Вы тут

У Іўі няма заводаў… але ёсць працавітыя людзі, і гэта галоўны рэсурс


Раней невялічкае мястэчка Іўе называлі беларускім Іерусалімам. Тут стагоддзямі разам жылі прадстаўнікі чатырох асноўных канфесій — католікі, праваслаўныя, мусульмане і іўдзеі. Велічны касцёл і сёння суседнічае з мячэццю, ёсць праваслаўны храм, была сінагога. Вялікая Айчынная вайна пакінула страшны след у іўеўскай гісторыі. У 1942 годзе амаль ўсё яўрэйскае насельніцтва было знішчана нямецкімі карнікамі. Памяць аб мінулым захоўваецца ў мясцовым Музеі нацыянальных культур.

Сёння Іўе — невялічкі прыгожы горад на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Раён прыгажэе і паступова развіваецца. Падрабязней аб гэтым карэспандэнту «Звязды» расказаў старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец.


Фота: ivyenews.by

— Ігар Мікалаевіч, доўгі час вы працавалі ў сістэме органаў унутраных спраў. Цяжка было прымаць кіраўніцтва раёнам?

— Хачу адразу сказаць, што свае задачы мы павінны выконваць там, куды нас накіравала дзяржава. Дарэчы, гэта была вельмі цікавая прапанова, і я вырашыў паспрабаваць сябе на новай ніве. Іўеўскі раён я ведаў добра, паколькі два гады працаваў начальнікам мясцовага РАУС.

Гэтую прапанову я расцаніў як «выклік самому сабе». З пасады намесніка начальніка Гродзенскага абласнога УУС перайсці на пасаду старшыні райвыканкама — гэта сур'ёзнае выпрабаванне. Але самым важным было, як маё прызначэнне ўспрымуць людзі. Зразумела, я не мог падвесці ні былых калег, ні губернатара Гродзенскай вобласці, ні кіраўніцтва дзяржавы, якое даверыла мне такую адказную ролю.

Пэўны гаспадарчы вопыт у мяне, безумоўна, быў, паколькі на пасадзе намесніка начальніка абласнога УУС даводзілася займацца пытаннямі тылавога забеспячэння. Дадам, што я добра ведаў людзей — усё раённае кіраўніцтва, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Гэта была сур'ёзная дапамога ў пачатку маёй дзейнасці. Многае залежыць ад каманды, з якой працуеш, а каманда ў Іўеўскім раёне склалася вельмі добрая. Тут ёсць на каго абаперціся.

Нягледзячы на тое што я нарадзіўся ў вёсцы, сельская гаспадарка для мяне была самай складаная тэмай. Вялікую дапамогу ў засваенні гэтай навукі мне аказаў першы намеснік старшыні аблвыканкама Юрый Мікалаевіч Валяваты, да якога можна заўсёды звярнуцца па параду. Важкую падтрымку аказаў і мой першы намеснік — начальнік раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Святлана Мікалаеўна Філімон — вельмі вопытны спецыяліст. Прыходзілася чытаць адпаведную літаратуру, у прыватнасці, маім настольным часопісам стала «Беларуская сельская гаспадарка». Безумоўна, за два гады гэтую навуку не асвоіш, але пэўныя азы ведаць неабходна.

— У краіне заканчваецца ўборачная кампанія. З якімі вынікамі фінішуюць іўеўскія хлебаробы?

— Як і іншые раёны, Іўеўскі пацярпеў ад засухі. Таму і ўраджайнасць сёлета ніжэйшая, чым летась. На жаль, ганарыцца асабліва няма чым. Радуе, мабыць, тое, што раён наш заканчвае ўборку ў першай дзясятцы. Прыемна, што гаспадаркі дапамагаюць адна адной, і гэта адбіваецца на агульных тэмпах. Работа ідзе без перапынкаў, ужо пачалі сеяць рапс, хутка пачнём рыхтаваць глебу да азімай сяўбы. А што датычыцца жывёлагадоўлі, то там рабочы працэс ідзе круглы год.

— Якія змены адбываюцца ў сацыяльнай сферы — адукацыі, ахове здароўя?

— Бюджэт раёна фарміруецца паспяхова. І гэта нягледзячы на тое, што ў раёне адсутнічаюць буйныя прамысловыя прадпрыемствы. Ёсць невялікія прыватныя, якія за кошт падаткаў папаўняюць бюджэт, прычым з прафіцытам, як складваецца сёлета.

Маючы бюджэтныя сродкі, мы ў першую чаргу стараемся падтрымаць медыцыну. Напрыклад, у перыяд ковідных абмежаванняў у 2021 годзе накіравалі ў сферу аховы здароўя амаль мільён рублёў у якасці дадатковых сродкаў. Летась выдзялялі грошы на рамонт цэнтральнай раённай бальніцы, на набыццё лекаў і іншыя выдаткі.

За кошт сродкаў раённага бюджэту ў канцы мінулага года быў куплены перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт. Са студзеня ён ужо на дарогах раёна: дапамагае медыкам абслугоўваць насельніцтва ў аддаленых населеных пунктах. Сёлета на патрэбы медыцыны дадаткова вылучылі 400 тысяч рублёў. Рамантуем вясковыя ФАПы, закупляем новае абсталяванне. У 2021 годзе ў раёне пры дапамозе вобласці быў адкрыты дзённы стацыянар у ЦРБ. У мінулым годзе за кошт сродкаў вобласці набылі новы аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі.

Сур'ёзную ўвагу аддаём сістэме адукацыі. Праводзім рамонты школ, набываем для іх новае абсталяванне і мэблю. На жаль, апошнім часам дзве вясковыя школы ў раёне вымушаны былі закрыць. Проста сем'і, дзе былі дзеці школьнага ўзросту, пераехалі на жыхарства ў Іўе. У гэтых школах персаналу стала больш чым дзяцей, вось чаму яны спынілі сваё існаванне.

У хуткім часе плануем купіць вучэбна-метадычны аўтамабіль для раённага аддзела адукацыі.

У раённым цэнтры пачалося будаўніцтва новага 40-кватэрнага дома. У эксплуатацыю ён будзе ўведзены ў сакавіку 2024 года. 21 кватэра ў гэтым доме будзе выдзелена тым, хто мае патрэбу, а 19 кватэр будуць арэнднымі. Забяспечым жыллём урачоў, ваеннаслужачых, супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, педагогаў.

— Моладзь ахвотна застаецца ў раёне?

— У чым спецыфіка нашага раёна — усяго за 37 км ад Іўя знаходзіцца даволі вялікі горад Ліда, 120 кіламетраў да Мінска, маршрутнае таксі даязджае да сталіцы менш чым за дзве гадзіны. А там куды больш магчымасцяў уладкавацца на добра аплачваную работу. І, тым не менш, прыкладна 65—70 % маладых спецыялістаў застаецца ў раёне.

Самы дзейсны спосаб замацаваць маладога чалавека на радзіме — забяспечыць яго жыллём. На гэта і накіраваны нашы намаганні. Мы пачалі будаваць жыллё для маладых сем'яў з дзецьмі, прадстаўнікоў бюджэтных арганізацый. Свой утульны, камфортны дом або кватэра — сапраўднае шчасце для кожнага. Калі ёсць у чалавека свой кут, то ён наўрад ці захоча яго пакідаць.

— Як мяняецца якасць жыцця людзей у Іўеўскім раёне?

— Сярод асноўных пытанняў — асфальтаванне дарог і развіццё транспартнай інфраструктуры ўвогуле. Не толькі ў раённым цэнтры, але і ў аграгарадках. Дзяржава выдзяляе вялікія грошы на развіццё інфраструктуры, але не менш адказная задача гэту інфраструктуру падтрымліваць.

Безумоўна, людзям патрэбна не толькі добрая работа, але і прыемны адпачынак. Асабліва моладзі. Таму ў нашых бліжэйшых планах — адкрыць у горадзе новае летняе кафэ, закупіць новую апаратуру для правядзення дыскатэк. Была ідэя пабудаваць у Іўі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, але з гэтым пакуль давядзецца пачакаць.

Прыемна адзначыць, што і моладзь адгукаецца на нашы прапановы, а часам прымае непасрэдны ўдзел у жыцці раёна і горада. Напрыклад, нядаўна невядомымі была разбурана баскетбольная пляцоўка. Дык вось моладзь сама звярнулася да нас з прапановай аднаўлення аб'екта. Напярэдадні Дня горада гэта пляцоўка ва ўрачыстай атмасферы была адкрыта. А нашы маладыя актывісты, ініцыятары аднаўлення спартыўнага аб'екта, узнагароджаны памятнымі падарункамі.

Цяпер яны выступілі з ініцыятывай набыць спартыўны інвентар для мясцовага дзіцячага дому сямейнага тыпу. Такія ўчынкі можна толькі вітаць, кожная добрая справа іўеўскай моладзі заўсёды будзе падтрымана райвыканкамам. Гэта вельмі добра, калі паміж уладамі і насельніцтвам, прычым яго маладой часткай, ёсць паразуменне і наладжана ўзаемадзеянне.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.