Вы тут

І боль, і горыч, і надзея ў музыцы скрыпача Аляксандра Трасцянскага


Заслужаны артыст Расіі, прафесар Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага Аляксандр Трасцянскі нядаўна выступіў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Скрыпічны канцэрт з яго ўдзелам адбыўся напярэдадні адкрыцця новага сезона, таму не паспеў увайсці ў маштабны план пляцоўкі, але, нягледзячы на гэтую акалічнасць, сабраў поўную залу слухачоў. Заўважана — апошнім часам менавіта запрошаныя госці філармоніі выклікаюць найбольшую ўвагу аматараў музыкі. 


Аляксандр Трасцянскі. Фота з сайта sobor39.ru

Скрыпач Аляксандр Трасцянскі — лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў: Premio Paganini ў Генуі (1990), Міжнароднага конкурсу Цэнтра Орфард у Канадзе (1996, I прэмія), конкурсу «Франц Шуберт і музыка ХХ стагоддзя» ў Грацы (1997, III прэмія) і Міжнароднага конкурсу імя П. І. Чайкоўскага (1998)... Вядома, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў творчай дзейнасці ён шмат выступае як саліст, цесна супрацоўнічае з некаторымі аркестрамі і ансамблямі. У яго сферу зацікаўленняў уваходзіць як камерная музыка, так і скрыпічныя канцэрты кампазітараў розных эпох. Аляксандр Трасцянскі вядомы і як паспяховы інтэрпрэтатар музыкі ХХ і ХХІ стагоддзяў. Гэтае амплуа ён прадэманстраваў і перад беларускім слухачом. 

Між тым у канцэрце, які прайшоў у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі, прыняў удзел і айчынны ансамбль салістаў «Класік-Авангард» пад кіраўніцтвам Людмілы Каліноўскай, мастацкага кіраўніка і дырыжора. Творчая каманда выконвае класіку і музыку авангардных кампазітараў нашага стагоддзя. Праекты калектыву вылучаюцца разнастайнасцю, навізной, унікальным гучаннем невялікага аркестра, у складзе якога прадстаўлены розныя групы інструментаў. 

У сумесны праект увайшла разнапланавая музыка, прытым праграма была складзена з асаблівым разлікам — выклікаць у гледача шырокі спектр эмоцый. Сум і радасць, горыч і асалода, гора і шчасце — слухач спрабаваў утрымацца на неспакойных хвалях класічнай і сучаснай музыкі. Так, пачаў імпрэзу скрыпічны канцэрт рэ мінор Іагана Себасцьяна Баха, вядомы як першы канцэрт для клавіра. Арыгінал сачынення, які, вядома, не захаваўся, быў прызначаны для скрыпкі. У наш час музыканты выконваюць адноўлены варыянт. У версіі, якую выканалі Аляксандр Трасцянскі і «Класік-Авангард», канцэрт для скрыпкі і струнных рэ мінор у трох частках прагучаў у Мінску ўпершыню.

«Класік-Авангард»

Яшчэ адна прэм’ера вечара — канцэрт № 2 для скрыпкі і струннага аркестра. Аўтар — сучасны расійскі кампазітар, народны артыст гэтай краіны, старшыня Савета Саюза кампазітараў Расіі Аляксандр Чайкоўскі. Канцэрт з трох частак быў напісаны ў 2010 годзе. Гэта надзвычай данымічны і яркі твор, настрой якога вокамгненна змяняецца. З упэўненасцю можна сказаць, такая музыка болей блізкая сучасніку — у ёй, акрамя тонкіх нюансаў, ледзь заўважных пераходаў, прысутнічаюць рэзкія інтанацыі. Яна валодае энергетыкай, што апаноўвае слухача, прыцягвае ўвагу. 

У праграме канцэрта таксама былі два творы Пятра Ільіча Чайкоўскага. Адзін з іх — «Разважанне» — уваходзіць у цыкл з трох скрыпічных п’ес пад назвай «Успаміны аб дарагім месцы». Яго кампазітар прысвяціў сядзібе свайго сябра і мецэната Надзеі фон Мек, якая знаходзілася ў Браілаве ў Вінніцкім павеце Падольскай губерні Расійскай імперыі. Там кампазітар гасцяваў. «Разва¬жанне» здольна перадаць светлы смутак, не азмрочаны цяжкімі думкамі. Яшчэ адзін твор з гэтага цыкла, назва якога — «Вальс-скерца», у Мінску прагучаў у арыгінальнай аўтарскай версіі. У свой час п’есу для скрыпкі з аркестрам кампазітар прысвяціў скрыпачу Ёзэфу Котэку. У кампазіцыі крыху меней кантрастаў і дынамікі, мелодыі лёгкія, імклівыя і ненапружлівыя. Наогул, «Вальс-скерца» спалучае асаблівасці вальса і скерца (іт. scherzo — літаральна «жарт»). 

Завяршыў сумесную праграму Аляксандра Трасцянскага і ансамбля салістаў «Класік-Авангард» прэм’ерны для сталіцы канцэрт сучаснага амерыканскага кампазітара аргенцінскага паходжання Алехандра Драга. Творца — прафесійны скрыпач, скончыў Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П. І. Чайкоўскага па класе скрыпкі ў прафесара Марынэ Яшвілі. Канцэрт для скрыпкі і струннага аркестра быў напісаны ў 2002 годзе. Канчатковую рэдакцыю аўтар зрабіў у 2015-м. «Музыка канцэрта дзіўна сугучная сучаснасці, — адзначыла Людміла Каліноўская. — У ёй ёсць усё: і боль, і горыч, і надзея, і радасць. І, вядома, гарачыя рытмы аргенцінскіх танцаў». Канцэрт Алехандра Драга складаецца з чатырох частак, кожнай з якіх кампазітар даў красамоўную назву: «Спусташэнне», «Падземны танец», «Туга па сонцы», «Канец надзеі»... 

Нагадаем, што Белдзяржфілармонія ўрэшце адкрыла новы, 86-ы, канцэртны сезон. У найбліжэйшы час слухачоў чакаюць на першыя праграмы Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, канцэрт-адкрыццё «Голас Нябесны» Дзяржаўнага камернага аркестра, праграму «Іншая прастора» Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы... Рыхтуецца шмат цікавага! 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.