Вы тут

Асіповічы — горад вялікіх магчымасцяў


Асіповіцкі раён па выніках мінулага года заняў трэцяе месца па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гарадоў і раёнаў Магілёўскай вобласці ў сваёй катэгорыі. І збаўляць тэмпаў не збіраецца. Пра тое, якіх поспехаў дасягнулі жыхары ў сваёй рабоце, чым сёння жыве раён і якія мэты ставіць перад сабой, — у размове са старшынёй Асіповіцкага райвыканкама Канстанцінам Жыгуцкім.


Фота з архіва райвыканкама

Асіповічы — адзін з раённых цэнтраў, дзе вельмі добра развітая прамысловасць. Тут ствараюцца інавацыйныя тавары, у раённы цэнтр укладваюцца інвестыцыі, імкліва развіваецца прыватны бізнес...

— Так. Раён працуе са станоўчай дынамікай росту, — кажа Канстанцін Аляксандравіч. — Летась быў закладзены добры падмурак для далейшага развіцця. Мы справіліся з усімі праблемамі, звязанымі з увядзеннем розных санкцый, пераарыентавалі свае рынкі збыту, і сёння кожнае прадпрыемства працуе стабільна, ні адно не спыніла работы і не скараціла работнікаў. Усе маюць прыбытак. Летась у раёне было зарэгістравана 31 новае прыватнае прадпрыемства, створана 131 працоўнае месца. Раён развіваецца, мадэрнізуюцца прадпрыемствы. На філіяле Гродзенскага шклозавода ў Ялізава паспяхова рэалізоўваецца інвестпраект па праграме «Адзін раён — адзін праект». Паралельна ідзе мадэрнізацыя кансервавага цэха, які быў набыты прыватнікам у канцы 2022 года. На ім працавалі 26 чалавек, цяпер болей чым 150. Яшчэ адзін праект звязаны са стварэннем прыдарожнага сэрвісу, яго рэалізуе фермерскае гаспадарка «АграАўтаНова» Генадзя Вішнякова. Прадпрымальнік пабудаваў кавярню на граніцы з Мінскай вобласцю — вельмі запатрабаваны сёння аб’ект. Прыватнае прадпрыемства «ТэхнаНіколь» выкупіла пустое памяшканне і збіраецца адкрыць там лагістычны цэнтр. Гэта таксама дадатковыя працоўныя месцы.

Асіповічы — буйны прамысловы цэнтр, нягледзячы на тое, што горад невялікі. У гэтым яго ўнікальнасць. Асаблівасць яшчэ і ў тым, што наша прамысловая вытворчасць шматпрофільная і разнапланавая. Калі, умоўна кажучы, дзесьці будзе назірацца спад, баланс захаваецца за кошт астатніх.

Унікальная вытворчасць наладжана на заводзе транспартнага машынабудавання, дзе ствараюцца вагоны-цыстэрны, платформы і плануецца пачаць выпуск вагонаў для сыпучых грузаў. Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў з’яўляецца адным з найбуйнейшых у краіне па вытворчасці вырабаў для аўтамабільнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, тут працуе 1,5 тысячы чалавек. Гэта прадпрыемства вызначана ў якасці базавага ліцейнага прадпрыемства па вытворчасці алюмініевага ліцця. Праведзена закупка аўтаматызаванага комплексу ліцця пад высокім ціскам з халоднай гарызантальнай камерай прасавання, абсталяванага аўтаматычным маніпулятарам-заліўшчыкам на базе робата FANUC (краіна-вытворца Кітай). Цалкам завершаны будаўнічыя работы па падрыхтоўцы пляцоўкі, праводзіцца паэтапная ўстаноўка і падключэнне абсталявання.

У нас таксама паспяхова працуюць завод жалезабетонных канструкцый, філіял холдынга «Бабушкіна крынка», іншыя прадпрыемствы. Акрамя гэтага, Асіповічы з’яўляюцца буйным чыгуначным вузлом, што таксама прыцягвае ўвагу інвестараў. А яшчэ мы лічымся сталіцай ракетных войскаў і артылерыі Беларусі, што вельмі прэстыжна. Пры ўсім гэтым мы адкрыты для сяброўства і супрацоўніцтва, развіваем міжнародныя сувязі. У Расіі адразу некалькі гарадоў з’яўляюцца нашымі пабрацімамі. Летась заключылі пабрацімскія сувязі з Фокінскім раёнам Бранска. У Кітаі наш пабрацім — горад Янчжоу, і мы актыўна з ім супрацоўнічаем.

— Раён з’яўляецца прыкладам не толькі працоўнага подзвігу, але і баявога. Летась ён быў адзначаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

— Так, падчас акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны гораду і раёну быў нанесены вялізны ўрон. З 62 тысяч чалавек, якія тут жылі да вайны, загінула і было вывезена на катаржныя работы ў Германію амаль трэць насельніцтва. Было знішчана 50 населеных пунктаў, спалена больш за тры тысячы дамоў, звыш 800 грамадскіх будынкаў.

Сярод Герояў Савецкага Саюза ёсць і нашы землякі — Зіновій Гарэлік, Барыс Майстрэнка, Сяргей Каданчык, Мікалай Каралёў. Мы ганарымся Фёдарам Крыловічам, савецкім партызанам, адным з арганізатараў Асіповіцкага камуністычнага падполля, кіраўніком партызанскай дыверсійнай групы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У памяці асіпаўчан — імёны адважных партызан і падпольшчыкаў Героя Савецкага Саюза Барыса Дзмітрыева, Рымы Кунько, Сцяпана Сумчанкі і многіх іншых.

Адным з галоўных кірункаў дзейнасці нашых бібліятэк з’яўляецца патрыятычнае выхаванне моладзі. Сектар па абслугоўванні дзіцячага чытача гарадской бібліятэкі № 1 адзначаны дыпломам І ступені абласнога агляду-конкурсу «Мы разам: дзеці, кніга, бібліятэка». Асаблівы акцэнт у сваёй дзейнасці зроблены на інфармацыйна-ідэалагічную работу, рэалізацыю праектаў патрыятычнай накіраванасці і правядзенне мерапрыемстваў, якія маюць асаблівае гістарычнае і грамадска-палітычнае значэнне.

Наогул, у раёне шмат увагі аддаецца культурна-асветніцкай рабоце. Упершыню ў гісторыі культурнага жыцця раёна было прысвоена званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» ансамблям «Дзівакі» раённага Цэнтра культуры і «Вязанка» Вяззеўскага сельскага Дома культуры. Элемент «Культуры беларускай дуды», ігру на якой засвоілі вяззеўскія музыкі, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Яркай культурнай падзеяй Асіповіцкага раёна мінулага года стаў Міжнародны літаратурна-музычны фестываль нацыянальных культур Беларусі і Расіі.

— У Асіповічах будуецца шматфункцыянальны навучальны комплекс амаль на тысячу месцаў з улікам дзіцячага садка, іншыя сацыяльныя аб’екты...

— Навучальны комплекс размесціцца ў перспектыўным для жылой забудовы мікрараёне Чарняхоўскага, на тэрыторыі былога вайсковага мястэчка «Паўночны». Цяпер там пражывае шмат маладых і шматдзетных сем’яў. Дзіцячы садок, які там знаходзіцца, ужо не вытрымлівае нагрузкі. Комплекс будзе ўкамплектаваны сучасным абсталяваннем, адпавядаць апошнім патрабаванням і тэхналогіям.

Сёння ў горадзе функцыянуюць чатыры школы і гімназія, некаторыя займаюцца ў некалькі змен. Важна іх разгрузіць, каб дзеці ў другой палове дня мелі магчымасць больш часу прысвяціць заняткам у гуртках, наведванню ўстаноў дадатковай адукацыі, спартыўных аб’ектаў. У нас добрыя перспектывы ў спорце. Асіповіцкі раён адзначаны дыпломам за першае месца ў спаборніцтвах гарадоў і раёнаў вобласці па развіцці фізкультуры, спорту і турызму за мінулы год. Нашы выхаванцы паказваюць добрыя вынікі ў абласных спартакіядах па валейболе, футболе, плаванні. Чатырнаццаць нашых выхаванцаў уваходзяць у склад нацыянальных і зборных каманд.

У раёне будуецца шмат жылля. За мінулы год мы пабудавалі 11 104 квадратных метраў жылля, у тым ліку болей чым пяць тысяч квадратных метраў шматкватэрнага. Летась мы пабудавалі арэндны дом на 72 кватэры ў мікрараёне Чарняхоўскага, сёлета плануецца пабудаваць яшчэ тры. Асноўная наша задача — стварэнне камфортных і спрыяльных умоў для жыцця людзей. Нязменнымі застаюцца і прыярытэты рэгіянальнага развіцця — жыллё, камфортнае асяроддзе і дарогі. І мы над усім гэтым працуем.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.