Вы тут

Як карэкціруе ўборачную кампанію Гродзенскі раён, дзе ўраджайнасць дасягае 80 цэнтнераў з гектара


У раёне ўбрана 55 % плошчы. На ўраджай тут не наракаюць. Ён атрымаўся не горшы за леташні. І хояць надвор'е, як водзіцца, уносіць свае карэктывы, аграрыі раёна ўпэўнена трымаюць высокую планку. Пра тое, як цяпер складваецца сітуацыя на палях аднаго з самых паспяховых раёнаў краіны, расказаў карэспандэнту «Звязды» першы намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Віктар Кемяжук.


З яго слоў, з-за складаных кліматычных умоў сёлетнюю ўборку прыходзіцца разбіваць нават у дзень на некалькі этапаў. Маніторынг надвор'я ідзе няспынна, камбайны знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасці. Аграрыі стараюцца выкарыстаць кожную спрыяльную хвіліну. Важнае месца займаюць культура земляробства і дысцыпліна вытворчасці. Менавіта гэта дае высокія паказчыкі на жніве.

Структура плошчы ў асноўным сфарміравана і мяняецца з улікам попыту на рынку і спецыфікі гаспадаркі. Напрыклад, там, дзе стаўка робіцца на жывёлагадоўлю, падбіраюцца і адпаведныя кармавыя збожжавыя культуры. Пры развіцці свінаводства і птушкаводства ўвага — на ячмень, пшаніцу, кукурузу, бялковыя культуры. Ёсць гаспадарка, дзе значная плошча адведзена пад сою.

Вясновая і летняя засуха закранула ўсе гаспадаркі раёна. І ўсё ж яе наступствы ўдалося значна зменшыць праз прымяненне адпаведных агратэхнічных прыёмаў, у прыватнасці, унясеннем угнаенняў дробным метадам, гэта значыць патроху, але некалькі разоў. Такім чынам падкормка раслін вялася не 1-2 разы, як было раней, а 3-4. А мінеральныя ўгнаенні садзейнічаюць утрыманню вільгаці. Гаспадаркі раёна зрабілі ўсё, каб захаваць ураджай.

— Цалкам згодны з Прэзідэнтам, які падчас наведвання Бераставіцкага раёна звярнуў увагу на раннія азімыя культуры — рапс і ячмень. Яны даюць большую аддачу, чым яравыя, менавіта з-за засухі. Мы ўжо ідзём у гэтым напрамку. Сёлета атрымалі вельмі добры ўраджай азімага рапсу. Нашы гаспадаркі не толькі ўдасканальваюцца ў тэхналагічным плане, але кожны год вывучаюць найбольш выгадныя сарты і гібрыды раслін. Спецыялісты аналізуюць іх ураджайнасць, устойлівасць, тэрміны паспявання. Тое ж самае па збожжавых і іншых культурах. І ўжо пры набыцці насення для наступнага года яны бачаць, якія сарты ім патрэбныя. Гэта таксама спрыяе высокім ураджаям, — адзначыў Віктар Кемяжук.

Важным аспектам з'яўляецца і наяўнасць уласнага насеннага фонду. Дарэчы, дадзеная праблема таксама ўзнімалася Прэзідэнтам у паездцы ў Гродзенскую вобласць. Многія гаспадаркі карыстаюцца беларускімі сартамі, асабліва ў сіласным кірунку, а вось патэнцыял збожжа і кукурузы трэба ўдасканальваць.

— Высокатэхналагічныя гаспадаркі могуць сабе дазволіць купіць імпартнае насенне. Але гэта яшчэ і пытанне дзяржаўнай бяспекі. Сёння такі продаж ідзе, а заўтра можа і спыніцца ў выніку розных прычын. Таму патрэбная ўласная альтэрнатыва. У рэгіёне трывала развіваецца ўласная база насенняводства, але пры нашай высокатэхналагічнай вытворчасці раёну патрэбныя менавіта высокапрадукцыўныя сарты, бо калі не будзе ў нас свайго насенняводства, будзем і надалей залежаць ад знешніх рынкаў, — падкрэсліў кіраўнік сельскагаспадарчага комплексу раёна.

Такім чынам, ураджай, які вырошчваецца на палях, мае важнае стратэгічнае значэнне. Дзякуючы яму гаспадаркі могуць палепшыць свой вытворчы патэнцыял і развівацца. Вядома, яны маюць права распараджацца сваім ураджаем, лішкі могуць прадаць. Але павінны быць выкананыя галоўныя патрабаванні — забяспечыць фуражным зернем жывёлагадоўлю, свае патрэбы, залажыць насенны фонд і здаць дзяржаўны заказ. Праўда, сёлета цана на яго знізілася з-за паніжанага ўтрымання клейкавіны. Здаць дзяржаве раён павінен амаль 26 тысяч тон збожжа.

Уборачная кампанія пакуль у сярэдзіне свайго шляху. Убрана 55 % плошчы збожжавых і зернебабовых культур. Ураджайнасць на 4 жніўня складае 80 ц/га. Гэта крыху ніжэй, чым летась, але нязначна. Сабрана 127 тысяч тон зерня. У раёне на сённяшні дзень некалькі гаспадарак збірае больш за 100 ц/га ці набліжаецца да таго.

Самы высокі намалот у СВК імя В. Крамко — 106,8 ц/га. Гаспадарка — адзін з кітоў сельскагаспадарчай вытворчасці не толькі раёна, але і вобласці. Тут вельмі добра ведаюць, што такое эканамічная выгада, і крочаць у гэтым кірунку. Напрыклад, выбралі стратэгію ўборкі з мінімумам сушкі. Аказваецца, пры механічнай сушцы губляецца частка бялку, што адбіваецца на кармленні жывёлы, таму гаспадаркі чакаюць кожную хвіліну, каб узяць гатовае збожжа з поля.

Трэба сказаць, аграрыі з вялікім энтузіязмам успрынялі прагноз на найбліжэйшыя дні, калі мяркуецца гарачае надвор'е. «Мы гэтым скарыстаемся ў поўнай ступені, — запэўніў Віктар Кемяжук. — Усе скіраваны на працу. Механізатары працуюць на поўную сілу. Яшчэ чатыры-пяць дзён такога надвор'я, і ўсё зерне апынецца на складах».

Дарэчы, у раёне ўжо ёсць камбайнер, які намалаціў тры тысячы тон зерня, 14 чалавек перавысілі дзве тысячы тон. Ёсць прагнозы ў раёне мець і свайго камбайнера-пяцітысячніка.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.