Вы тут

Адбылася сустрэча студэнтаў з Андрэем Каралём


Сустрэча студэнтаў з Андрэем Каралём адбылася на філалагічным факультэце. Змест пытанняў, якія ўзнімаліся падчас дыялогу, паказаў неабыякавасць моладзі да грамадска-палітычнага жыцця краіны, змяненняў, якія адбываюцца пад ціскам інфармацыйных тэхналогій, іх шырокі кругагляд, эрудзіраванасць і веданне сусветнай і айчыннай культуры.


Удзел у выбарчай кампаніі — грамадска важнае рашэнне кожнага неабыякавага да лёсу сваёй краіны чалавека, магчымасць ўплываць на сваю будучыню. Важна, як падкрэсліў рэктар, асэнсавана падыходзіць да гэтай тэмы, бачыць і шанаваць цяперашнія здабыткі нашай дзяржавы, каб у далейшым захаваць іх і прымножыць. Адказваючы на складанае пытанне наконт суадносін свабоды пры абавязковым галасаванні на прыкладзе некаторых краін, рэктар прапанаваў студэнтам паразважаць. Сёння, паводле яго слоў, паняццяў «свабода», роўна як і «культура», больш за 200, і важна ўлічваць, пад якім вуглом іх разглядаць. Тут, паводле думкі рэктара, вельмі важныя дэфініцыі і адказы на пытанні: «Што ёсць добра, а што дрэнна?», «Дзе адпраўная кропка і агульны назоўнік?».

«У кожнага народа, краіны ёсць свой культурна-гістарычны код, традыцыі, міфалогія, рэлігія, лад жыцця і каштоўнасці. Свет занадта разнастайны і глыбокі. Іншымі словамі, датычна свабоды ёсць свой пункт адліку ў чалавека заходняга і ўсходняга. Таму нельга аднолькава вымяраць гэтае паняцце адносна розных грамадстваў», — аргументаваў сваю пазіцыю рэктар.

Працягнулася размова серыяй інтэлектуальных пытанняў. Студэнтаў цікавілі выбар паміж уяўленнем і ўменнем, як змагацца са стэрэатыпамі, ці можа чужая думка стаць сваёй, што такое пошук і чаму навука — гэта мастацтва. На апошняе пытанне рэктар адказаў, што гэтыя сферы падобныя ў тым, што ў мастацтве, як і ў навуцы, заўсёды ёсць выхад за рамкі. Гэта заўсёды вядзе да новага аўтарскага бачання сітуацыі.

На адным з самых чытаючых факультэтаў універсітэта не абышлося без пытанняў аб кнігах. Будучых філолагаў цікавілі чытацкія перавагі рэктара, яго рэкамендацыі кніг у галіне прыродазнаўчага профілю для гуманітарыяў. Дарэчы, «Дао фізікі» Фрыцьёфа Капра згадвалася ў ліку аўтарытэтных навукова-папулярных кніг, якая значна пашырае кругагляд у многіх галінах. Адказваючы на пытанне, якое значэнне маюць беларуская і руская мовы, рэктар падкрэсліў, што гэта ў першую чаргу дзяржаўныя мовы, якія складаюць спадчыну продкаў: «Мова — адлюстраванне светапогляду чалавека, які спалучае ў сабе розныя духоўныя і культурныя сэнсы».

Закранутыя былі таксама тэмы сучасных каштоўнасцей, перавагі і недахопы сучаснасці. На думку рэктара, чалавек, незалежна ад часу, вельмі шматгранны, ён можа здзяйсняць шмат як станоўчых, так і адмоўных учынкаў. «Таму я ацэньваю людзей па факце іх дзеянняў. А хвалюе тое, што мяняюцца многія каштоўнасці ў свеце, які перабудоўваецца», — канстатаваў рэктар.

У абмеркаванні тэм, якія ўзнімаліся, актыўна ўдзельнічалі студэнты. Для другакурсніцы Аляксандры Карпусенкі сустрэча з рэктарам прайшла прадуктыўна, пазнавальна і цікава. «Абмяркоўвалі ўсё: ад бытавых пытанняў да высокіх матэрый. Хацелася б яшчэ паразмаўляць. Таму што тыя думкі, да якіх я прыйшла па выніку гэтага дыялогу, мне сапраўды дапамогуць у будучыні, асабліва ў прафесійнай дзейнасці», — паведаміла дзяўчына.

Вынікі ад сустрэчы перасягнулі ўсе чаканні другакурсніка Фёдара Неўпакоева. «Рэктар — вельмі сучасны, пазітыўны чалавек, заўсёды гатовы ісці на кантакт, абмяркоўваць любыя пытанні незалежна ад складанасці і псіхаэмацыйнай нагрузкі», — падзяліўся сваімі ўражаннямі хлопец.

Нагадаем, цяперашняя сустрэча прайшла ў рамках праекта «Дыялог рэктара са студэнтамі», які накіраваны на стварэнне безбар’ернага асяроддзя ў зносінах моладзі і кіраўніцтва БДУ. У час гутаркі абмяркоўваюцца шматлікія пытанні, якія закранаюць палітыку, сацыяльнае, грамадскае жыццё краіны, кіраванне ВНУ, адукацыйны працэс, побыт, пражыванне студэнтаў у інтэрнатах і іншыя.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.