Вы тут

Пра найлепшаю прадстаўніцу пакалення Таццяну Шамякіну


Умоўны круг, які павінен вызначаць нібыта далягляды і нібыта бязмежныя, з часам перастае ахопліваць тое, чым «далі» запаўняліся. Кожны гэта бачыць і ўспрымае, вядома, па-свойму. Але рэакцыі нашы маюць і нешта агульнае, у розных планах — напрыклад, пры параўнанні ранейшага кола сяброў, прыяцеляў і блізкіх калег з колам, якое ёсць на дадзены момант. Асабліва ў тым выпадку, калі ўвага засяроджваецца, свядома ці падсвядома, на сваім пакаленні. 


Таццяна Шамякіна. Фота Кастуся Дробава

Што да пакалення майго, то яно сфарміравалася ва ўмовах, калі законы быцця самі па сабе абумоўлівалі неабходнасць арыентавацца на папярэднікаў, якія зусім нядаўна перамаглі ў страшэннай вайне з фашызмам і годнасць якіх праверана была надзвычай жорсткімі выпрабаваннямі. Таму для нас — дзяцей пераможцаў! — цалкам заканамерна ў любых характарыстыках чалавека найважнейшай стала яго грамадзянская пазіцыя. І мы, адпаведна, свае жыццёвыя памкненні ўсё ж такі падпарадкоўвалі задачам быць годнымі бацькоў у пераемнасці ідэалаў, захоўваючы як мага больш трывалыя повязі між пакаленнямі. Вядома, энтузіязмам выяўляўся ў каго большы, у каго меншы, аднак абавязкі перад грамадствам, і патрэба сумленна выконваць іх прымалася намі не проста як ідэалагічная дэкларацыя, а як безальтэрнатыўна правільная жыццёвая ўстаноўка. 

Сэнс таго, што сфармулявалася абагулена, лепш за ўсё, бадай, павінен раскрыцца ў канкрэтызацыі, на жывым прыкладзе. А для гэтага якраз маем выдатную нагоду — юбілей Таццяны Іванаўны Шамякінай, якая наша пакаленне прадстаўляе найлепшым чынам. 

Непажадана, каб ужытая толькі што характарыстыка ўспрымалася проста як камлімент, да юбілею прымеркаваны, а па сутнасці дзяжурны. Таму прашу прыняць да ведама факты з прыватнага і цалкам асабістага вопыту, якія павінны мець пераканаўчасць нават для скептыкаў: у свой час «пад крыло» Таццяны Іванаўны як кіраўніцы спецсемінара (а гэта азначала, што і галоўнай апякункі на самыя важныя гады студэнцтва) я адправіў сына; тое самае запланаваў і для ўнука, ды, на жаль, семінары ў ранейшым фармаце перасталі існаваць… Не лішняй, здаецца, будзе і аб’ектыўная канстатацыя, што выкладчыцкія абавязкі на філфаку БДУ Таццяна Іванаўна як пачала паўстагоддзя таму, так і дагэтуль выконвае проста ўзорна, паводле самых высокіх універсальных прынцыпаў, а не зменлівых «стандартаў». Пры гэтым, варта падкрэсліць, нязменна спалучае выкладанне з выхаваннем. Якраз гэта ў эпоху «пост-» (рэальны змест якой выявіўся ў разбурэнні ўсяго традыцыйнага — і законаў педагогікі, і адносін да чалавека ўвогуле, і ўзаемаадносін між людзьмі) набыло асаблівую цану. Ужо таму, што для Таццяны Іванаўны не перасталі існаваць ідэалы і не страціў значнасці станоўчы вопыт папярэднікаў. І проста немагчыма ўявіць, каб да якой-небудзь справы з досыць шырокага кола выкладчыцкіх абавязкаў яна ставілася без нязменна ёй уласцівых памяркоўнасці і адказнасці ва ўсім. Тут, дарэчы будзе, здаецца, толькі што вычытанае мною — не такое ўжо і новае па сутнасці, але для нашай гаворкі важнае — меркаванне Паісія Святагорца: «Цяпер слоў і павучанняў правільных аж занадта, а ў той жа час бракуе пацвярджэнняў іх сваім прыкладам». Як ні круці, а сур’ёзны дакор перш за ўсё педагогам. Але ж, магу адказна засведчыць, не прафесару Шамякінай. І, пэўна ж, няма патрэбы тлумачыць, што асабісты прыклад мае асаблівае значэнне ў яе дзейнасці наогул і ў «вытворчых» кантактах са студэнтамі канкрэтна. А каб і гэтая заўвага мая не праляцела міма, дазволю сабе паразважаць наконт таго, якімі ў ідэале бачацца ўзаемаадносіны паміж намі, чый абавязак вучыць, і тымі, каму давялося ў нас вучыцца. Усім, хто пакаштаваў несалодкага выкладчыцкага хлеба, усё ж такі грэюць душу нагоды, калі станоўча адзначаецца той, пра каго ты можаш сказаць, што гэта твой былы студэнт, магістрант, аспірант; асаблівы гонар з’яўляецца, калі гаворка заходзіць пра падрыхтаваных намі кандыдатаў навук, дацэнтаў… Аднак ёсць тут адна далікатная акалічнасць, якой варта было б надаваць большае значэнне: усё ж такі важней, калі не мы пра гэта гаворым, а хтосьці сам сведчыць пра вучнёўства ў нас. А з гонарам прызнанне: «Я вучань/вучаніца Таццяны Іванаўны», — мне даводзіцца чуць неаднаразова; часцей чым пра каго б ні было з факультэцкіх і акадэмічных калег. 

У вялікім і аўтарытэтным калектыве Белдзяржуніверсітэта плённа працуе, зразумела, не адна яна. Між тым усё ж такі даецца ў знакі мера здзяйснення той жыццёвай устаноўкі, пра якую мы згадвалі. Пад уплывам «перабудовы», якая прадвызначыла бесперапынную рэформу ўсіх ступеняў адукацыі, статус універсітэцкага выкладчыка і яго абавязкі сталі ўспрымацца далёка не адназначна і, кажучы мякка, не зусім адэкватна, што прывяло да пэўнай дэзарыентацыі калег, асабліва малодшых. Адпаведна, цяпер ва ўсёй прафесарска-выкладчыцкай карпарацыі наўрад ці можна знайсці таго, хто б звязаныя з універсітэцкай адукацыі балючыя праблемы прымаў да сэрца так блізка, як Таццяна Іванаўна Шамякіна. Гэта ж, як-ніяк, прадугледжвае гатоўнасць і здольнасць змагацца за ідэалы… А таксама высокую ступень жыццёвай мудрасці, якая б дапамагала адрозніваць патрабаванні зменлівага часу абавязкова «трымацца прагрэсіўных тэндэнцый» ад патрэбы займацца рэальна важнымі справамі. Хіба ж усё, што мы назвалі і падразумяваем, можа з’явіцца само па сабе, калі няма трываласці грамадзянскай пазіцыі, якой забяспечваецца адпаведнае права на сваё меркаванне? Пра гэта згадваю таксама не дзеля прыгожага, але пустога, слоўца. Яскравай ілюстрацыяй да сказанага з’яўляюцца многія артыкулы Таццяны Іванаўны, з якіх, на мой погляд, асаблівае значэнне маюць тыя, што былі надрукаваны ў часопісе «Сацыялогія». Паказальна, што яны рэдакцыяй аўтарытэтнага выдання персанальна замаўляліся для рубрыкі «Дыскусіі». Бо ў такім выпадку зыходна чакалася не ўмоўная дыскусійнасць, дзеля формы, а прынцыповая крытыка шкодных з’яў і тэндэнцый, публічна выказвацца пра якія далёка не ўсе гатовы. Ну а гэтая аўтарка валодае здольнасцямі не толькі бескампрамісна палемізаваць, але і глыбока разважаць, выверана аналізаваць. Пераводзячы крыху на іншае, падкрэслю, што і на факультэце калегі не выпадкова да Таццяны Іванаўны звяртаюцца ў тых выпадках, калі пажадана атрымаць грунтоўнае экспертнае заключэнне, прафесійны разбор падрыхтаванага дапаможніка, разумную і карысную рэцэнзію на кнігу і да таго падобнае. Часам і многімі акалічнасцямі пацверджана, што натуры прафесара Шамякінай не ўласцівы абыякавасць, павярхоўнасць, а таксама ў рашэннях і дзеяннях паспешлівасць, якая для большасці з нас ужо стала нормай.

Таццяна Іванаўна — прафесіянал-славеснік рэдкага складу. Справа не толькі ў дыяпазоне яе інтарэсаў. хоць ён унушальна вялікі. Яшчэ ў маладыя гады яна сур’ёзна заявіла пра сябе ў літаратуразнаўстве і літаратурнай крытыцы, у мастацкім перакладзе і перакладазнаўстве. А з часам сцвердзілася як аўтарытэтны культуролаг, этнолаг, эстэтык, асаблівую ўвагу надаючы міфалогіі. Гэта, можна сказаць, уласна «шамякінская дзялянка», на якой ужо прыкметна пазначыліся выхады ва ўсе сумежныя сферы, а галоўнае, да гонару даследчыцы-руплівіцы, моцныя стымулы набыло асэнсаванне міфалогіі беларускай у сусветным кантэксце. У свой час я з задавальненнем прыняў прапанову напісаць уступнае слоўца да прысвечанай гэтым праблемам кнігі Таццяны Іванаўны. Паўтарацца няма сэнсу, але, безумоўна, варта яшчэ раз адзначыць, што яна заявіла пра сябе як прадаўжальніцу справы А. Багдановіча, У. Дабравольскага, М. Нікіфароўскага, А.Сержпутоўскага, П. Шпілеўскага, а пры гэтым па праве заняла пачэснае месца сярод сучасных знаўцаў беларускай фальклорнай і міфалагічнай спадчыны. Кнігі Т. І. Шамякінай, якія прызначаліся ў асноўным для студэнтаў, былі, на жаль, выходзілі сціплымі тыражамі, і сфера іх распаўсюджання была вузкай, хоць запатрабаванасць у такога роду працах ніяк не абмяжоўваецца ўніверсітэцкім асяроддзем. Слушна сцвярджаючы: «Міф гаворыць мовай знакаў, сімвалаў, архетыпаў», — аўтарка дапамагае ўсім зразумець гэтую мову. Вельмі істотна таксама, што аўтарка належным чынам вытлумачвае значнасць міфалагічнага мыслення як творчага, мастацкага і, адпаведна, а ў якасці найважнейшага аспекта даследавання бярэ прысутнасць міфалогіі ў айчыннай літаратуры. Пры гэтым філалагічны падыход у яе плённа спалучаецца з выкарыстаннем значных вынікаў развіцця эстэтыкі, этналогіі, гісторыі, псіхалогіі, семіётыкі… Так што немагчыма абмінуць яшчэ адзін момант: Т. І. Шамякіну вылучае надзвычай грунтоўная эрудыцыя. Згаданая прадмова да кнігі Т. І. Шамякінай па міфілогіі назвалася ў мяне так: «Да першадумак і першавобразаў». Цяпер хочацца ўдакладніць, што ў яе даследаваннях заўжды навідавоку імкненне дабірацца да першаснай, галоўнай сутнасці. 

Паколькі з Таццянай Іванаўнай мы абое і выпускнікі, і працаўнікі-ветэраны філалагічнага факультэта БДУ, я б мог сказаць, што знаёмству нашаму ўжо прыкметна больш за паўстагоддзя. Тут, праўда, мне варта асцерагчыся, бо яна студэнткай стала раней і тады, калі паступіў я, на малодшакурснікаў увагу звяртаць, пэўна ж, не мела патрэбы… А вось у мяне заўважыць яе прычыны былі, і досыць важкія. Перш за ўсё, натуральна, тое, што яна мела самае блізкае дачыненне да аўтара рамана «Сэрца на далоні», у дыспуце па якім я актыўна і захоплена ўдзельнічаў. Другое ж, таксама істотнае — яна ўваходзіла ў склад камісіі, якой мы, першакурснікі, здавалі залік, прычым не звычайны, а Ленінскі… Цяперашнім студэнтам тлумачыць, што маецца на ўвазе своеасаблівае мерапрыемства, прымеркаваная да стагодззя з дня нараджэння Леніна, бессэнсоўна. Выхаваныя ва ўмовах адмаўлення ўсяго савецкага, яны падобнае ўспрымаюць як неразумны, больш за тое, па прычыне заідэалагізаванасці адназначна шкодны рытуал. Шчыра кажучы, мы ў свой час таксама ставіліся да гэтага неадназначна, бо першасную рэакцыю выклікаў фармальны момант. З дыстанцыі часу, між тым, бачыцца і рэальна сутнаснае: такім чынам праводзілася атэстацыя, без якіх і цяпер не абыходзіцца; а мэта яе была ўсё ж такі значнай — стымуляваць маладых грамадзян, каб не забываліся пра вялікія мэты і высокія ўзоры; да таго ж здзяйснялі гэтую акцыю самі студэнты — зразумела, старшакурснікі, але па ўсіх паказчыках найлепшыя, што ўсе мы, дарэчы, прызнавалі. І вось у ліку такіх была Таццяна Шамякіна. Акрамя яе, прыгадваюцца яшчэ Ірына Меланніна і Уладзімір Ганчароў, якія, дарэчы, потым таксама годна заявілі пра сябе ў навуцы і педагагічнай дзейнасці.

Не магу не закрануць яшчэ адзін вельмі істотны аспект. Калі даводзіцца параўноўваць жыццё часоў маладосці з тым, што настала пазней, то абавязкова натыкаешся на пытанне пра сацыяльны статус і адносіны паміж прадстаўнікамі розных слаёў. Розніца, безумоўна, існавала і будзе існаваць. Істотна тое, як яна праяўляецца і наколькі адчуваецца. А да тэмы нашай гаворкі бліжэй за ўсё такі ракурс — ці дзеці прадстаўнікоў вышэйшых слаёў заўжды схільны да дэманстрацыі сваёй «вышэйшасці». У студэнцкім асяроддзі маіх часоў гэтага не назіралася. І як паказальны прыклад зноў жа згадваюцца паводзіны Таццяны Шамякінай, а таксама шэрагу іншы; прычым «зверхнасці» не выяўлялі яны ні тады, ні пазней. 

Між тым у многіх узнікае ўсё ж такі пытанне, як жа так, што з нашага пакалення выйшла эліта зусім не таго гарту, які прадугледжваўся. Найчасцей усё трактуецца так, нібыта пазней «верхні слой» узнік на прынцыпе спадчыны, якай перайшла непасрэдна ад эліты ранейшай. Абмяркоўваючы гэта з сябрам, мы прыйшлі да высновы, што такое тлумачэнне мае сэнс хіба што ў сувязі з нашчадкамі маскоўскіх кіраўнікоў-камуністаў, а беларусаў датычыцца мала. Іншая справа, што некаторыя нашы равеснікі, далучыўшыся да партыйна-кіраўнічага асяроддзя, адразу ж падхапілі заразнае ўсведамленне, быццам бы патрэбна клапаціцца пра светлую будучыню … для сябе і сваіх блізкіх. Вось у гэтых маштабах яны і будавалі камунізм. Таму гэтае будаўніцтва, некалі шырока абвешчанае, не патрабавала працягласці і вялікіх намаганняў. Чым яно завяршылася, нам вядома. Пры ўсім гэтым не варта вінаваціць усіх запар, бо нямала ж і тых, хто служыў высокім ідэям шчыра і сумленна. Да таго ж, слава Богу, ёсць і тыя, хто працягвае служыць. 

Розных думак у сувязі з лёсам нашага пакалення ўзнікае, канешне ж, многа. Але, завяршаючы свае развагі, не магу абысціся без уласцівай узросту рэфлексіі: здаецца, толькі што мы з захапленнем выязджалі на кірмаш; ён, праўда, аказаўся і тлумным, і не без падманаў у адносінах да нас; ды азірнуцца не паспелі, як надышла пара вяртацца… 

Таму ўжо істотна толькі тое, каб у адчуваннях нашых было як найменей горычы. Наколькі я ведаю дарагую Таццяну Іванаўну, памяркоўнасці і ўраўнаважанасці яна не страчвае. Дык няхай гэта захоўваецца, а ўсе надзеі і жаданні здзяйсняюцца!

Іван ЧАРОТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.