Вы тут

Як падарожжы Сыракомлі паўплывалі на аднаўленне беларускамоўнай літаратуры


Важную ролю ў аднаўленні беларускамоўнай літаратуры адыграў вядомы паэт, краязнаўца, публіцыст, крытык, перакладчык і этнограф Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя — Людвік Францішак Уладзіслаў Аляксандравіч Кандратовіч, 29 верасня 1823 — 15 верасня 1862). 


Адам Шэмеш. «Партрэт Уладзіслава Сыракомлі»

«Літоўскім лірнікам», «літоўскім паэтам», «песняром Літвы» называлі яго ў друку нават яшчэ пры жыцці, бо ў XIX стагоддзі ён быў вельмі папулярны на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Літвой для Сыракомлі і яго сучаснікаў была Беларусь, гэта добра разумелі праз 50 гадоў пасля яго смерці і польскія аўтары. Чэслаў Янкоўскі ў сваім артыкуле «Літва Сыракомлі» пісаў, што калі б Сыракомля ўстаў з магілы, то ён «аказаўся б не на Літве, а на Беларусі, дзе ўбачыў Кандратовіч святло, дзе пражыў свой век паміж Залучам і Барэйкаўшчынай». 

Уладзіслаў Сыракомля нарадзіўся ў небагатай шляхецкай сям’і роду Кандратовічаў герба «Сыракомля» — ад выразу «сыры камель», — якая займалася сельскай гаспадаркай у арандаваных фальварках. Паводле каталіцкай традыцыі быў названы трыма імёнамі — Людвік Францішак Уладзіслаў. Яго продкі належалі да старадаўняй апалячанай беларускай шляхты.

Бацька Кандратовіча вымушаны быў арандаваць панскую зямлю, кожны раз пераязджаў на новае месца. Калі Людвіку не было яшчэ трох гадоў, сям’я ўжо арандавала новы фальварак — Яськавічы Слуцкага павета, на беразе ракі Морач. У сваім дзённіку пазней Сыракомля пісаў: «Першая мясціна, якую памятаю, гэта Яськавічы... Яшчэ перад маімі вачыма, дакладней, ва ўяўленні стаіць, як мы аднойчы доўга-доўга плылі на чоўне між чароту і лазы — пад намі быў залацісты пясочак, а побач ляталі ясна-зялёныя стракозы».

Бацькі Уладзіслава Сыракомлі — Аляксандр Кандратовіч і Вікторыя Златкоўская (Кандратовіч)

Ужо ў шэсць гадоў Людвік чытаў творы Ф. Князьніна і І. Красіцкага, з бацькам вучыў лацінскую граматыку. Праз шэсць гадоў сям’я зноў была вымушана пераехаць на новае месца. Вясной 1831 года яны арандавалі дом у Кудзінавічах (цяпер вёска ў Капыльскім раёне). Як пазней згадваў паэт, менавіта тут, каля сажалкі побач з домам, калі з’яўлялася жаданне пабыць аднаму, ён выпраўляўся ў падарожжы па свеце ўяўленняў. Разам з сялянскімі дзецьмі даводзілася ездзіць на начлег, там ён і слухаў народныя песні ды мясцовыя легенды.

Ужо падчас першых летніх вакацый (1834 г.) сям’я зноў пераехала, гэтым разам у Мархачоўшчыну (цяпер вёска ў Стаўбцоўскім раёне), пад Новы Свержань.

Поспехі ў вучобе былі адметныя, але не давялося скончыць Людвіку школу, бо яе закрылі ў 1835 годзе. Чацвёрты і пяты класы ён закончыў у Наваградку. Пасля вярнуўся да бацькі і дапамагаў па гаспадарцы, але, як сам паэт пісаў у сваім дзённіку, яго цягнула да пяра і кніг, найбольш любіў Адама Міцкевіча і Вальтэра Скота.

У 1840 годзе сям’я перабралася ў Залуча (у межах цяперашняга Стаўбцоўскага раёна) побач з Нёманам і менш значнымі рэкамі Ячонкай і Сулай. Менавіта на гэтай неўрадлівай, але дарагой сэрцу зямлі і пражыў паэт пазней шмат часу.

У 1841 годзе па хадатайніцтве бацькі Людвік уладкаваўся на службу ў канцылярыю кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі ў Нясвіжы. У вольны час занатоўваў у дзённіку мясцовыя паданні, апавяданні пра мінулае Нясвіжа i яго гаспадароў, якія «свае імёны то золатам, то крывёю запісалі ў памяць народа». Нясвіж тады быў глухім мястэчкам, якое засталося пасля гучнай славы Радзівілаў. Кандратовічу расказалі шмат легенд пра нястрымныя забавы і нечалавечыя ўчынкі магнатаў. Менавіта гэтыя аповеды з часам склаліся ў паэтычныя радкі, дзе раскрываецца панская пыха і выносіцца прысуд жорсткасці.

16 красавіка 1844 года ў Фарным касцёле Людвік Кандратовіч абвянчаўся з пляменніцай Дабравольскага Паўлінай Мітрашэўскай.

Нясвіж для Людвіка Кандратовіча стаў лёсавызначальным горадам, праз усё жыццё ён успамінаў горад юнацтва і не раз звяртаўся да гісторыі радзівілаўскай рэзідэнцыі ў сваёй творчасці.

Праз некалькі дзён яны пераехалі ў Залуча, каб распачаць супольную гаспадарку, а бацькі Кандратовіча з дочкамі выправіліся абжываць суседні фальварак Тулёнка, які яны яшчэ ў 1840 годзе ўзялі ў арэнду.

Сам Кандратовіч зрабіў замалёўку свайго фальварку ў Залучы, які захаваўся да нашых дзён. Ён ахвотна займаўся не толькі гаспадаркай, але і паэзіяй, пісаў краязнаўчыя нарысы: «Залучанская ваколіца цудоўная для звыклага з ёй вока, але пустынная для чужынца, у якога няма ўспамінаў, звязаных з гэтай мясцінай, які не мае ніякага ўяўлення пра асаблівасці спеву тутэйшых салаўёў, пра пошум тутэйшага ветру».

Гэтыя біяграфічныя звесткі сведчаць пра грунтоўнае знаёмства паэта з бытам сялян Мінскай губерні ў яе розных мясцовасцях, дзе і прайшло дзяцінства, юнацтва і частка сталых гадоў паэта.

Доўга і плённа Сыракомля ў Залучы займаўся творчасцю. За той час напісаў гутаркі «Шляхціц Ян Дубарог», «Хадыка», «Паштальён» і шмат вершаў: «Лірнік вясковы», «Немаўляці», «Гутарка пра бусла. У дадатак ён перакладаў польскіх паэтаў XVI–XVII стагоддзяў, якія пісалі на латыні. Складаў у тыя часы яшчэ «Гісторыю літаратуры ў Польшчы» (у двух тамах). У лісце да Адама Плуга расказваў: «Ці паверыш, што ў Залучы я прагну паветра і сонца — так сплываюць мае дні між стосаў паперы ў цёмнай хаце».

Па выдавецкіх справах 3–4 разы на год ездзіў у Вільню. Да друку рыхтаваліся яго пераклады Іахіма Бельскага, Яна Каханоўскага, Мацея Казімежа Сарбеўскага, Клеменса Яніцкага, Себасцьяна Кляновіча, а таксама двухтомная праца «Гісторыя літаратуры ў Польшчы».

Пазней выдавецкія справы і нялад гаспадаркі вымусілі Кандратовіча пераехаць у Вільню на сталае месца жыхарства. На гэта паўплывала і няшчасце ў сям’і: за тыдзень памерлі тры яго малыя дачкі — Фабіянка, Марына і Вікця. 

У Вільні паэт пасяліўся спачатку ў доме Мілера (сваяк Станіслава Манюшкі) на вуліцы Нямецкай, а потым, калі прыехаў Каратынскі з Залуча, пераехалі ў дом Доўнара ў Абрамовіцкім завулку. 

Сэрца «вясковага лірніка» патрабавала спакою, таму праз некаторы час у канцы красавіка 1853 года ён пераехаў з сям’ёй у арандаваны фальварак Барэйкаўшчына, што знаходзіўся між Вільняй і Ашмянамі. З таго часу ў творчасці з’яўляюцца матывы суму па родных мясцінах, пошуку свабоды. Апошняя арандаваная сядзіба за 10 гадоў так і не стала роднай сэрцу паэта, бо пісаў:

Тут не мае ні дом, ні глеба,

Што родзіць хлеба небагата.

Мае тут толькі сонеч неба,

Якая ўзносіцца над хатай.

Пераклад У. Дубоўкі. 

Сядзіба арандатара ў фальварку Залуча. Ёй паэт прысвяціў верш «Пра маю старую хатку». Тут былі напісаны гавэнды «Шляхціц Ян Дубарог», «Хадыка», верш «Лірнік вясковы», «Прысвячэнне ліцвінам народных гутарак», «Немаўляці», «Гутарка пра бусла» і інш. Рэпрадукцыя з малюнка У. Сыракомлі

Асобна варта адзначыць гісторыка-краязнаўчую кнігу «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах». Менавіта яна з’яўлялася для Сыракомлі той крыніцай, якая сунімала настальгію па мясцінах маладосці (Нясвіж, Мір, Койданаў, Стоўбцы).

Як працяг вандровак было задумана напісаць нарыс «Мінск», ён нават быў надрукаваны ў 1854 годзе ў «Gazecie Warszawskiej», а ў 1857-м у «Tece Wileńskiej», i ў наступныя гады ён усё працягваў назапашваць матэрыял пра сталіцу свайго краю.

У кастрычніку 1856 года Сыракомля выехаў з Барэйкаўшчыны ў Варшаву (праз Мінск, Слуцк, Брэст). Па дарозе вёў дзённік, запісваў свае ўражанні, пабудовы (некаторыя замалёўваў), якія бачыў, выгляд сялян і асаблівасці іх мовы, геаграфічныя адрозненні паселішчаў (Меднікі, Дзявятні, Каменны Лог, Ашмяны, Жупраны), але нататкі скончыліся на Смаргоні («мястэчка старой акадэміі мядзведзяў, сталіца вядомых па ўсёй Літве абаранкаў»). 

У Варшаве ён прабыў амаль месяц, прадставіў дзве п’есы — «Хатка ў лесе» і камедыя «Граф на Ванторах». З сустрэч з выдаўцамі, журналістамі, акцёрамі і літаратарамі даведаўся, што тут яго творчасць ведаюць не менш, чым на радзіме, але ўспрымаюць не так палымяна. Праз шырокую папулярнасць Сыракомлю запрашалі на розныя прыёмы, вялі перагаворы аб супрацоўніцтве, а таксама прапаноўвалі стаць рэдактарам «Gazety Codziennej», што азначала б пераезд у Варшаву на сталае месца жыхарства, але сум па радзіме не адпусціў паэта.

Творчым увасабленнем любові да роднага краю з’яўляюцца яго краязнаўчыя нарысы («Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», «Манаграфія ракі Нёман», «Мінск»), а таксама ўступ да задуманай аповесці-мемуару «Вёска», якія і былі напісаны пад уражаннем успамінаў.

«Заўсёды мне здавалася, — пiсаў У. Сыракомля, — што нельга палюбiць Мацi-зямлю родную без уважлiвага вывучэння ўсяго яе аблiчча. Навучыцца бачыць iскру, што ўпала з яе павек, плакаць яе слязьмi, якiя з вачэй яе цяклi або цячы маглi, нават з любасцю лiчыць маршчыны на яе твары — усё гэта абавязковыя ўмовы любовi. Даследаваць нашу родную зямлю ў гiстарычных, прыродных, этнаграфiчных, археалагiчных, геаграфiчных адносiнах — гэта, здаецца, вельмi просты вынiк таго, што прынята называць любасцю да радзiмы». Сувязь чалавека з радзімай, на думку паэта, з’яўляецца праяўленнем яго высокай духоўнасцi. Акрамя літаратуры, ён займаўся і археалагічнай працай, што было адзначана пасля Адамам Кіркорам.

Памёр 15 верасня 1862 года ў Вільні ў доме па цяперашняй вуліцы Барбары Радвілайтэс. Пахаваны на могілках Роса ў Вільні.

На двухпавярховым доме ў Вільні, дзе памёр паэт, над варотамі вісіць мемарыяльная табліца на польскай мове. 

У касцёле Святых Іаанаў каля паўночнай сцяны ў 1908 годзе быў адкрыты помнік Уладзіславу Сыракомлю з бронзавым бюстам па праекце скульптара Піюса Вялёнскага, выкананы Пятрасам Рымшам. Імя Сыракомлі носіць вуліца ў Вільні. 

Такім чынам, мы можам заўважыць, што падарожжы Сыракомлі па тэрыторыі тагачаснай Літвы і мясціны жыцця пісьменніка непасрэдна паўплывалі на станаўленне творчай асобы і фарміраванне праблемна-тэматычнага кола яго творчасці. Згодна з біяграфічнымі звесткамі, паэт меў магчымасць грунтоўна пазнаёміцца з жыццём беларускага народа. Асабліва добра ён ведаў быт сялян Мінскай губерні, дзе прайшла большая частка яго жыцця, і Віленскай, дзе правёў апошнія гады жыцця.

Калі паэт апісваў багатую, самабытную беларускую прыроду і ваколіцы, падкрэсліваў высокія чалавечыя якасці простага народа. Яго творчасць значна паўплывала на грамадскую думку беларусаў, а сёння па творах Уладзіслава Сыракомлі можна вывучаць жыццё яго эпохі.

Ганна ЛЯВОНЕНКА, аспірант Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.