Вы тут

Святлана Ананьева: Кожная культура — гэта акно ў свет


Апошнім часам зроблена шмат для наладжвання літаратурных сувязяў паміж Беларуссю і Казахстанам. У Беларусі выдаюцца кнігі казахскіх пісьменнікаў на беларускай і рускай мовах. У Алматы пабачыў свет унікальны альманах «Казахстан-Беларусь». Літаратуразнаўцы і пісьменнікі вядуць сумесныя даследаванні, дзеляцца сваімі напрацоўкамі на канферэнцыях, сімпозіумах, круглых сталах, якія праводзяцца ў нашай краіне. Так, у верасні адразу ў некалькіх круглых сталах узяла ўдзел загадчыца аддзела міжнародных сувязяў сусветнай літаратуры Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Ауэзава, член Праўлення Саюза пісьменнікаў Казахстана, Асамблеі народа Казахстана, кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева. Мне давялося пагаварыць з ёй пра тое, як ствараецца агульная культурная прастора, якія тэмы важныя для сучасных пісьменнікаў і як літаратурныя сувязі змяняюць свет. А пачаць нашу размову вырашылі з няпростага пытання аб ролі і будучыні літаратуры. 


— Цяпер вядуцца дыскусіі на тэму: ці заменіць электронная кніга папяровую. Я глыбока ўпэўнена, што традыцыйная кніга застанецца. Менавіта папяровая кніга перадае і культурны код нацыі, і ўсе духоўныя багацці, назапашаныя папярэднімі пакаленнямі, захоўвае сувязь са скарбонкай народнай мудрасці — фальклорам. Літаральна, за апошнія два гады ў Маскве пабачылі свет кнігі нашых вядомых фалькларыстаў «Жывая вада быцця» Сеіта Каскабасава і «Сямейны фальклор» Кенжахана Матыжанава. Абодва выданні экспанаваліся з вялікім поспехам у Маскве на Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Складаючы праграму вучэбнага курса «Гісторыя літаратур СНД» для Казахскага нацыянальнага ўніверсітэта імя аль-Фарабі, я асаблівую ўвагу надавала пераемнасці літаратуры ХХ — першай чвэрці ХХІ стагоддзяў, таму што кожная нацыянальная літаратура схіляецца да незалежнасці, імкнецца захаваць усё лепшае, што ёсць у ёй, і развіваць далей закладзеныя традыцыі. Літаратура абапіраецца на дасягнутае паэтамі, пісьменнікамі, публіцыстамі, драматургамі, перакладчыкамі, якія пісалі ў ХХ, ХІХ, ХVIII cтагоддзях. Звяртаючыся да творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Абая Кунанбаева і Мухтара Ауэзава, мы бачым іх традыцыі ў сучасным літаратурным працэсе. 

Зразумець, што мы дасягнулі, а што страцілі, ад чаго адышлі і да чаго прыйшлі, — безумоўна, вельмі важна. Імпануе выказванне галоўнага рэдактара выдавецтва «Художественная литература», расійскага пісьменіка Георгія Прахіна, вялікага сябра казахскай літаратуры і частага госця і на сімпозіуме літаратараў, і на Днях беларускага пісьменства. Падчас правядзення першага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час» ён заўважыў, што ніхто і ніколі не адмяняў выхаваўчую ролю мастацкай літаратуры. Гэта мы асабліва адчуваем сёння, калі рушыцца свет, адбываюцца гіганцкія, тыктанічныя зрухі ў палітыцы, грамадстве. Каму, як не майстрам мастацкага слова, трэба гаварыць ва ўвесь голас пра мір, пра здабыткі нацыянальнай літаратуры маладым аўтарам і, канешне, чытачам.

Не магу не ўзгадаць і выказванне на адной з прэзентацый у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Казахстан патрыярха казахскай літаратуры Абдзіжаміла Нурпеісава, які не так даўно пайшоў з жыцця, наконт таго, што кожнае дакрананне да кнігі — гэта напаўненне новымі сэнсамі. Пяць, дзесяць гадоў таму, напрыклад, мы маглі не звярнуць увагу на штосьці важнае, а пры перачытанні іншыя, важныя канцэпты выходзяць на першы план. Гэтым і цікавая як класіка, так і сучасная мастацкая літаратура. 

Глыбока ўпэўнена, што літаратура павінна быць, таму шта менавіта яна кансалідуе нашы сілы і ў плане гуманітарнага супрацоўніцтва, і ў плане ўздзеяння мастацкага вобраза, у выхаванні і адукацыі, уплывае на душы і сэрцы. Ніводны матэматык, фізік, прадстаўнік дакладных навук не адбудзецца, калі ён не будзе ўмець канкрэтна і ясна выказваць свае думкі. А гэтаму як раз і вучыць мастацкая літаратура.

— Многія пісьменнікі, як беларускія, так і казахскія, былі перакладчыкамі. Ці магчыма прасачыць, як такі від дзейнасці ўплываў на іх творчасць, а, магчыма, і на лёс?

— Вялікі казахскі паэт, мысліўца, філосаф Абай Кунабаеў, паэт Шакарым Кудайбердыеў, удзельнікі руху Алаш — вядомыя вучоныя, лінгвіст, літаратуразнаўца Ахмет Байтурсынаў, педагог, паэт, вучань Валерыя Брусава Магжан Жумабаеў, нацыянальны гонар паэт і дзяржаўны дзеяч Сакен Сейфулін, паэт, драматург, празаік Ільяс Жансугураў засталіся ў гісторыі казахскай літаратуры як і выдатныя перакладчыкі. Класічныя пераклады твораў Шэкспіра і Льва Талстога, іншых аўтараў на казахскую мову здзейсніў класік казахскай і сусветнай літаратуры Мухтар Ауэзаў. 

Наш вядомы пісьменнік Герольд Бельгер пісаў на трох мовах: нямецкай, казахскай і рускай. Дзіцём разам з сям’ёй як этнічны немец ён быў дэпартаваны ў Казахстан. Скончыў школу ў ауле. Казахская мова стала для яго такой жа роднай, як нямецкая і руская. Абдзіжаміл Нурпеісаў далучыў маладога педагога да галіны мастацкага перакладу. Пасля паспяховага завяршэння навучання ў аспірантуры найстарэйшай ВНУ краіны — Казахскага педагагічнага ўніверсітэта імя Абая (цяпер Казахскага нацыянальнага педагагічнага універсітэта імя Абая), Герольд Карлавіч пачаў перакладаць апавяданні, раманы, а пасля сам стаў цудоўным пісьменнікам, тэарэтыкам літаратуры ў галіне мастацкага перакладу.

— У Беларусі можна знайсці шмат перакладной літаратуры з Захада, а літаратуры з Усходу пакуль мала. Ці можа прычынай таму быць, у тым ліку, і дэфіцыт перакладчыкаў? 

— Сапраўды, перакладчыкаў не хапае. У Савецкім Саюзе яны рыхтаваліся на дзяржаўным узроўні. У нас пры Саюзе пісьменнікаў была секцыя мастацкага перакладу, якую ўзначальваў Мурат Ауэзаў. Сёння яе, на жаль, у Казахстане няма. Але функцыянуе Савет па рускай літаратуры і мастацкім перакладзе, створаны Саюз перакладчыкаў, які ўзначальвае паэт, перакладчык, які не так даўно быў галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага часопіса «Простор», Кайрат Бакбергенаў. Паспяхова функцыянуе Нацыянальнае бюро перакладаў пад кіраўніцтвам Рауана Кенжэханулы. У рамках рэалізацыі праекта «Культура ў глабальным свеце» Нацыянальным бюро перакладаў перакладзеныя і прэзентаваныя Анталогіі казахскай прозы і паэзіі на шасці мовах ААН, перакладаюцца на казахскую мову лепшыя падручнікі вядомых аўтараў свету.

Многа зроблена для складання новай анталогіі «Незалежны Казахстан: Анталогія сучаснай літаратуры», выдадзенай у 4-х тамах, у Маскве выдавецтвам «Художественная Литература».

У серыі «Класіка літаратур СНД» пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонда гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД пабачылі свет два тамы фальклора і літаратурных помнікаў Казахстана «Ліецца песня пад домбру» і «Небасхіл над маёй галавой» з уступнымі артыкуламі акадэміка НАН РК Сеіта Каскабасава. Многія паэмы, эпасы, вершы сярэднявечных паэтаў былі перакладзеныя наноў.

У серыі «Класіка літаратур СНД» выйшаў том «Чароўная жалейка. Фальклор і літаратурныя помнікі Беларусі», які ўключае беларускія народныя казкі, тэксты ХI-XX ст. і мастацкія творы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Прадмову «Шлях дыялогу і стварэння» напісалі Валерый Максімовіч і Іван Саверчанка.

Кнігі серыі «Класіка літаратур СНД» перададзены ў Нацыянальныя бібліятэкі краін СНД і дальняга замежжа. На жаль, гэта работа пакуль носіць эпізадычны характар. У апошнія гады пайшлі з жыцця людзі, якім падабалася займацца перакладамі, якія ўкладалі ў гэта душу. Напрыклад, Францыска Скарыну на казахскую мову пераклаў наш вядомы паэт-песеннік Шомішбай Сарыеў. Многа на казахскую мову перакладаў Амантай Ахетаў — паэт, пісьменнік, выдавец. Гэта асобы, якім пераклад быў важны і для ўласнай творчасці, і як знаёмства адной літаратуры з другой.

— Што страчвае сучасны чытач, калі не мае доступу да літаратуры Усходу? 

— Мы хочам ведаць пра свет як мага болей. Сваім студэнтам, магістрантам, дактарантам я гавару пра шматколернасць культур, літаратур. Так важны былі дэкады, прысвечаныя літаратурам іншых краін. Пісьменнік, перакладчык, даследчык, крытык, выдавец, чытач уздымаюцца на новую прыступку, калі чытаюць перакладную літаратуру і калі перакладная літаратура становіцца фактам іх роднай літаратуры. Але мы заўважылі (у складзе дэлегацый ад Казахстана, якія прымалі ўдзел у сімпозіуме «Пісьменнік і час», былі дырэктар Інстытута, член-карэспандэнт НАН РК Кенжахан Матыжанаў, галоўны навуковы супрацоўнік, доктар філалагічных навук Нурдаулет Акыш, паэты Бахытжан Канап’янаў і Любоў Шашкова, дырэктар Дома-музея М. А. Ауэзава Дыяр Кунаеў і іншыя), што літаратура краін Усходу заўсёды добра прадстаўлена на Мінскіх Міжнародных выставах-кірмашах. Гэта вялікі плюс у галіне кнігавыдання і супрацоўніцтва.

— Успрыманне арыгіналаў і перакладаў можа быць розным?

— Кожны перакладчык па-свойму ўспрымае нават класічны тэкст. Стэпавым пабрацімам Гётэ і ЛьваТалстога, «казахскім Гётэ» называюць Абая Кунанбаева, сімвал казахскай літаратуры. Клічуць духоўным бацькам цюрскіх народаў. Паэтычнаму генію Абая былі падуладныя тонкі лірызм і спавядальнасць Міхаіла Лермантава, драматызм, гратэск і сатыра Івана Крылова, элегічнасць Якава Палонскага і Адама Міцкевіча. Абай паэтычна пераказваў паэмы Нізамі і Саадзі, пазнаёміў казахскага чытача з раманамі Фенімора Купера і раманам у вершах «Яўген Анегін» Аляксандра Пушкіна.

Класіка ў ХХІ стагоддзі з’яўляецца па-ранейшаму арыенцірам для развіцця сучаснай славеснасці, а ўспрыманне арыгінала і перакладзенага тэксту ў многім залежыць як ад узроўню перакладчыка, так і ад кругагляду чытача.

— Кожны народ у сваёй культуры імкнецца перадаць сваё бачанне свету, знайсці адказы на пытанні, як і для чаго жыць. Што цікава, на адны і тыя ж пытанні людзі ў розных краінах могуць адказваць па-рознаму…

— Кожная культура — гэта акно ў свет. Сёння мы імкнёмся, каб казахскую літаратуру перакладалі на еўрапейскія мовы з арыгінала, а не з ужо зробленых перакладаў на рускую мову. Я называла Нацыянальнае бюро перакладаў. Многія творы казахскіх аўтараў на іспанскую, англійскую, кітайскую ды іншыя мовы перакладаліся непасрэдна з казахскага. Мы лічым, што гэта новы вопыт, які ўзбагаціць нашы краіны, культуры, літаратуры, дазволіць зразумець, як казахскі пісьменнік успрымаў свет, што хацеў сказаць пра сваю Радзіму. Адно з выданняў аддзела міжнародных сувязяў і сусветнай літаратуры Інстытута літаратуры і мастацтва М. А. Ауэзава — хрэстаматыя ў 2-х тамах «Казахстан у маім лёсе». Многія аўтары з розных краін свету захоўваюць памяць аб Казахстане. Напрыклад, Пауло Каэльё ўключыў у тэкст рамана «Заір» паданні казахскага народа, расказаў, як успрыняў стэп, як яго героі ўражаны непаўторнымі пейзажамі, горнымі і стэпавымі. Салідна прадстаўлена ў хрэстаматыі і творчасць беларускіх паэтаў і празаікаў, як і ў навуковым зборніку «Літаратура Казахстана ў замежных крыніцах». 

Важна чуць і чытаць людзей, якія родам з Казахстана, але доўгія гады жывуць за мяжой. Так, Аляксандр Шмідт родам з Семіпалацінскай вобласці, ужо многа гадоў жыве ў Германіі. У паэтычным зборніку «Здесь и там» «здесь» у яго — гэта Казахстан, а «там» — Германія. Люблю канцэпты радзімы, перасячэння культур, памежжа. Дарэчы, самыя цікавыя творы цяпер ствараюцца на мяжы жанра, на мяжы еўрапейскага ўспрымання. Валерый Міхайлаў, які жыве ў Алматы, напісаў «Хроніку Вялікага джута» аб галадаморы ў Казахстане, а пасля звярнуўся да раманаў-эсэ і напісаў пра Міхаіла Лермантава, Яўгена Баратынскага, Мікалая Забалоцкага.

Для магістрантаў Атыраўскага ўніверсітэта імя Халела Дасмухамедава мы з загадчыцай кафедры рускай філалогіі Узім Джумагаліевай распрацавалі новы курс «Феномен культурнага памежжа (на матэрыяле рускамоўнай літаратуры краін СНД). Пры вывучэнні курса мы плануем выбудаваць карціну развіцця сучаснай прозы рускіх пісьменнікаў краін СНД з экскурсам у гісторыю развіцця еўразійскіх матываў і ў кантэксце паступальнага руху і эвалюцыі нацыянальных літаратур; вывучыць стыль і паэтыку мастацкіх твораў пісьменнікаў розных краін.

Цудоўным чынам усё звязана ў літаратуры, у свеце слова, у філасофіі. Безумоўна, без космасу казахскай літаратуры, гэтак жа як і без космасу беларускай, сусветная літаратура будзе прадстаўлена не ў поўнай меры. Таму мы і праводзім у Рэспубліканскім доме сяброўства ў Алматы, у Інстытуце, у бібліятэках прэзентацыі новых кніг, гаворым пра казахска-беларускае літаратурнае супрацоўніцтва.

— А як звязаны беларуская і казахская літаратуры?

— У нас шмат тэм, перасячэнняў. Пісьменнікі-франтавікі ваявалі ў Беларусі. Сярод іх — Адзі Шарыпаў. Ён быў міністрам асветы і міністрам замежных спраў Казахскай ССР, шмат гадоў узначальваў наш інстытут. У гады вайны быў камісарам партызанскага атрада на Магілёўшчыне. Адзі Шарыпавіч пісаў, што ў яго дзве радзімы, два крылы — Казахстан і Беларусь. Ён часта прыязджаў у Беларусь. У адной са сваіх лепшых аповесцяў «Памяць» удзельнік Вялікай Айчыннай вайны расказвае, як едзе ў Магілёў, на сустрэчу партызан і ў дарозе сустракае маладых людзей, якія хочуць даведацца пра лёс бацькі, што ў гады вайны прапаў без вестак. Канцэпт памяці важны: у жыцці, у творчасці, у лёсах.

Вячаслаў Рагойша перакладае вершы Сагінгалі Сеітава — таксама ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, які доўгія гады працаваў у аддзеле ўзаемасувязяў літаратур нашага Інстытута. Вызваляў Беларусь і наш былы намеснік дырэктара па навуцы, доктар філалагічных навук Бісенгалі Наурызбаеў. У шпіталі ў Гомелі пасля цяжкага ранення праходзіў курс лячэння пачынальнік жанра дэтэктыву ў казахскай літаратуры Кемель Такаеў, бацька нашага Прэзідэнта. Такія кроўныя сувязі братэрства ўплываюць і на сучасны літаратурны працэс. Сувязі нас узбагачаюць. Мы ўдзячны Міколе Мятліцкаму, які ўпершыню пераклаў Абая на беларускую мову. Дзякуючы гэтаму перакладу Абай, па меркаванні старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча, «Ідзе ў шырокую еўрапейскую прастору». Нас звязвае сяброўства з Міхаілам Пазняковым, перакладчыкам рамана-эпапеі Мухтара Ауэзава «Шлях Абая». Друкуем у нашых навуковых зборніках спецыяльна напісаныя беларускімі перакладчыкамі тэксты, якія раскрываюць іх творчую лабараторыю мастацкага пераклада. Пісьменніцкія кантакты даюць новае жыццё перакладным творам. Дзякуючы ім Казахстан уваходзіць у творчасць беларускіх аўтараў, а Беларусь — у творчасць казахскіх.

— Мы ведаем, наколькі шырокімі былі пісьменніцкія кантакты ў савецкі час. Новыя рэаліі паўплывалі на сучасную літаратурную дзейнасць?

— Мы шукаем новыя формы. Спрабуем адрадзіць справу мастацкага перакладу, вывесці на новы ўзровень. Мы выдалі ў выдавецкім доме «Жыбек жолы» першы літаратурны альманах «Казахстан-Беларусь» і вельмі гэтым ганарымся, у ім шмат новых перакладаў, ёсць спецыяльны літаратуразнаўчы раздзел. Практычна гатовы матэрыял для другога альманаха. Будзем спадзявацца, што кожная сустрэча, выступленне на міжнародных канферэнцыях, круглых сталах збліжаюць нашы літаратуры, не даюць забыць адзін пра аднаго.

— Праз літаратуру напэўна могуць актывізавацца сувязі і ў іншых сферах?

— Безумоўна. Напрыклад, у тэатральным мастацтве, харэаграфіі. Многія беларускія тэатразнаўцы, харэографы, кампазітары з’яўляюцца членамі саветаў па абароне дысертацый у нас у Казахстане. Асабістыя кантакты дазваляюць гаварыць аб адраджэнні агульнага гуманітарнага поля і гуманітарнага супрацоўніцтва. З’яўляюцца новыя перакладныя выданні, анталогіі і альманахі. Варта сказаць пра кніжную серыю Выдавецкага дома «Звязда» «Сугучча сэрцаў». Важную ролю ў справе знаёмства нашых літаратур і культур іграў Інтэрнэт-партал, прысвечаны літаратуры краін СНД, які функцыянаваў на базе Выдавецкага дома «Звязда» з 2013 года. Канешне, патрэбныя розныя фарматы, у першую чаргу, гэта будуць папяровыя кнігі, але сёння важныя і інтэрнэт-парталы, інтэрнэт-старонкі, рубрыкі ў часопісах.

— У пасляваенныя гады многія беларускія пісьменнікі прысвячалі свае творы саюзным рэспублікам. Вы пагодзіцеся, што менавіта пісьменнік на ўзроўні пачуццяў можа перадаць прыгажосць краіны і глыбіню культуры?

— Можна ўзгадаць цалінныя дзённікі, напісаныя па выніках паездак маладых беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў, журналістаў на нашы землі. На жаль, мы крыху забыліся пра такую тэматыку, сышлі ў другую, хаця гэта вельмі цікава, калі пісьменнік піша пра іншую краіну, добра ведае яе гісторыю, культуру, сучасны стан. Хто, як не майстар мастацкага слова, можа расказаць пра гэты свет? 

— Якія тэмы падкідае наш час, і пра што павінны гаварыць, але магчыма, пакуль мала пішуць пісьменнікі Беларусі і Казахстана?

— Для Казахстана гэта тэма аула. Яна актуальная, паколькі працягваецца адток насельніцтва ў вялікія гарады. Калі Леа Кошут перакладаў на нямецкую мову вершы Абая, раіўся з Герольдам Бекерам, як перадаць сучаснаму нямецкаму чытачу, што такое аул. Гэта не вёска, не маленькі горад, не сяло, не мястэчка. Гэта асаблівы склад душы. У маленькім ауле ўсе адзін пра аднаго ведаюць, дзеці выхоўваюцца ў асаблівай атмасферы. Там захоўваюць памяць пра свой род, продкаў на працягу некалькіх пакаленняў. Гэта дазваляе перадаць самае лепшае, што было назапашана і ў фальклоры, і ў гісторыі, гонар за сваіх слаўных продкаў, правадыроў, ваяроў, што адстойвалі незалежнасць казахскага стэпу. У нас трохмоўе, моладзь арыентуецца на Захад і Усход, выбірае Еўропу, Кітай, Турцыю. На жаль, адбываецца адток адукаваных людзей за мяжу. Гэта трэба спыніць, і тут узрастае выхаваўчая роля культуры і літаратуры. Мы перакладаем лепшыя падручнікі свету на казахскую мову, каб ужо ў школе і тым больш ва ўніверсітэтах хлопцы і дзяўчаты атрымалі магчымасць чытаць лепшыя работы чалавечай думкі: філосафаў, педагогаў, вучоных. Раскрываем перад маладымі людзьмі далягляды. Важна, каб яны разумелі, што кожны з іх запатрабаваны на сваёй зямлі.

Актуальных тэм для літаратурнай творчасці шмат. Сярод іх — глабалізацыя. З аднаго боку, яна ўніфікуе народы, з другога — абуджае імкненне захаваць сваю культуру. 

У нас у Казахстане ўнікальная літаратурная прастора, дзе прысутнічаюць творы прадстаўнікоў розных этнасаў. Сем’і многіх з іх былі дэпартаваныя сюды, хтосьці ўжо нарадзіўся ў Казахстане. Ствараюцца цудоўныя творы аб удзячнасці казахскаму народу. Напрыклад, драматург і сцэнарыст Лаўрэнцій Сон з сям’і карэйцаў, пераселеных з Далёкага Усходу, у драме «Памяць» расказвае пра трагічныя дні.

Асенняй ноччу 1937 года ў стэпу спыняецца грузавік. Гучаць бязладныя рэплікі на рускай і карэйскай мовах. Кіроўца грузавіка спрабуе наставіць на розум міліцыянера: «Памруць яны ўсе тут... Не магу я больш...» Але вартавы парадку непахісны: «Пад трыбунал мяне хочаш падвесці?..» У голым стэпу мужчыны садзіліся ў кола, а ў цэнтр змяшчалі жанчын і дзяцей, каб хоць неяк схаваць ад холаду. Адзін з жыхароў аула, які ўбачыў, як «шавеліцца» ранкам стэп, рызыкуючы быць арыштаваным, збірае для людзей, што было ў яго дома (ежу, цёплыя рэчы, рыдлёўкі, каб людзі маглі вырыць зямлянкі).

Казахскі стэп стаў новым домам для перасяленцаў. Не выжыць ім без сяброўскай рукі казахскага народа.

У нашых народаў многа агульнага ў менталітэце, адкрытасці, сардэчнасці, жаданні дапамагчы. Безумоўна, тэмамі для новых мастацкіх твораў павінны стаць маральныя і духоўныя каштоўнасці, якія неабходна захаваць, перадаць маладому пакаленню, каб яны ведалі, што такое сяброўства народаў, сяброўства літаратур. У гэтым надзвычай важная роля пісьменніка, грамадскага дзеяча, педагога. Літаратура не толькі захоўвае традыцыі і памяць пра мінулае, але і ўзвышае, заклікае, раскрывае лепшыя чалавечыя пачуцці і якасці. Мастацкая літаратура валодае асаблівым уздзеяннем на чытача, на перакладчыка, на прадстаўніка другой культуры.

У Мінску на вуліцы Мухтара Ауэзава знаходзіцца школа імя нашага пісьменніка. Яе кіраўніцтва ўдзяляе вялікую ўвагу сяброству школьнікаў дзвюх краін. Вучні з Мінска па запрашэнні ў той час рэктара Усходне-Казахскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя С. Аманжолава Бейбута Мамраева пабывалі ў Семее, на радзіме Абая і Мухтара Ауэзава, у Астане і Усць-Каменагорску. Дзеці пішуць сачыненні па творах Мухтара Ауэзава, ведаюць казахскую літаратуру.

— Інакш можна сказаць, што літаратура — адзін з інструментаў развіцця сувязяў паміж народамі, абуджэння цікавасці і жадання ўзаемадзейнічаць, сустракацца, ключ да добрасуседства і міру?

— Безумоўна, таму кніжная серыя Выдавецкага дома «Звязда», прысвечаная літаратуры краін СНД, і называецца «Сугучча сэрцаў». Мы шчыра ўдзячныя беларускім пісьменнікам, паэтам, літаратуразнаўцам, выдаўцам, журналістам за супрацоўніцтва, у якім мастацкая літаратура выступае як асаблівы шлях, шлях адзін да аднаго. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.