Вы тут

«Паэзія — лёс чалавека». Пра што пісаў Янка Тулупаў


Запамятаваў, хто канкрэтна гэта сказаў. Здаецца, адзін з вядомых акцёраў. Сутнасць жа зводзіцца да наступнга. Калі хто-небудзь з дзяцей слынных майстроў пайшоў яго шляхам, то асаблівае задавальнне атрымліваеш не тады, калі кажуць, што гэта сын ці дачка такога. Куды прыемней чуць, што гэта бацька, а пасля гучыць імя сына ці дачкі, якія дасягнулі куды большага, чым ты сам, поспеху.


Янка Тулупаў

Не ведаю, ці чуў падобнае выказванне Янка Тулупаў, аднак, не сумняваюся, ён радаваўся поспеху, якога дасягнула ў літаратуры яго дачка Нэла Тулупава. Наўрад ці засмучаўся з таго, што сам дасягнуў значна менш, чым яна. Сумленне не дазваляла. А яшчэ было тое, пра што дакладна сказаў паэт Аляксей Русецкі: «Калі верыць выслоўю, што паэзія — лёс чалавека, дык гэты лёс няласкава абышоўся з аўтарамі, чые вершы аб’яднаны вокладкай гэтай кнігі». 

Згаданае Алясей Сцяпанавіч напісаў у прадмове «Слова роздуму», якой адкрываецца зборнік паэзіі «У паходзе», што выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1985 годзе. У ім прадстаўлены не толькі Янка Тулупаў, але і Павел Сушко, Мікола Сабалеўскі, Рыгор Родчанка. Таксама з «няласкавым лёсам», бо, на жаль, поўнасцю не раскрылі свой талент. 

Янка Тулупаў нарадзіўся 31 лістапада 1912 года ў вёсцы Капань (сёння гэта Рэчыцкі раён), з якой назаўсёды звязаў свой лёс. Выключэннем былі гады вучобы і Вялікая Айчынная вайна. Закончыўшы школу ў роднай вёсцы, вучыўся на рабфаку ў Рэчыцы, пасля на літаратурных курсах пры Магілёўскім педагагічным інстытуце. У 19 гадоў стаў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. За год да вайны прызначылі за¬гадчыкам Рэчыцкага раённага аддзела адукацыі. 

Калі напалі фашысцкія захопнікі, у дзеючай арміі быў нядоўга. Накіравалі на дыверсійныя курсы, пасля заканчэння якіх трапіў у тыл, на родную Гомельшчыну. Змагаўся ў партызанскім атрадзе «Бывалыя», прадоўжыў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў арміі. 

Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся на радзіму. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут і зноў вярнуўся да педагагічнай працы. Настаўнічаў да 1973 года, калі пайшоў на пенсію. Не толькі пісаў вершы, з якімі ўпершыню выступіў у 18 гадоў, але быў і актыўным селькарам. Захапляўся фальклорам. Любоў да вуснай паэтычнай творчасці прывіў іншым. 

Жывучы ў вёсцы, сябе правінцыялам не адчуваў. Яго хата была апірышчам для тых, хто, як і сам Іван Савельевіч, любіў родную мову, культурў. Да яго часта прыязджалі госці з Мінска, Гомеля, гэтаксама, як і сам ён, улюбёныя ва ўсё беларускае. На гэтых сустрэчах не толькі абмяркоўваліся надзённыя пытанні — гучалі і вершы. Канешне ж, і самога гаспадара. І напісаныя раней, і тыя, што друкаваліся ў рэчыцкай газеце «Дня¬провец», «Гомельскай праўдзе», іншых выданнях. 

Праблематыка іх была розная, але ў многіх нязменна прысутнічала перажытае. Тое, чаму былі не толькі сведкамі, а ўдзельнікамі. Гэтыя матывы былі асабліва блізкія і яму самому, і яго сябрам. Адчувалі сябе тымі юнакамі, якія ішлі ў бой за свабоду роднай Беларусі, усяго Савецкага Саюза. Як у вершы «Салдаты»: 

Даўно пагоны з гімнасцёрак 

зняты, 

На партызанскіх бліндажах — 

мурог. 

А мы салдаты. Мы з табой 

салдаты. 

Наш ранак пачынаецца 

з трывог. 

Бывае, прабяжыш радкі 

ў газеце, 

І цэлы дзень нібыта сам 

не свой. 

А на зямлі буяе 

сонцаквецень, 

Буяе май, прасолены 

крывёй... 

Застаўшыся адзін, як і кожны, хто нямала пражыў, часта вяртаўся ў гады маладосці. Не толькі жыццёвай, але і творчай, калі так хацелася пра ўсё, што атуляе цябе, выказаць вершам. У яго падборцы, прадстаўленай у кнізе «У паходзе», змешчаны шмат якія творы таго часу. Чытаеш іх, і яны сваімі матывамі шмат у чым блізкія напісанаму аўтарамі, якія тады ўваходзілі ў літаратуру. Але Янку Тулупаву, як і іншым, не адмовіш у шчырасці, непасрэднасці. 

Нямала ў Янкі Тулупава і вершаў, прысвечаных роднай прыродзе. Найбольш цікавыя тыя, у якіх чалавек з’яўляецца часцінкай яе. Як у «Васільках», дзе лірычны герой прыгадвае гады юнацтва, і гэтая паяднанасць з колішнім не проста выклікае радасць, а робіць жыццё і ў сталым узросце вартым захаплення: 

Таго дня ніколі не забыцца. 

Не пагасне маладосць у нас. 

Помніш, васількі збіралі ў жыце? 

Гэта быў наш самы зорны час. 

Месяц прытаміўся следам крочыць, 

Нібы васількі, сінелі вочы. 

Адцвіталі шпарка дні за днямі. 

Беглі зімы лютыя за намі. 

А ты ўсё такая ж, я — такі?.. 

Вочы ўнучкі, быццам васількі. 

Адзін з найлепшых вершаў Івана Савельевіча «Іванавы жураўлі». У ім удала абыграў сваё ўласнае імя і назву птушкі, якая стала асабліва вядомая пасля таго, як кампазітар Ян Фрэнкель напісаў на вершы Расула Гамзатава (пераклад на рускую мову Навума Грэбнева) песню «Жураўлі». Яна, як вядома, з’явілася ў 1968–1969 гадах. Твор жа Янкі Тулупава датаваны 1982 годам. Іван Савель¬евіч, здаецца, нідзе не прызнаваўся, чаму напісаў яе. Аднак, думаецца, без унутра¬нага ўспаміну гэтай песні не абышлося. «Сугучнасць» так і праступае між радкоў: 

Лістота барвовай асіны 

Зноў падпаліла ставок. 

У небе — высокім і сінім — 

Крычыць малады журавок. 

Уверсе — клін яго выраю, 

Унізе — куток зямлі, 

Дзе крылы ў жураўліка выраслі 

І ў неба яго ўзнялі. 

Не бойся, жураўлік мілы, 

Гняздо я сваё зберагу. 

Мае ж прастрэлены крылы, 

Дагнаць цябе не змагу. 

Ён птушак любіў. Не менш любіў людзей. Толькі і ў страшным сне падумаць не мог, што смерць напаткае ад таго, каго прыгалубіў, бацькам стаў. 

Ганна ІВАНЕЙ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.