць зробленыя імі малюнкі, сувеніры, пазнаёміцца з даследчымі работамі. Наогул у раёне актыўна адраджаюцца рамёствы. Ажурнае ткацтва, саломапляценне, інсітнае мастацтва і спіральнае пляценне Гарадоччыны трапілі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. З гэтымі элементамі можна будзе пазнаёміцца на выстаўцы — прэзентацыі падчас Дня беларускага пісьменства, якую прадставяць майстры Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору. Яны ж цяпер вырабляюць і сувенірную прадукцыю.

Тутэйшая зямля багатая на таленты. Мясцовыя паэты прысвячаюць ёй вершы. Абвешчаны конкурс «Я іду па родным горадзе», калі жыхары Гарадоччыны знаходзяць і фатаграфуюць мясціны, апетыя пісьменнікамі. А яшчэ ў раёне ажыццяўляецца мабільны праект «Паэтычны маршрут», калі вясковыя чытачы, якім літаратуру дастаўляе бібліёбус, слухаюць вершы мясцовых паэтаў у выкананні саміх аўтараў. Распрацоўваюцца новыя турыстычныя маршруты. Адзін з іх, дарэчы, дазволіць больш даведацца не толькі пра Канстанціна Вераніцына, аўтара паэмы «Тарас на Парнасе», але і пра іншых вядомых ураджэнцаў гэтага краю...

Падрыхтоўка да буйнога свята для населенага пункта — час, калі не толькі мяняецца яго аблічча. Жыхары атрымалі выдатную магчымасць заявіць пра сябе, вызначыць, чым яны могуць уразіць і захапіць гасцей, навучыцца цаніць тое, што маюць.

Узначаліць раён у такі няпросты, але вельмі цікавы час — справа даволі адказная.

— Калі вы пагаджаліся стаць старшынёй Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта, ці ставілі перад сабой пэўныя планы, можа, нават мары, якім хацелі бачыць свой унёсак у развіццё раёна? — цікаўлюся ў Ірыны Паляковай.

— У любым выпадку гэта павінна быць работа на вынік. Я мару, каб людзям хацелася жыць і працаваць у Гарадоцкім раёне, прычым не толькі тым, хто тут нарадзіўся і вырас. Важна, каб сюды прыязджалі новыя людзі. Вы нават уявіць сабе не можаце, які гэта цудоўны раён! Колькі станоўчых эмоцый ён можа падарыць усім, хто сюды прыязджае. Калі да мясцовых дзяўчат прыязджаюць іх кавалеры з іншых гарадоў, то пасля знаёмства з усёй навакольнай прыгажосцю прызнаюцца, што, калі б нарадзіліся ў такіх мясцінах, ніколі б адсюль не з'ехалі...

— Адразу відаць, невыпадкова побач з Дошкай гонару, якая размяшчаецца каля выканкама, у вас з'явіліся фота маладых людзей...

— Сёлета ў рамках падрыхтоўкі да Дня пісьменства нашы спецыялісты вырашылі яе абнавіць, зрабіць блок для моладзі. Не сакрэт, што з праблемай замацаваць маладых спецыялістаў сутыкаюцца многія невялікія населеныя пункты. Мы над ёй працуем. У нас ёсць аграрныя класы. Вядзём работу па мэтавых кірунках, каб пасля вучобы маладыя людзі вярталіся да нас жыць і працаваць. Ёсць арэнднае жыллё. У раёне хапае работы, іншая справа, ці пагодзіцца моладзь займацца сельскай гаспадаркай. Я заўсёды кажу, што на зямлі працуюць асаблівыя людзі. Без любові да зямлі тут рабіць няма чаго. Грошы проста так не плацяць, а калі выконваць усе задачы, выкладвацца на максімум, дык і ў сельскай гаспадарцы можна зарабляць і дзве, і дзве з паловай тысячы рублёў. Вялікі плюс — недалёкая адлегласць ад Віцебска, менш чым за паўгадзіны на маршрутцы можна даехаць да абласнога цэнтра. У нас вельмі прыгожы горад. У 2014 годзе Гарадок прымаў абласныя «Дажынкі», тады ён моцна змяніўся. Развіваецца сацыяльная сфера. Робіцца вельмі многае для таго, каб жыхары маглі весці здаровы лад жыцця. Ёсць басейн, фітнес-зала, трэнажорная зала, валейбольныя і баскетбольныя пляцоўкі. Для людзей любога ўзросту, ад дзяцей да пенсіянераў, шмат прапаноў, чым заняцца ў вольны час. Гэта гурткі, секцыі, хор ветэранаў, разнастайныя мерапрыемствы. Сапраўды для працы і адпачынку ёсць добрыя ўмовы. Вельмі зручна, што ўсё побач. Хочацца пераключыцца — можна выйсці на «Вераб'ёвы горы», дзе створана адна з найлепшых у краіне лыжаролерных трас. Так, калі Федэрацыя біятлона праводзіла ў нас кубак, спартсмены былі ў захапленні ад трасы, рэльефу. Трэба ўлічваць і нашы прыродныя ўмовы — тут раней, чым у іншых раёнах, выпадае снег і больш часу ляжыць. Так, у канцы сакавіка ў нас яшчэ было багата снегу. Сюды прыязджаюць трэніравацца расіяне. У нас моцная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, нашы дзеці на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах заўсёды на п'едэстале. «Вераб'ёвы горы» нікога не пакінуць абыякавымі. Зімой, калі мы рыхтаваліся да абласной лыжні, памятаю, як увечары прыехала на трэніроўку. Еду на лыжах і пасля лаўлю сябе на думцы, што паўтары гадзіны не думаю, як карміць жывёлу, вырашаць разнастайныя задачы. Павольна падаюць сняжынкі, мяне ўжо клічуць ехаць дадому, а я прашу: «Дайце яшчэ пастаяць». Такое хараство, быццам нейкі цуд...

— Што страчваюць турысты, якія не даязджаюць да Гарадка?

— Што шукаюць людзі, калі з'язджаюць з вялікага горада? Цішыню, прыгажосць, уражанні. Тут усё гэта маецца. Цудоўная прырода. Напрыклад, у нас ёсць возера ў вёсцы Сурміно, у вадзе якога павышаная канцэнтрацыя іонаў серабра. Ёсць гарадзішчы і гістарычныя помнікі. Мноства легендаў. Мы спадзяемся, што Дзень беларускага пісьменства дазволіць у тым ліку прэзентаваць і наш турыстычны патэнцыял. Да свята рыхтуецца ўвесь раён. Чакаем, што прыедзе багата гасцей. Спатрэбяцца экскурсаводы, упор будзем рабіць на нашых настаўнікаў, краязнаўцаў.

— Наколькі рашэнне, што менавіта Гарадок будзе прымаць юбілейны Дзень беларускага пісьменства, ужо змяніла гараджан? Ці можна казаць пра ўсплёск крэатыўнасці?

— Сапраўды, гэта творчы працэс, у якім задзейнічана вялікая колькасць людзей. Мы вырашаем, чым максімальна напоўніць дні, калі будзе праходзіць свята, як уразіць гасцей, якія правесці мерапрыемствы і конкурсы. Ёсць некалькі цікавых задумак, якія хочацца пакуль пакінуць у сакрэце. Распрацоўваецца сувенірная прадукцыя. Клопатаў дадалося. Горад зменіцца. Амаль штодзённа ідуць работы то на адным аб'екце, то на іншым. Практычна ўсе прадпрыемствы і ўстановы ўключаны ў такую работу. Самы актыўны ўдзел бяруць грамадскія арганізацыі: Беларускі саюз жанчын, «Белая Русь», Федэрацыя прафсаюзаў, БРСМ і ў першых шэрагах — дэпутацкі корпус. Кожны кіраўнік на сваім месцы, акрамя тых планаў, якія мы даводзім, бачыць, што яшчэ хацелася б зрабіць. Працуем з прыватным сектарам, з жыхарамі горада, каб прыводзілі да ладу свае дамы і ўчасткі. Праводзяцца раённыя суботнікі. Людзі выходзяць папрацаваць, каб зрабіць лепшым месца, у якім жывуць. Задзейнічаны ўстановы адукацыі, нават бацькі вучняў.

— Як спалучыць у адным мерапрыемстве дзве ідэі: Дзень пісьменства і Год міру і стваральнай працы?

— Яны выдатна спалучаюцца. Наша пісьменства заўсёды было скіраванае на тое, каб ствараць, спазнаваць, аб'ядноўваць. І сёння творчасць дапамагае захоўваць усё тое, што маем: традыцыі, культуру, гісторыю. Мы бачым у творах сучасных аўтараў любоў да Радзімы, зварот да наступных пакаленняў, каб яны збераглі і прымножылі народныя здабыткі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Юліі Рудзяковай

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.