Вы тут

«Людзі хочуць бачыць справядлівы спорт, хочуць спаборнічаць»


Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Віктар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком міжнароднага камітэта «Дзеці Азіі» Уладзімірам Максімавым. Сустрэча была прысвечана пашырэнню супрацоўніцтва і рэалізацыі сумесных праектаў. Таксама бакі падвялі вынікі ўдзелу беларускіх юных спартсменаў на ІІ зімовых Гульнях «Дзеці Азіі», якія прайшлі ў 2023 годзе ў Кузбасе.


Як заўважыў Віктар Лукашэнка, спартыўнае сяброўства мацнее і прыносіць свае вынікі. «Дзякуючы вам у беларускіх юных атлетаў ёсць магчымасць прымаць удзел у спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню. Дзякуем за запрашэнне на наступныя старты „Дзеці Азіі“. Мы будзем сур’ёзна рыхтавацца і паказваць, на што здольныя нашыя юныя атлеты», — падкрэсліў ён.

Таксама бакі абмеркавалі ўдзел беларускіх каманд у летніх Гульнях «Дзеці Азіі», якія пройдуць у наступным годзе ў Якуцку. Пагаварылі пра ўдзел беларускіх спецыялістаў у праектах, якія рэалізуе міжнародны камітэт «Дзеці Азіі» пад эгідай Алімпійскага Савета Азіі.

«Мы прытрымліваемся сумеснага паступальнага руху наперад, каб як мага больш дзяцей цікавіліся спортам і спецыялісты маглі абменьвацца вопытам», — падкрэсліў Уладзімір Максімаў у размове з журналістамі. Па яго словах, міжнароднаму камітэту «Дзеці Азіі» быў бы цікавы досвед беларускіх калег у плане арганізацыі спартыўных спаборніцтваў. «Нам цікавы досвед беларускіх трэнераў, спецыялістаў у вобласці спартыўнай медыцыны. Беларусь заўсёды славілася сваімі кадрамі. І я чалавек, якому любоў да спорту прышчапіў чалавек з Беларусі — дырэктар спартыўнай школы, у якой я вырас. Тут вельмі кваліфікаваныя трэнеры, якіх мы будзем з задавальненнем запрашаць для ўдзелу ў нашых адукацыйных праектах, якіх мы рэалізуем ужо больш за пяць у краінах Азіі і ў тым ліку ў рамках Гульняў «Дзеці Азіі». Наша задача зрабіць так, каб дзеці не толькі спаборнічалі, але і мелі зносіны, і сябравалі. І ў Кузбасе на Гульнях «Дзеці Азіі» мы гэта ўбачылі», — расказаў Уладзімір Максімаў.

У сустрэчы прыняў удзел таксама і генеральны сакратар Алімпійскага камітэта Расіі Радзівон Плітухін. «Алімпійскі камітэт Расіі — як адзін з сузаснавальнікаў камітэта „Дзеці Азіі“ — паслядоўна падтрымлівае і развівае праекты, накіраваныя на развіццё і ўмацаванне спартыўных сувязяў. Кіраўнік АКР Станіслаў Пазнякоў акцэнтуе ўвагу на асветніцкіх і адукацыйных ініцыятывах, якія дазваляюць юным спартсменам, дзецям і падлеткам не толькі атрымаць неабходныя веды, але і новых сяброў», — сказаў ён.

Радзівон Плітухін адзначыў, што геаграфія ўдзельнікаў праекта «Дзеці Азіі» пашыраецца, і ўжо нават прадстаўнікі афрыканскіх краін выказваюць жаданне інтэгравацца ў схему міжнароднага спартыўнага супрацоўніцтва, якая фарміруецца агульнымі намаганнямі.

Таксама Віктар Лукашэнка сустрэўся з міністрам маладзёжнай палітыкі і спорту Узбекістана Адхамам Ікрамавым і генеральным сакратаром НАК Узбекістана Ойбекам Касымавым. Прэзідэнт НАК Беларусі заўважыў, што ў нашай краіны наладжаны моцныя адносіны з Узбекістанам у розных сферах: эканоміцы, сельскай гаспадарцы, дынамічна развіваюцца праекты і ў спорце.

Адхам Ікрамаў адзначыў, што ганарыцца тым, што Узбекістан прадстаўлены ва ўсіх відах спорту на ІІ Гульнях краін СНД. «Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў час цырымоніі адкрыцця паказала, наколькі важны ўдзел у Гульнях не толькі каманд СНД, але і іншых рэгіёнаў. Людзі хочуць бачыць справядлівы спорт, хочуць спаборнічаць. У Беларусі створаны для гэтага ўсе ўмовы, высокі ўзровень развіцця інфраструктуры. Першыя старты паказваюць, што Узбекістан добра падрыхтаваны, і мы таксама гатовы дзяліцца вопытам. У нас выдатныя адносіны з Міністэрствам спорту і НАК Беларусі. Мы разам кажам, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай. Па тварах спартсменаў у Мінску мы бачым радасць зносін. Дзякуючы лідарам краін СНД такую магчымасць нашы спартсмены атрымліваюць. Запрашаем беларусаў у верасні прыняць удзел у фестывалі этна-спорту ў Хіве», — сказаў Адхам Ікрамаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.